У аграгарадку Абухава Гродзенскага раёна ўрачыстае мерапрыемства аб’яднала ганаровых гасцей і энергічную моладзь, адзначыўшы сабой яркі пачатак яшчэ аднаго этапу ўборачнага сезона, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Беларускі народ спрадвеку славіўся адзінствам і працавітасцю. Ад малога да вялікага, талакой, мы заўсёды рабілі агульную справу, у тым ліку на палях і ў садах. Праект «Сад надзеі» напоўнены не толькі глыбокім аб’яднальным сэнсам. Яблыневы цвет — сімвал жыцця і непахіснай веры ў светлую будучыню, — звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Беларусі Віктар Доўнар.

Ён таксама адзначыў, што акцыя «Сад надзеі» — гэта магчымасць прывіць маладому пакаленню любоў да працы і роднай зямлі. Рэспубліканскі праект, ініцыіраваны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, паспяхова рэалізуецца з 2015 г. Ён накіраваны на пашырэнне геаграфіі пладовых садоў і далучэнне да плённай дзейнасці максімальнай колькасці моладзі.

Вясной дзеці прымаюць актыўны ўдзел у пасадцы і аздараўленні пладовых і ягадных насаджэнняў. Восенню іх намаганні накіраваны на збор ураджаю. За дзесяць гадоў у розных кутках краіны расцвілі і прынеслі свае плады сотні маладых дрэў яблыні, грушы, абрыкоса і вішні. Больш за дзве тысячы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны сёння могуць пахваліцца дагледжанымі садамі на прышкольных тэрыторыях. Акрамя таго, навучэнцы ў рамках праекта аказваюць дапамогу аграрыям — даглядаюць насаджэнні і збіраюць ураджай.
У Гродзенскай вобласці за кожнай установай адукацыі замацаваны сады і ўчасткі сельскагаспадарчых арганізацый. У многіх школах і гімназіях ёсць вучэбна-доследныя ўчасткі, дзе школьнікі і педагогі сумесна закладваюць сады.
Падчас святочнага мерапрыемства ў Абухаве не раз гучалі словы пра яшчэ адну важную сутнасць рэспубліканскага праекта: у Беларусі бутаньерка з яблыневым цветам стала сімвалам глыбокай падзякі героям Вялікай Айчыннай вайны і бязмернай павагі да іх подзвігу, сімвалам, які з’яднаў народ у імкненні захаваць гістарычную памяць. Гэта не проста традыцыя, гэта жывы дыялог пакаленняў і маўклівае «памятаем», якое перадаецца ад сэрца да сэрца.

Адным з момантаў святочнай праграмы стала перадача сімвала праекта ад Мінскай вобласці, дзе ў мінулым годзе стартавала акцыя па зборы шчодрага ўраджаю, Гродзенскай. Статуэтку ў выглядзе яблыні першаму намесніку начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіне Курганскай уручыла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Соф’я Філістовіч.

Адразу пасля ўрачыстага адкрыцця ўдзельнікі адправіліся ў сад СВК імя І.П. Сянько. Там яны азнаёміліся з сучаснымі тэхналогіямі збору і сартавання яблыкаў у перадавой гаспадарцы, якая носіць імя Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Ільі Пятровіча Сянько.

— З вялікім задавальненнем прымаю ўдзел у зборы яблыкаў не першы год. Гэта вельмі нялёгкая праца, якая патрабуе цярпення. Але ў той жа час гэта выдатная магчымасць далучыцца да карыснай справы, — падзялілася дзесяцікласніца сярэдняй школы № 3 імя Я.М. Шаўчэнкі ў Скідзелі Марыя Быль.
Школьнікі і навучэнцы каледжаў, прадстаўнікі педагагічных калектываў, а таксама Міністэрства адукацыі і рэгіянальных упраўленняў адукацыі — усяго каля 200 чалавек — унеслі свой уклад у значную агульнарэспубліканскую ініцыятыву. Немалаважна, што ў акцыі быў і дабрачынны складнік: частка сабранага ў СВК імя І.П. Сянько ўраджаю будзе перададзена дому сямейнага тыпу ў Скідзелі.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара











