Гісторыя сучаснай адукацыі Камянеччыны непарыўна звязана з асобай Віктара Мікалаевіча Грыцука, а яго жыццё — з малой радзімай. Амаль 23 гады ён узначальвае сістэму адукацыі раёна. Сярод сённяшніх начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў Брэстчыны В.М.Грыцук з’яўляецца самым вопытным і аўтарытэтным.
Віктар Мікалаевіч адразу пасля заканчэння школы пачаў педагагічную дзейнасць настаўнікам фізкультуры ў Рэчыцкай сярэдняй школе. Адначасова працаваў слесарам сельскагаспадарчых машын у мясцовым калгасе. Пераканаўшыся ў прафесійным выбары, юнак праз год стаў студэнтам тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі, Віктар Мікалаевіч быў накіраваны настаўнікам фізікі ў Вайскоўскую сярэднюю школу.
Прафесійныя здольнасці маладога настаўніка не засталіся незаўважанымі: 24-гадовага педагога прызначылі дырэктарам Воўчынскай сярэдняй школы. Там ён зрабіў першыя крокі ў кіраўніцкай дзейнасці. Гэта былі 5 адметных і запамінальных гадоў маладосці, напоўненых жыццёвымі выпрабаваннямі, цікавымі сустрэчамі, рознымі ідэямі і доўгачаканымі перамогамі. На працягу наступных 10 гадоў Віктар Мікалаевіч узначальваў Пелішчанскую сярэднюю школу.
— На пасадзе дырэктара заўсёды вымяраў працу падначаленых узроўнем іх прафесіяналізму. Гэта галоўны крытэрый, па якім ацэньваю работу настаўнікаў і кіраўнікоў. Вучыў педагогаў, а сёння вучу дырэктараў таму, каб яны заўсёды аналізавалі ўласную дзейнасць і самастойна давалі ёй непрадузятую ацэнку, — гаворыць В.М.Грыцук.
Калегі Віктара Мікалаевіча аднадушна адзначаюць, што ён не толькі таленавіты настаўнік, але і кіраўнік, уважлівы да людскіх праблем, клапатлівы сем’янін. Пад кіраўніцтвам В.М.Грыцука раённая сістэма адукацыі выйшла на новы этап развіцця. У размовах з настаўнікамі Камянеччыны можна часта пачуць, што ім вельмі пашанцавала з начальнікам. І гэта сапраўды так.
Віктар Мікалаевіч лічыць, што сучасны педагог павінен знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых эфектыўных метадаў выкладання вучэбных прадметаў і займацца штодзённай самаадукацыяй, таму адказна падыходзіць да павышэння прафесійнага ўзроўню кіраўнікоў і настаўнікаў. У раёне распрацавана сістэма маральнай і матэрыяльнай падтрымкі творчых работнікаў.
Вялікую ўвагу начальнік удзяляе профільнаму навучанню школьнікаў. На пастаянным кантролі знаходзяцца пытанні, звязаныя з эфектыўнай арганізацыяй вольнага часу дзяцей, асабліва па суботах і на канікулах. Важную ролю ў гэтым ён адводзіць дзіцячаму руху, якаснай дзейнасці дзіцячых арганізацый і аб’яднанняў па інтарэсах. Шмат намаганняў В.М.Грыцук, які ў школьныя гады сур’ёзна захапляўся валейболам, прыкладвае і для развіцця дзіцячага спорту і турызму. Так, спартыўныя і турыстычныя аб’яднанні школьнікаў Камянеччыны штогод становяцца пераможцамі розных спаборніцтваў.
Асаблівую ўвагу В.М.Грыцук удзяляе інфармацыйнаму забеспячэнню адукацыйнага працэсу, паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы школ і дзіцячых садкоў, добраўпарадкаванню іх тэрыторый. У гэтых пытаннях дасягнуты станоўчыя вынікі менавіта дзякуючы прынцыповай пазіцыі начальніка. Віктар Мікалаевіч дэталёва аналізуе перспектыўнасць і мэтазгоднасць існавання школ і дзіцячых садкоў, пазбягаючы неабдуманай аптымізацыі.
