На сайце НІА размешчаны трэніровачныя заданні для падрыхтоўкі да Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі

- 10:04Актуально, Новости

Удзельнікамі даследавання, якое будзе праводзіцца ўпершыню, стануць дзесяцікласнікі школ, гімназій, ліцэяў і першакурснікі каледжаў. Плануецца, што яно пройдзе ў лістападзе гэтага года,  паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Як адзначаецца на сайце Нацыянальнага інстытута адукацыі, трэніровачныя заданні па функцыянальнай пісьменнасці носяць азнаямленчы характар. Гэта заданні, якія прадугледжваюць выкарыстанне ведаў і ўменняў для пошуку рашэнняў у змадэляваных жыццёвых сітуацыях, з якімі навучэнцы могуць сутыкнуцца цяпер ці ў будучыні.

Матэрыялы будут карыснымі і цікавымі для навучэнцаў, іх бацькоў, педагагічных работнікаў, спецыялістаў у галіне адукацыі і могуць быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы да Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі.

“Работа з гэтымі матэрыяламі дасць магчымасць атрымаць усім зацікаўленым асобам агульнае ўяўленне аб структуры і тыпалогіі заданняў даследавання, аб’ёме і форме іх прад’яўлення.

Пры гэтым варта ўлічваць той факт, што прадстаўленыя матэрыялы не ідэнтычныя заданням, якія будуць выкарыстаны ў самім даследаванні.

Вопыт выканання падобных заданняў дапаможа навучэнцам больш паспяхова праявіць сябе падчас Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі”, — звяртаюцца да ўдзельнікаў і педагогаў на сайце Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Трэніровачныя заданні разбіты на раздзелы. Ёсць па чытацкай дасведчанасці, матэматычнай, прыродазнаўчанавуковай і фінансавай.

Па матэрыялах сайта НІА
падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА