На Смаргоншчыне ўнікальнае месца для беларускіх дзяцей стварыў са сваёй камандай Анатоль Хомбак

- 15:38Новости

На Смаргоншчыне ўнікальнае месца для беларускіх дзяцей стварыў са сваёй камандай Анатоль Хомбак. Анатоль Уладзіміравіч — заснавальнік дзіцячага рэабілітацыйна­-аздараўленчага цэнтра “Лясная паляна”, яго нязменны кіраўнік на працягу 29 гадоў. Генератар ідэй. Рухавік аздараўленчага працэсу.

Напаўзакінуты былы піянерскі лагер Смаргонскага завода аптычнага станкабудавання прадалі Дзяржкамчарнобылю ў 1995 годзе. Тры непрэзентабельныя спальныя карпусы, старая кацельня, клуб-сталовая і аднапавярховы медкорпус — такая “спадчына” дасталася 33-летняму дырэктару. Пазней гэтае месца ператварылася ў казку.

Анатоль Хомбак, Кацярына Копелева і Эдуард Ханок

Кажуць, хутка казка сказваецца, ды доўга справа робіцца. Тым не менш за год у ДРАЦ “Лясная паляна” зрабілі ўсё, каб у чэрвені 1996 года цэнтр прыняў першых 100 адпачываючых. Сёння ДРАЦ здольны прыняць адначасова 468 адпачываючых.

За час яго існавання ўдалося пабудаваць і рэканструя­ваць 19 аб’ектаў, узвесці з нуля два трохпавярховыя карпусы. У медкорпусе зараз аказваецца шырокі спектр паслуг: ЛФК, масаж, электрасвятломагніталячэнне, водныя працэдуры, парафінавыя аплікацыі, спелеатэрапія. Да чаго б ні прыклаў руку Анатоль Ула­дзіміравіч, усюды адчуваецца гаспадарская жылка.

Наш герой родам з вёскі Одла Бераставіцкага раёна. Тата — механізатар, мама — палявод, у сям’і была вялікая гаспадарка. У дванаццаць гадоў яго бацька трапіў у аўтакатастрофу, доўга лячыўся. Уся мужчынская праца лягла на плечы хлопчыка. На вучобу ў школе заставалася мала часу, таму ўрокам аддаваў любую вольную хвіліну. Яму пашанцавала: выдатная памяць дазваляла ўсё запамінаць, таму вучыўся добра. А ў будучыні хацеў дапамагаць лю­дзям, паступіў у Гро­дзенскі медыцынскі інстытут. На Смаргоншчыну прыехаў услед за жонкай, яна родам з Міхневіч. Уладкаваўся ўрачом на сілікатны завод, потым яго пераманілі на завод аптычнага станкабудавання.

— На пасадзе дырэктара “Лясной паляны” я адчуваю сябе ў сваім крэсле, — дзеліцца Анатоль Уладзіміравіч. — Арганізаваць работу цэнтра — цяжкая задача, не кожны доктар справіцца. Сёння з гордасцю магу сказаць, што наша інфраструктура, а таксама сучаснае медыцынскае абсталяванне для дыягностыкі і рэабілітацыі дазваляюць у комплексе арганізаваць паўнацэнны адпачынак і лячэнне дзяцей. “Лясная паляна” ўваходзіць у сістэму спецыя­лізаваных круглагадовых санаторна-курортных арганізацый краіны. За 29 гадоў у нас адпачыла больш за 115 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак.

Да нашай гутаркі далучаецца педагог-псіхолаг цэнтра Наталля Гайдукевіч:

“Анатоль Уладзіміравіч не толькі добры гаспадар, ён выдатны аналітык. Умее бачыць перспектыву. Памятаю, пабудавалі басейн, першы сярод падобных рэабілітацыйных цэнтраў. Праз некаторы час увялі атэстацыю цэнтраў, і басейн стаў нашай перавагай, якую адзначыла камісія”.

“Я хацеў быць першым, але не выдзяляцца”, — прызнаўся на развітанне наш герой. Сціп­ласць — важная якасць для любога чалавека. Не хвалі сябе сам — няхай людзі пахваляць. І людзі (адпачываючыя і прыезджыя госці) хвалілі і хваляць тое, што сэрцам і душой ствараў Анатоль Уладзіміравіч са сваім калектывам.

Напрыканцы размовы мне захацелася вывесці формулу Анатоля Хомбака пад назвай “Сіла стварэння”. На дапамогу прыйшлі педагог-псіхолаг Наталля Гайдукевіч і намеснік дырэктара ДРАЦ “Лясная паляна” па вучэбна-выхаваўчай рабоце Інеса Якушава: “Сіла стварэння складаецца з энергіі выпрацоўваць дабро, памножанае на любоў, якую ты хочаш аддаць людзям”. Варта запомніць гэтую формулу — яна абавязкова спатрэбіцца ў жыцці.

Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара