У Мінскай вобласці з 1 верасня на новыя прынцыпы арганізацыі харчавання навучэнцаў перайшлі 411 школ — 82,5% ад агульнай колькасці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Астатнія ўстановы адукацыі далучацца да сістэмы паэтапна — з 1 студзеня і з 1 красавіка 2024 года.
У ліку тых, хто далучыўся да праекта з пачатку новага навучальнага года, — сярэдняя школа № 4 Салігорска. У яе сталовай сёлета быў зроблены рамонт.
“У нас было ўсё поўнасцю адрамантавана і заменена, пачынаючы са сцен і вентыляцыйнай сістэмы і заканчваючы закупкай новага абсталявання. У прыватнасці, у харчаблоку з’явілася новая сучасная халадзільная камера”, — расказала дырэктар сярэдняй школы № 4 Салігорска Сталіна Санько.
Для таго каб зразумець, ці падабаюцца новыя стравы вучням, у школе кожны дзень адсочваюць колькасць адходаў.
“Напрыклад, дзецям падабаюцца біточкі, новыя варыянты гатавання і падачы рыбы, макарона з сасіскамі, — працягвае С.Санько. — Да салатаў і страў, якія падаюцца з падліўкай, навучэнцы ставяцца па-рознаму. Безумоўна, усё залежыць ад таго, што вучні прывыклі есці дома. Калі да салатаў іх ніхто не прывучыў, то і ў школе яны ім будуць не цікавыя”.
За адзін перапынак у сталовай арганізуецца харчаванне для 170—180 навучэнцаў. На дапамогу кухарам прыходзяць дзяжурныя — навучэнцы з розных класаў, якія накрываюць сталы для сваіх аднакласнікаў. Дзяжурным па кухні выдаецца спецыяльная форма — фартух і хустка. Што тычыцца работы кухараў, то з увядзеннем новага меню амаль нічога не змянілася.
“Дзеці з задавальненнем выконваюць свае абавязкі па кухні, — дзеліцца кухар Ларыса Мароз. — Што тычыцца аб’ёму работы па кухні, то часу на гатаванне страў з новага меню траціцца амаль столькі, колькі і раней. Калі розніца ёсць, то яна амаль не заўважная”.
На выхадзе са сталовай, на сцяне, усталявалі спецыяльную скрынку з двума аддзяленнямі і надпісамі “смачна” і “нясмачна”. Пасля абеду кожны навучэнец можа ацаніць яго, кінуўшы ў адпаведнае аддзяленне каменьчык. Такая форма ўзаемадзеяння з вучнямі дапамагае яшчэ раз пераасэнсаваць сістэму школьнага харчавання і прааналізаваць новае меню больш скрупулёзна.
“Калі размаўляем з дзецьмі, некаторыя саромеюцца прызнацца, ці спадабалася ім нейкая страва, — зазначае Сталіна Санько. — А такая сістэма ацэнкі новага меню яскрава дае зразумець, што прыйшлося даспадобы, а ад чаго вучні адмовіліся”.
У навучальных установах, якія перайшлі на новае меню, харчаванне ў першую змену прадастаўляецца не раней чым праз 2—2,5 гадзіны ад пачатку работы ўстановы, у другую змену — не раней чым праз 45 мінут ад пачатку заняткаў. У школах на пастаяннай аснове праводзіцца анкетаванне школьнікаў і іх бацькоў, каб вывучыць іх меркаванні па новаўвядзеннях.
У пілотным праекце па арганізацыі новай сістэмы харчавання, які рэалізоўваўся ў мінулым навучальным годзе, прымалі ўдзел сярэдняя школа № 1 Фаніпаля, Нясвіжская гімназія і Дзешчанская сярэдняя школа Уздзенскага раёна. Спецыялісты станоўча ацанілі яго вынікі і лічаць мэтазгодным далейшае распаўсюджванне эксперымента. На новыя прынцыпы арганізацыі харчавання да 1 красавіка 2024 года пяройдуць усе ўстановы адукацыі Міншчыны.
Галоўная задача новаўвядзення — забяспечыць якаснае і збалансаванае харчаванне школьнікаў з улікам іх смакавых пераваг. На аснове аналізу вынікаў пілотнага праекта распрацаваны прыкладныя двухтыднёвыя рацыёны, а таксама пашыраны асартымент прадукцыі, якую прапануюць у школьных буфетах.
У галоўным упраўленні па адукацыі нагадалі, што з 1 верасня ўстанаўліваецца фіксаваная штомесячная плата бацькоў за харчаванне ў школах. Яе памер залежыць ад узросту вучня, колькасці прыёмаў ежы. Міністэрства аховы здароўя вызначыла, што навучэнцам 1—4 класаў аптымальна атрымліваць гарачае (другое) снеданне, абед, падвячорак, навучэнцам 5—11 класаў — абед, падвячорак, вячэру.
У мінулым годзе ў Мінскай вобласці ва ўстановах адукацыі быў абноўлены парк кухоннага абсталявання, закуплена амаль 150 параканвектаматаў. Кухары вучацца на курсах павышэння кваліфікацыі.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА