На свіцязянскай хвалі. Чым жыве Валеўская сярэдняя школа напярэдадні свайго 155-годдзя

- 9:00Главная, Знак качества, Образование

У планах — адкрыць трэці школьны музей і пракласці экасцяжынку да легендарнага возера Свіцязь. Чым жыве Валеўская сярэдняя школа Навагрудскага раёна напярэдадні свайго 155-годдзя, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Усе адценні зялёнага

Першае, што з гордасцю паказвае на прышкольнай тэрыторыі дырэктар установы адукацыі Андрэй Падліпскі, — гэта вялікі парк-дэндрарый. Ён быў закладзены ў 1961 годзе, і тут да гэтага часу растуць дрэвы і кустарнікі з розных краін свету, рэдкія для нашых мясцін.

— Атрымаўшы ў спадчыну такую выдатную прыродную базу, мы ўдзяляем асаб­лівую ўвагу экалагічнаму выхаванню дзяцей. З 2021 года з’яўляемся “зялёнай школай”, — адзначае Андрэй Віктаравіч. — Вучні рэалізуюць самыя розныя праекты экалагічнай накіраванасці. Іх навукова-даследчыя работы нязменна займаюць прызавыя месцы на конкурсах розных узроўняў. Агульнымі сіламі дзяцей, іх бацькоў і педагогаў мэтанакіравана робім нашу “зялёную школу” яшчэ больш зялёнай: саджаем кустарнікі, дрэвы і нават закладваем алеі. Так, нядаўна пасадзілі рабінавую алею ў гонар педагогаў-ветэранаў, алею сямейных дрэў.

Амаль кожны год парк-дэндрарый прырастае новымі пляцоўкамі. Так, на “Паляне птушак” усталяваны інфармацыйны стэнд, які знаёміць дзяцей з разнастайнасцю птушак гэтай мясцовасці, у тым ліку пяццю чырванакніжнікамі, развешаны шпакоўні і сінічнікі, зімой арганізуецца падкормка крылатых жыхароў. У “Вавёрчыным гаі”, які створаны сярод упадабаных вавёркамі дрэў, вучні могуць удосталь назіраць за гэтымі прыгожымі звяркамі, пашыраць свае веды аб іх, частаваць прысмакамі. А яшчэ тут ёсць клумба для насякомых “Матылёк”, “Лясная аптэка” і шмат чаго іншага.

Дырэктар не хавае: даглядаць вялікую, каля 5 га, тэрыторыю школе няпроста. Але агульнымі сіламі яны спраўляюцца. Актыўна задзейнічаны ў гэтым і навучэнцы. Тэрыторыя парку-дэндрарыя падзелена паміж класамі, восенню і вясной дзеці разам з настаўнікамі старанна працуюць на сваіх участках. Кожнае лета на гэтых работах задзейнічаны працоўныя брыгады школьнікаў, якія фінансуюцца за кошт дзяржаўных сродкаў.

— Ва ўстанове адукацыі працуе адно з найстарэйшых у Беларусі школьных ляс­ніцтваў — яму ўжо амаль 60 гадоў. А шэсць гадоў назад створаны “Клуб захавальнікаў прыродных ландшафтаў”. Удзельнікі гэтых аб’яднанняў маюць актыўную прырода­ахоўную пазіцыю, якая натхняе іх на многія карысныя справы, яны надзейныя памочнікі Свіцязянскага лясніцтва, — паведамляе нас­таўнік-дэфектолаг куратар экалагічных праектаў школы Кацярына Шапель.

Такая рознабаковая выхаваўчая работа ў кірунку экалогіі дае свой плён. Нямала выпускнікоў звязала сваё жыццё з прыродаахоўнай дзейнасцю, яны працуюць у ляс­ніцтвах. А ўвогуле, якую прафесію ні выбралі б у будучым мясцовыя школьнікі, атрыманыя ўрокі любові да прыроды, клопату аб ёй не забудуцца ніколі.

І каменны пояс, і вогненны крыж

На высокім узроўні наладжана ў школе і работа па патрыятычным, краязнаўчым і духоўна-маральным выхаванні дзяцей. І база для гэтага тут таксама створана вельмі грунтоўная.

Заснаваны ў 1955 годзе Валеўскі народны гісторыка-краязнаўчы музей — гэта чатыры пакоі, сем аддзелаў, у якіх за доўгія гады сабраны вельмі цікавыя і нават унікальныя экспанаты розных часоў.

Тут можна пабачыць, напрыклад, вялікі, з дзіцячую галаву, зуб маманта, які ў савецкія часы вучоныя знайшлі ў гэтых мясцінах падчас раскопак і падарылі школе. Палатняную сумку і грыфельную дошку вучняў, якія спасцігалі веды ў мясцовай навучальнай установе яшчэ ў XIX стагоддзі. Частку даху аднаго з будынкаў Брэсцкай крэпасці з 120 прабоінамі ад асколкаў снарадаў — валеўскія дзеці знайшлі яе ў 1950-х гадах падчас экскурсіі ў легендарную цытадэль.

Па словах кіраўніка музея настаўніцы гісторыі Нэлы Санько, багатая база дазваляе праводзіць захапляльныя экскурсіі, музейныя ўрокі, факультатыўныя заняткі. Вялікі пласт сабраных звестак аб гісторыі краю дае настаўнікам і вучням натхненне для далейшай даследчай работы. Рэалізаваны цэлы шэраг калектыўных школьных праектаў. Так, у рамках праекта “Каменны пояс Гродзеншчыны” вучні розных класаў стварылі прыгожыя кардонныя макеты старажытных замкаў роднага краю — Навагрудскага, Мірскага, Крэўскага, Лідскага, Гальшанскага, Старога замка Гродна. У рамках другога праекта зрабілі з дрэва макет вёскі Тулічава, якую фашысты збіраліся спаліць разам з жыхарамі, але партызаны змаглі людзей вызва­ліць, а вось будынкі было ўжо не выратаваць.

Вучні школы даглядаюць дзевяць пом­нікаў часоў Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Валеўскага сельсавета. Адзін з іх знаходзіцца на тэрыторыі школы — гэта брацкая магіла чырвонаармейцаў і партызан, якія вызвалялі Валеўку ў ліпені 1944 года. А яшчэ тут знайшлі вечны спакой два салдаты Чырвонай Арміі, якіх у 1941 годзе фашысты расстралялі ў цэнтры вёскі і забаранілі мясцовым жыхарам хаваць, але яны гэта ўсё роўна зрабілі. Каб магіла не згубілася, побач пасадзілі куст бэзу. Пасля вайны чырвонаармейцаў перапахавалі ў брацкай магіле. Школьнікі пра гэтую гісторыю ведаюць, яна дадае асаблівай кранальнасці памятным мерапрыемствам, якія тут ладзяцца.

Яшчэ адзін верны шлях абудзіць у дзяцей цікавасць да старонак мінулага ляжыць праз гісторыю сям’і, падкрэслівае настаўніца гісторыі Тамара Сурага.

— У маёй сям’і захавалася каштоўная рэліквія — узнагарода продка, атрыманая ім падчас удзелу ў Айчыннай вайне 1812 года. На ўроках паказваю яе вучням і пытаюся: “А ці ведаеце вы, якія ўзнагароды продкаў ёсць у вашай сям’і?” І дзеці пачынаюць цікавіцца, пытацца ў старэйшых членаў сям’і, — расказвае суразмоўніца. — Калі даведваюцца пра ўзнагароды сваіх пра­дзедаў, якія яны атрымалі за ўдзел у Вялікай Айчыннай, цікавасць да яе падзей прыкметна ўзрастае. Адзін вучань высветліў, што яго продак ваяваў на руска-японскай вайне, дык ён і гісторыю гэтай вайны вывучыў, і яшчэ мастацкую літаратуру прачытаў. А адна дзяўчына даведалася, што яе бабуля мае значок удзельніцы ВДНГ у Маскве, куды яе ў савецкія гады адправілі як лепшую звеннявую калгаса. І цяпер яна добра ведае, што такое ВДНГ і як у СССР заахвочвалі выдатную працу калгаснікаў. Ці можна будзе пры такім падыходзе заставіць гэтую моладзь перапісаць нашу гісторыю? Яны гэтага не дазволяць! Таму што гісторыя для іх — не старонкі падручніка, а старонкі жыцця іх сем’яў.

Дарэчы, пра ўзнагароды. У мінулым го­дзе Тамара Мікалаеўна была ўдастоена медаля Францыска Скарыны. Такім чынам нас­таўніцу адзначылі за шматгадовую плённую працу па выхаванні падрастаючага пакалення. Акрамя ўрокаў гісторыі, яна шмат гадоў вяла факультатыў па духоўна-маральным выхаванні, адкрываючы дзецям прыгажосць нашых традыцыйных каштоўнасцей. Разам з іншымі педагогамі арганізуе змены патрыя­тычнай і духоўна-маральнай накіраванасці ў школьным лагеры. А яшчэ яе вучні штогод удзельнічаюць у праваслаўным балі ў Навагрудку. Кожнае лета з ахвотай адпраўляюцца ў байдарачныя паходы, якія ўзначальвае навагрудскі святар айцец Яўгеній.

Настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Сяргей Мазалевіч

Аповед пра школу будзе няпоўным, калі не адзначыць яшчэ адну яе выдатную пляцоўку — музей вылічальнай і мультымедыйнай тэхнікі. Ён маладзейшы за гісторыка-краязнаўчы музей, быў створаны 10 гадоў назад. Але тут змаглі сабраць ужо больш за 350 экспанатаў.

DSC_4092
DSC_4090
DSC_4093
DSC_4107
DSC_4103
DSC_4092 DSC_4090 DSC_4093 DSC_4107 DSC_4103

Таму пра тое, як выглядалі першыя камп’ютары, мышкі, калькулятары і шмат чаго яшчэ, мясцовыя вучні ведаюць не па карцінках. Выдатны рэсурс для ўрокаў інфарматыкі і матэматыкі!

Шляхі і сцяжынкі

Чатыры гады запар Валеўская сярэдняя школа прызнавалася ўстановай адукацыі ўзорнай якасці і парадку. Яна па праве лічыцца культурна-адукацыйным цэнтрам аграгарадка. Тут сабраўся згуртаваны прафесіянальны калектыў, тры выдатнікі адукацыі.

— Працаваць у школе, якой хутка споўніцца 155 гадоў, цікава і адначасова адказна. Мы беражліва захоўваем традыцыі, але і сваімі дасягненнямі імкнёмся адзначыцца, каб быць годнымі нашых папярэднікаў. Хаця гэта і няпроста, бо дзяцей зараз не так шмат, як раней. У гэтым навучальным годзе за парты сеў 101 вучань, — заўважае дырэктар.

У планах установы адукацыі — адкрыць трэці школьны музей — музей лесу. А яшчэ стварыць экасцяжынку ад школы да легендарнага возера Свіцязь. Адпаведны праект ужо распрацаваны, імкнуцца знайсці пад яго фінансаванне. Пажадаем, каб усё ў юбіляраў атрымалася.

Аксана МЫЦЬКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА