Падчас Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі”, якая традыцыйна праходзіць на пачатку мая, стэнд “Настаўніцкай газеты” працаваў не толькі як выставачная зона, але як і рабочая пляцоўка. Супрацоўнікі газеты разам з запрошанымі спікерамі правялі некалькі тэматычных майстар-класаў для калег з іншых выданняў і настаўнікаў.
Першымі да нас завіталі ўдзельнікі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў (законных прадстаўнікоў) навучэнцаў” і зацікаўленыя тэмай “Школа і сям’я: прынцыпы ўзаемадзеяння” педагогі. У ролі спікера выступіла навуковы кансультант праекта, метадыст упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы АПА, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Ганна Іванаўна Дабрынеўская.
Ганна Іванаўна пашырыла заяўленую тэматыку, і наша размова была прысвечана сённяшняму часу, школе і сям’і. “Усе мы памятаем пра тое, што час можа быць мінулым, цяперашнім і будучым. Мы памятаем мінулае, жывём цяперашнім і думаем пра будучыню. Будучыня для нас мае вялікае значэнне, бо кожны з нас займаецца выхаваннем будучага пакалення. Безумоўна, усім нам хочацца, каб нашы вучні былі паспяховымі. Поспех, задаволенасць, прагрэс — вось тры складнікі, да якіх імкнецца кожны з нас, у тым ліку і бацькі. Але ці паспяваем мы за часам?
Усё вельмі хутка мяняецца: тэхніка, навука, патрабаванні да людзей працы, самі людзі. Мяняюцца патрабаванні да часу, неймаверна хутка мяняецца інфармацыя, якую ў школе не паспяваюць не толькі засвойваць, але і апрацоўваць. А час патрабуе кампетэнтнасці ад дзяцей, настаўнікаў і бацькоў. Асноўны падыход у настаўніцкай дзейнасці сёння — фарміраванне будучага прафесіянала, кампетэнтнага чалавека. Таго, хто ведае патрэбнае і ўмее яго своечасова прымяніць, прычым зробіць гэта творча, каб атрымаць новыя веды, якія прывядуць да прагрэсу.
Каб не адставаць ад часу, мы (дзеці, настаўнікі, бацькі) павінны згуртавацца. Мы жывём у інфармацыйную эпоху, у грамадстве ведаў. Добры той вучань, які ўмее не проста чытаць і запамінаць, а той, хто ўмее думаць, асэнсоўваць, выказваць сваё меркаванне. Мы фізічна не здольны засвойваць усю інфармацыю, значыць, мы павінны ўмець з ёй працаваць самі і вучыць гэтаму сваіх вучняў. Акрамя таго, мы не можам ведаць таго, што будзе заўтра, таму павінны навучыць нашых школьнікаў працаваць самастойна, навучыць выбіраць, каб дапамагчы знайсці сваё месца ў жыцці”, — звярнулася да прысутных Ганна Іванаўна.
Наспела праблема павышэння як настаўніцкай кампетэнтнасці, так і бацькоўскай. У некаторай ступені бацькі і педагогі — калегі, якіх аб’ядноўвае выхаваўчая функцыя. І калі настаўнікі ўвесь час працуюць над павышэннем свайго прафесійнага ўзроўню, то бацькі кіруюцца найперш сваімі прыроднымі выхаваўчымі інстынктамі. Вядучай ідэяй, якая аб’яднала настаўнікаў-наватараў, стаў пераход ад інфармавання і асветы бацькоў да іх навучання. Мэта праекта — зрабіць бацькоў больш паспяховымі ў выхаванні сваіх дзяцей, што дапаможа ўмацаваць сям’ю. Але тут жа ўзнікаюць пытанні: навошта, чаму і як іх трэба вучыць.
Большасць бацькоў лічыць, што яны ўмеюць выхоўваць сваіх дзяцей, а калі ёсць няўдачы, памылкі, то вінаваты не яны. Удзельнікі інавацыйнага праекта вырашылі пераламаць гэтую сітуацыю і шукаць не вінаватых, а новыя шляхі ўзаемадзеяння школы і сям’і. І дапамагае ім у гэтым інавацыйнае мысленне, адукацыя, кіраванне. Такая дзейнасць у інавацыйных установах адукацыі пачалася не з нуля, бо ў нас ёсць школы, якія маюць добры вопыт узаемадзеяння з бацькамі. Разам з тым гэтаму ўзаемадзеянню неабходна надаць новы імпульс — вучэбны характар.
Любая інавацыйная дзейнасць будзе паспяховай, калі выкарыстоўваюцца інавацыйныя падыходы. Ва ўзаемадзеянні з бацькамі патрэбны новыя формы супрацоўніцтва. Мы ўжо прызвычаіліся да таго, што школа запрашае бацькоў на бацькоўскія сходы, дзе яны атрымліваюць неабходную інфармацыю пра навучанне і выхаванне свайго дзіцяці. Пэўную інфармацыю падчас бацькоўскіх сходаў атрымліваюць і педагогі. Як правіла, гэта пэўныя пажаданні адносна навучання дзіцяці.
