На шляху да адзінай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы

- 14:44Метадычная скарбонка, Рознае партфолiо

Гімназія № 1 Дзятлава Гродзенскай вобласці добра вядома педагогам краіны. Найперш тым, што ўзгадавала ў сваім калектыве пераможцу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2011” настаўніцу англійскай мовы Інесу Уладзіміраўну Зубрыліну. Сёння педагогі гімназіі дзеляцца вопытам выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, асаблівасцямі арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці гімназістаў, сакрэтамі фарміравання арфаграфічнай пісьменнасці навучэнцаў.

Прыярытэтны напрамак развіцця Дзятлаўскай гімназіі — інфарматызацыя адукацыйнага працэсу. Гэта доўгі і бесперапынны працэс змянення зместу, метадаў і форм, які павінен адпавядаць сучасным патрабаванням. Сёння ў гімназіі мы ствараем адзіную адкрытую, даступную педагогам, навучэнцам і іх бацькам, кіраўнікам, іншым спецыялістам інфармацыйную прастору, цэласнае інфармацыйнае асяроддзе, якое комплексна адлюстроўвае дзейнасць нашай установы і яе элементаў.
Сярод асноўных задач гімназіі ў гэтым напрамку — забеспячэнне праграмнымі рэсурсамі ўсіх вучэбных прадметаў, стварэнне гімназічнага інфармацыйнага цэнтра, які задаволіць патрэбу ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу ў аператыўным атрыманні інфармацыі і якасным яе выкарыстанні.
З 2011 года наша гімназія працуе над рэалізацыяй інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі сістэмнага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій для развіцця адукацыйнага асяроддзя ўстановы”. Яго мэта — рэалізацыя ідэі сістэмнага ўкаранення ІКТ на розных ступенях адукацыі, у розных па тыпу ўстановах і арганізацыі паміж імі бесперапыннай педагагічнай камунікацыі, абмену вопытам і практычнага ўзаемадзеяння. Гэты пра ект з’яўляецца перадумовай развіцця камунікацый і анлайн-зносін педагогаў усёй рэспублікі. Разам з гімназіяй у праекце працуюць сярэдняя школа № 1 Ашмян, Юрацішкаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Гродзенскага раёна.
У нашай гімназіі створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база для ўкаранення інфармацыйных тэхналогій. У навучальнай установе абсталяваны два кабінеты інфарматыкі, лінгафонны кабінет, дэманстрацыйны кабінет, прадметныя міні-кабінеты па англійскай мове і фізіцы, абсталяваны камп’ютарнай тэхнікай метадычны кабінет, кабінеты намеснікаў дырэктара, інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр. Усім удзельнікам адукацыйнага працэсу прадастаўлены хуткасны выхад у інтэрнэт. Пастаўлена блакіроўка сацыяльных сайтаў, якія не маюць адносін да адукацыйнага працэсу.
Інфарматызацыя кіраўніцкай дзейнасці вядзецца на аснове праграм “ПАРАГРАФ”, “БІБЛІЁГРАФ”. Ёсць магчымасць выкарыстоўваць нацыянальныя электронныя сродкі навучання, распрацаваныя па заказе Міністэрства адукацыі (41 найменне з 43 рэкамендаваных), тэсты ЭСН беларускіх і расійскіх вытворцаў, вучэбна-метадычныя матэрыялы інавацыйнага праекта, мультымедыйныя прадукты, створаныя настаўнікамі гімназіі (прэзентацыі і відэаролікі).
Вялікую ўвагу мы ўдзяляем укараненню і выкарыстанню ЭСН у адукацыйным працэсе. Найбольш удала выкарыстоўваюць электронныя сродкі навучання І.У.Зубрыліна, М.Л.Хаванская, А.А.Сёмуха, В.А.Андалюкевіч (англійская мова), Н.П.Клімец, В.Г.Багдановіч (геаграфія і біялогія), С.І.Халецкая, Н.І.Трафімчык (матэматыка). Актыўна прымяняюцца такія электронныя сродкі навучання, як “Настаўнік”, “ЗНАК” (па ўсіх вучэбных прадметах); серыя “Электронныя ўрокі і тэсты “Геаграфія ў школе”; “Бібліятэка электронных наглядных дапаможнікаў”; “Стэрэаметрыя 10—11 клас”; “Лексіка-граматычны практыкум”; “Гісторыя беларускай зямлі з найстаражытнейшых часоў да сярэдзіны ХVI стагоддзя” і інш.
Адміністрацыя гімназіі, педагагічныя работнікі валодаюць дастатковым узроўнем камп’ютарнай пісьменнасці, што дазваляе ўключыцца ў працэс сертыфікацыі на прысваенне катэгорыі карыстальніка інфармацыйнымі тэхналогіямі. На сёння экзамен на сертыфікацыю прайшлі 61% настаўнікаў (22 педагогі з 34).
Летась намаганні педагогаў, членаў інавацыйнай групы, былі накіраваны на стварэнне і апрабацыю ўласных электронных адукацыйных прадуктаў. Падчас рэалізацыі практычнага этапу створаны і сістэматызаваны наступныя электронныя адукацыйныя прадукты: тэсты ў сістэме “ЗНАК” па матэматыцы і гісторыі для 7 класа (Н.І.Трафімчык, Ж.С.Нагавонская); відэаматэрыялы для ўрокаў англійскай мовы пры навучанні гаварэнню (А.А.Сёмуха), электронны каталог аўтэнтычных аўдыёматэрыялаў (В.А.Андалюкевіч); электронны каталог аўтэнтычных інтэрнэт-рэсурсаў для аўдзіравання (М.Л.Хаванская).
