На рамонтныя работы ва ўстановах адукацыі на Магілёўшчыне з абласнога бюджэту выдзелена 71,8 млн рублёў

- 13:11Новости

Бяспека знаходжання навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, завяршэнне бягучага і падрыхтоўка да новага навучальнага года, работа з маладымі педагагічнымі кадрамі — гэтыя і шэраг іншых пытанняў сталі ключавымі на калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.  Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Удзел у пасяджэнні прынялі начальнікі аддзелаў па адукацыі гар-, райвыканкамаў, загадчыкі цэнтраў па забеспячэнні фінансавай дзейнасці бюджэтных арганізацый. На ўсеагульнае абмеркаванне былі вынесены розныя напрамкі работы. Падрабязна гаварылі і аб значнасці своечасовага правядзення рамонтаў у навучальных установах.

Стан устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і пералік неабходных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да наступнага навучальнага года былі вызначаны спецыяльнымі камісіямі яшчэ ў красавіку. На рамонтныя работы з абласнога бюджэту выдзелена 71,8 млн рублёў.

— У рэгіёне вядзецца будаўніцтва дзвюх школ у Магілёве і Асіповічах, дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Крычаве, дзіцячага сада ў аграгарадку Палыкавічы Магілёўскага раёна. У летні перыяд запланаваны мадэрнізацыя 33 устаноў адукацыі, істотнае абнаўленне плоскасных спартыўных збудаванняў і асфальтавых пакрыццяў бегавых дарожак, рамонты дахаў, фасадаў, вучэбных памяшканняў. Паўсюдна будзе ажыццяўляцца замена драўляных аконных блокаў на сучасныя шклопакеты. Прадоўжацца перааснашчэнне харчаблокаў, закупка тэхналагічнага і хала­дзільнага абсталявання. Сёлета ў 14 установах будуць праведзены работы па стварэнні безбар’ернага асяроддзя, прадугле­джана набыццё 21 школьнага аўтобуса, — расказала загадчык абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў адукацыі Ганна Сіманоўская.

Удзельнікам калегіі паведамілі, што да 1 жніўня ажыццяўленне вызначаных работ павінна выйсці на фінішную прамую. Да 20 жніўня абсалютна ўсе школы абавязаны атрымаць пашпарты гатоўнасці.

На пасяджэнні прааналізавалі праблемы і дасягненні сістэмы дашкольнай адукацыі. Зараз па вобласці функцыянуюць 318 дашкольных устаноў. Дзіцячыя сады наведва­юць звыш 37 тысяч выхаванцаў. Ахоп складае 85% ад агульнай колькасці дзяцей. Праводзіцца мэтанакіраваная работа па аснашчэнні ўстаноў сродкамі навучання, гульнявым і надворным абсталяваннем, па ўкараненні перадавых методык і тэхналогій у адукацыйны працэс. Наладжанае медыка-педагагічнае ўзаемадзеянне дазваляе захоўваць стабільны паказчык па колькасці дзён, прапушчаных адным дзіцем па хваробе.

Аднак у станоўчай дынаміцы прысутнічаюць і негатыўныя моманты. Ёсць пэўныя недапрацоўкі, прычына якіх — недастатковы кант­роль з боку кіраўнікоў на месцах.

— Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на дысцыпліну ў працоўных калектывах. Любы работнік павінен дакладна ведаць службовыя абавязкі і ступень адказнасці за іх невыкананне. Абыякавасць да сваёй справы ў нашай сферы недапушчальная. Недахопы павінны стаць стымулам для ўдасканалення работы, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.

Адметна, што на пасяджэнні калегіі былі дэталёва разг­леджаны рэгіянальны комп­лекс дадатковых мер па падтрымцы маладых спецыя­лістаў, сацыялагічная ацэнка ўзроўню задаволенасці да­школьнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Як было адзначана, у цэлым паўсюдна работа наладжана эфектыўна. Але для падтрымання гэтых тэндэнцый яе трэба пастаянна паляпшаць. Павышэнне якасці адукацыі, бесперапынны кантроль за бяспекай жыццядзейнасці дзяцей — на гэта павінны быць скіраваны намаганні кожнага: ад кіраўніка да педагога.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара і pixabay.com