Нельга сказаць, што бацькі абстрагаваны ад школьных праблем. Апошнім часам яны вельмі актыўныя ўдзельнікі жыцця школы. Сёння таты і мамы — частыя госці самых розных школьных мерапрыемстваў. Але, як правіла, ініцыятарамі і вядучымі такіх сустрэч з’яўляюцца настаўнікі. Тут жа некаторыя ўдзельнікі майстар-класа адзначылі, што ў большасці сваёй педагогі з бацькамі працуюць, як гаворыцца, па наезджанай. Што ім можна прапанаваць, каб абнавіць такую дзейнасць? Гэта, напрыклад, могуць быць новыя святы, новыя фарматы для сустрэчы, новыя тэмы для размовы.
У сярэдняй школе № 1 Салігорска перакананы, што без партнёрства з сям’ёй немагчыма дасягнуць выніку. Каб партнёрства насіла прадукцыйны характар, вучыцца трэба і педагогам, і бацькам. У школе выкарыстоўваюць розныя прыёмы і формы ўзаемадзеяння. У прыватнасці, вельмі распаўсюджана клубная дзейнасць. У школе функцыянуюць клуб крэатыўных мам, клуб татаў, клуб прыёмных бацькоў. Тут праводзяцца сямейныя суботы, калі з бацькамі ў кансультатыўнай форме працуюць настаўнікі-прадметнікі.
Разам з тым калі мы гаворым, што формы ўзаемадзеяння пашыраюцца, становяцца больш масавымі і яркімі, то гэта не азначае, што ўсе яны з’яўляюцца эфектыўнымі. Існуючы вопыт узаемадзеяння з сям’ёй у асноўным быў абмежаваны зносінамі з паспяховымі, актыўнымі і зацікаўленымі бацькамі, у якіх паспяховыя дзеці. А як быць з тымі, у каго цяжкасці з дзецьмі? Гэтыя бацькі лічаць, што асноўная адказнасць за няўдачы іх дзяцей ляжыць на школе. А настаўнікі перакананы, што ў праблемах дзіцяці найперш вінаваты некампетэнтныя бацькі і самі дзеці. Кожны з удзельнікаў канфлікту мае рацыю. Што рабіць?
Не колькасць вызначае якасць. Інавацыі — гэта не гучней, ярчэй і шырэй. Інавацыі — гэта калі карэнным чынам мяняецца падыход, ацэнка, змест, тэматыка ва ўзаемадзеянні школы і сям’і. “Мы займаліся з вамі навучаннем маралі, асветай, указвалі, што і як рабіць, даводзілі пэўную інфармацыю да ведама, але эфект быў нездавальняючым. Значыць, ад колькасці трэба пераходзіць да якасці. Што можа змяніць якасць супрацоўніцтва школы і сям’і?” — звярнулася да настаўнікаў Ганна Іванаўна.
Неабходна шукаць новыя формы і метады ўзаемадзеяння, навучыцца гаварыць з бацькамі як роўныя. Не трэба чакаць ад бацькоў цудаў. Трэба ім дапамагчы выгадаваць гэтыя цуды. Не прымушаць, а дапамагаць, прычым практычнымі парадамі (як навучыць дзіця чытаць, прывіць яму чытацкую культуру, як навучыць яго канцэнтравацца на ўроку, быць уважлівым). Дапамагаць знаходзіць веру ў дзіця і яго настаўніка. Ад бацькоў настаўнік больш даведаецца пра дзіця, пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца мамы і таты. Але ж як іх заахвоціць да шчырага супрацоўніцтва?
Канечне, у адзін момант змяніць традыцыйныя формы работы з бацькамі на інавацыйныя немагчыма. Але, можна, напрыклад, традыцыйныя бацькоўскія сходы ўзбагаціць нейкімі вучэбнымі момантамі. Або звярнуцца да мультыпрофільнага навучання бацькоў, калі яны будуць працаваць у групах па інтарэсах: камусьці неабходна дапамога ў арганізацыі дамашняй работы дзіцяці, кагосьці цікавіць, як змагацца з камп’ютарнай залежнасцю, у некага ёсць пытанні да псіхолага.
Такую форму ўзаемадзеяння апрабавалі ў гімназіі № 1 Баранавіч. У навучальнай установе правялі шматпрофільны бацькоўскі сход для мам і татаў шасцікласнікаў. Новая форма спадабалася і бацькам, і педагогам, але, па меркаванні адміністрацыі гімназіі, такая форма ўзаемадзеяння патрабуе пераасэнсавання і прыняцця як з боку педагагічнай грамадскасці, так і бацькоўскай. Немалаважная роля тут адводзіцца навучанню настаўнікаў, якое ў гімназіі № 1 Баранавіч паставілі на першае месца, і інавацыйная адукацыя ў навучальнай установе набыла сістэмны характар.