Найбольш удалым спосабам арганізацыі практыкі кіравання вучэбнай дзейнасцю навучэнцаў з’яўляецца адукацыйны блог, які дапамагае педагогу не толькі разнастаіць формы падтрымкі адукацыйнага працэсу, але і нацэльвае навучэнцаў на самастойнае здабыванне ведаў, садзейнічае развіццю камунікатыўных уменняў і крытычнага мыслення. Блог дапамагае пашырыць адукацыйную прастору, таму што ў рамках урока не хапае часу для таго, каб удзяліць увагу кожнаму навучэнцу і адказаць на ўсе пытанні, а “Блог-урок” дазваляе працаваць у свабодным рэжыме без жорсткіх абмежаванняў па часе і асвойваць матэрыял у індывідуальным тэмпе. З гэтай мэтай і створаны блогі настаўнікаў: Н.П.Клімец (праект-блог “Зберажом Зямлю для нашчадкаў” — proekteconomia.blogstop.com), І.У.Зубрылінай, С.І.Кетко (сайт-праект “Іх імёнамі названы”, які заняў 1-е месца на абласным конкурсе метадычных распрацовак з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, ЭСН “My English Lab”, які заняў 2-е месца на абласным конкурсе КАІ”), а таксама сямейны сайт пяцікласніцы Лізаветы Русінай “Я ведаю, я ганаруся!” (у ім сабраны матэрыялы радаводу сям’і, у складзе якой шэраг вядомых людзей, адзначана геаграфія сям’і на карце свету).
Наш педагагічны калектыў разумее: калі мы сёння будзем вучыць як учора, то мы ўкрадзём у нашых вучняў заўтра. У гімназіі апрабоўваецца дыстанцыйнае навучанне пры дапамозе блогаў настаўнікаў-прадметнікаў па англійскай мове, геаграфіі. Думаю, што выкарыстанне дыстанцыйнага навучання жыццёва неабходнае. У 2012/2013 навучальным годзе у сценах гімназіі стартавала дыстанцыйная алімпіяда па матэматыцы, беларускай, рускай, англійскай мовах. Нашы гімназісты сталі ўдзельнікамі “Школы дакладных навук” (Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы). Па выніках першага тура шасцікласнік Дзмітрый Болбат набраў 40 балаў з 40 магчымых, астатнія ўдзельнікі набралі звыш 70% балаў і 6 навучэнцаў сталі ўдзельнікамі вочнага тура, які адбыўся 28 красавіка. Навучэнцы гімназіі прымаюць актыўны ўдзел у алімпіядзе па матэматыцы і інфарматыцы на сайце М.С.Далінскага (Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт), у алімпіядзе “Сузор’е талентаў” (у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па хіміі, матэматыцы, 8-9 класы); у алімпіядзе па праграмаванні БДУІР і інш. І даволі паспяхова. Так, у алімпіядзе па крыптаграфіі (інфарматыка) навучэнка 8 класа Яўгенія Кетко атрымала дыплом ІІ ступені. У алімпіядзе па інфарматыцы і вэб-праграмаванні БДУ ў вочным туры Павел Дарашкевіч (9 клас) і Андрэй Пульша (11 клас) атрымалі дыпломы І ступені, Андрэй Пазняк (11 клас) — дыплом ІІІ ступені.
Такім чынам, у выніку ўкаранення інавацыйнага праекта кардынальна змяніўся статус гімназіі. Яна пераўтварылася ў цэнтр па выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, кансультацыйны пункт для школ раёна, а таксама месца правядзення майстар-класаў для педагогаў раёна па тэме інавацыі. Так, летась на базе гімназіі для калег праведзены семінары “Выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі на ўроках англійскай мовы”, “Выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі на ўроках прыродазнаўча-матэматычнага цыкла”, “Інтэрнэт-рэсурсы на ўроку”, “Магчымасці сэрвісаў Web 2.0”.
Калектыў гімназіі працягвае работу па ўкараненні інавацыйнага праекта ў адукацыйны працэс. У новым навучальным годзе плануецца папоўніць гімназічны сайт, распрацаваць старонкі для бацькоў адораных навучэнцаў раёна; стварыць электронныя прадукты пры дапамозе ўкаранення тэхналогій Web 2.0, а таксама актывізаваць педагічныя зносіны праз работу блогаў, апрабаваць тэсты для паўрочнага, тэматычнага і выніковага кантролю “Пачатковага курса геаграфіі для 7 класа”. Прадугледжваецца таксама стварэнне электроннага прадукту “Чысты горад” як часткі электроннага прадукту “Праектная дзейнасць у пазакласнай рабоце па біялогіі”; правесці апрабацыю тэставых заданняў да падручніка “Гісторыя Беларусі 7 клас” у сістэме “ЗНАК”, апісаць вопыт выкарыстання, арганізацыі анлайн-зносін з партнёрамі па інтэрнэт-праектах. Акрамя таго, плануем укараніць электронны дапаможнік для падрыхтоўкі навучэнцаў да выпускнога экзамену па англійскай мове і папоўніць інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, віртуальны метадычны кабінет.
Мы лічым, што ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс садзейнічае змяненню адукацыйнай сітуацыі ў бок асэнсаванасці, большай акрэсленасці і мэтанакіраванасці; вызваленню часавых рэсурсаў усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу; актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў і ажыццяўленню асобасна-арыентаванага навучання.

Інеса ГЕЦЭВІЧ,
дырэктар гімназіі.