Надзвычай актуальным напрамкам работы В.М.Грыцук лічыць пашырэнне і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму і ўстаноў адукацыі. Так, за апошнія гады ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна” былі рэалізаваны некалькі праектаў, дзякуючы якім істотна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база некаторых устаноў (“Мадэрнізацыя дыдактычнай інфраструктуры для польска-беларускага супрацоўніцтва на карысць інвалідаў”, “Польска-беларускае супрацоўніцтва ў галіне турызму”, “Гайнаўка — Камянец. Мы знаёмімся і супрацоўнічаем”). Летась пачалі рэалізоўвацца мясцовыя ініцыятывы “Камянеччына турыстычная для сваіх жыхароў” і “Сумесная дзейнасць па прапагандзе экалагічнай культуры — умова поспеху” з удзелам устаноў адукацыі.
Віктар Мікалаевіч — энергічны, адкрыты, прынцыповы, патрабавальны і ініцыятыўны кіраўнік, які ўмее заахвоціць педагогаў да якаснага выканання важных задач, што стаяць перад сістэмай адукацыі. У людзях начальнік цэніць найперш прыстойнасць, адданасць справе, прафесіяналізм, шчырасць і здаровае пачуццё гумару, якім, трэба заўважыць, валодае віртуозна. В.М.Грыцук ведае кожнага педагога ў раёне і спецыфіку кожнай установы адукацыі. Начальнік ніколі не пазбягае праблем у рабоце і заўсёды паспяхова іх вырашае. Шчыры ў зносінах, ён з вялікай увагай і павагай ставіцца да падначаленых. За ім яны як за мураванай сцяной.
В.М.Грыцук актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю, з’яўляецца членам пярвічнай арганізацыі “Белая Русь” і дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Шматгадовая добрасумленная праца начальніка, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне моладзі не пакінуты без увагі. На рахунку выдатніка адукацыі Беларусі шмат заслужаных узнагарод. Сярод іх — ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
В.М.Грыцук заўсёды поўны цікавых ідэй і задум, імкнецца да свайго ідэалу школы будучыні: “Мая школа будучыні — гэта высокаматываваныя вучні і адказныя бацькі, настаўнікі-прафесіяналы. Дырэктар не педагог па адукацыі, а найперш асоба. Будынак школы — блочны. З асобным уваходам для малодшых школьнікаў. У асобных блоках — вучэбныя кабінеты, сталовая, спартыўная зала, басейн, майстэрні і інш. На ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі абавязковая глыбокая прафілізацыя кожнага вучня. У маёй школе будучыні не менш за 3 камп’ютарныя класы з якаснымі электроннымі сродкамі навучання. Дырэктар самастойна распараджаецца бюджэтам, выдзеленым на ўстанову. Настаўнік не абцяжараны зборам непатрэбнай статыстычнай інфармацыі, а займаецца непасрэдна навучаннем дзяцей і ведае пра іх усё. Да кожнага вучня індывідуальны падыход. На першым плане — развіццё прыродных здольнасцей вучняў праз факультатыўныя заняткі і аб’яднанні па інтарэсах, прычым незалежна ад колькасці дзяцей у групе (нават калі ў ёй толькі адзін чалавек). Кожны выпускнік маёй школы будучыні павінен ведаць асновы мастацкай літаратуры, элементы музычнай адукацыі і танца (сам наведваў драмгурток), быць здольным да самаабслугоўвання (умець прышыць гузік, прыгатаваць ежу, карыстацца прасам), прычым незалежна ад таго, дзяўчына гэта ці хлопец. Вядома, усё гэта патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў. Але самае важнае іншае: нашы выпускнікі павінны заставацца жыць і працаваць на роднай зямлі”.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.