У гімназіі № 4 Баранавіч таксама лічаць, што вучыць бацькоў нетрадыцыйнымі формамі вельмі складана, і пагадзіліся з тым, што спачатку неабходна падрыхтаваць настаўнікаў. І тут навучальнай установе вельмі дапамагаюць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. Пакуль паспяхова рэалізуюцца тэхналогіі кейс-study і праектнага навучання. Пачалася спроба спраецыраваць на работу з бацькамі і мнагамерную дыдактычную тэхналогію.
Вучыць працаваць з бацькамі неабходна ўсіх настаўнікаў — і маладых, і больш вопытных. Калі пачынаючыя педагогі іншы раз проста баяцца бацькоў, іх прафесійнага і сацыяльнага статусу, то вопытным патрэбны новыя формы і метады. “Педагогам трэба адыходзіць ад сваёй ментарскай пазіцыі і імкнуцца быць з бацькамі як роўныя”, — заўважыла Ганна Іванаўна.
У гімназіі № 1 Полацка імя Францыска Скарыны каторы год запар праводзіцца дзень бацькоўскага самакіравання, калі бацькі на некалькі гадзін дубліруюць дырэктара, намеснікаў, класных кіраўнікоў, настаўнікаў-прадметнікаў. Як было адзначана падчас майстар-класа, кожны год бацькі імкнуцца прыўнесці штосьці сваё, але асноўная ідэя такога пераўвасаблення — збліжэнне бацькоўскай грамадскасці і гімназіі — рэалізавана. І педагогі, і бацькі паглядзелі адно на аднаго іншымі вачыма. У прыватнасці, настаўнікі ўбачылі, што бацькі вельмі таленавітыя і творчыя людзі, а бацькі зусім па-іншаму адчулі адказнасць педагогаў. Гэты праект дазволіў удзельнікам інавацыйнай групы гімназіі скарэкціраваць сваю дзейнасць.
У гімназіі № 1 Стоўбцаў таксама вядзецца мэтанакіраваная работа з бацькамі. Псіхалагічная служба навучальнай установы і яе настаўнікі даўно распрацоўваюць спецыяльныя дапаможнікі для бацькоў і настаўнікаў: “Як быць добрымі бацькамі”, “Як быць добрымі настаўнікамі”, “Для добрых бацькоў”.
У гімназіі з 2005 года дзейнічае клуб “Сямейны савет”, праводзяцца яго адкрытыя пасяджэнні, дзе абмяркоўваюцца актуальныя для бацькоў тэмы. Адны бацькі расказваюць пра тое, як ім удалося вырашыць праблемы, якія ўзнікаюць (напрыклад, пагоршыліся адносіны з сынам ці дачкой), а другія ў іх вучацца. За час існавання клуба адбылося больш за 45 пасяджэнняў. Такі вопыт дапамагае рухацца і развівацца ў новым для гімназіі інавацыйным праекце.
Гучаў вопыт узаемадзеяння з бацькамі гімназіі Смаргоні, дзе рэалізуецца традыцыйнае ўзаемадзеянне і інавацыйнае. Традыцыйнае — гэта сумесныя паходы, экскурсіі, спартыўныя спаборніцтвы, працоўныя акцыі, канцэрты, праблемна-тэматычны дзень, праектная дзейнасць. Інавацыйнае — круглыя сталы, педмайстэрні, анлайн-навучанне, блогі класных кіраўнікоў, сеткавая суполка, бацькоўская майстэрня, клуб мнагадзетных сем’яў, бацькоўская гасцёўня, трэнінгі, практыкумы, майстар-класы педагогаў і бацькоў.
Ва ўзаемадзеянні школы і сям’і закладзены вялікі патэнцыял, які неабходна развіваць. Узаемаадносіны паміж бацькамі, дзецьмі і настаўнікамі павінны стаць больш шчырымі і адкрытымі. Каб гэта адбылося, працаваць над сабой давядзецца ўсім удзельнікам выхаваўча-адукацыйнага працэсу (тут магчымы самыя розныя камбінацыі: “настаўнікі — бацькі”, “настаўнікі — дзеці — бацькі”, “бацькі — дзеці”, “бацькі — бацькі”). Сёння школа ставіць перад сабой задачу аптымізаваць работу з бацькамі і зрабіць яе больш мабільнай, а без інавацый зрабіць гэта немагчыма.
Мы рызыкуем адстаць ад часу, калі не будзем павышаць узровень выхаванасці і якасць адукацыі навучэнцаў шляхам развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці іх бацькоў. Арганізацыя эфектыўнага супрацоўніцтва сям’і і школы магчыма толькі на аснове інавацыйных падыходаў і выкарыстання сучасных адукацыйных тэхналогій.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і Уладзіміра ФАЛАЛЕЕВА.