Сяргей Васільевіч Астапук — майстар спорту па лёгкай атлетыцы, трэнер-выкладчык вышэйшай катэгорыі па лёгкай атлетыцы спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна. Адміністрацыя ўстановы характарызуе яго як удумлівага, настойлівага, адказнага, стараннага і мэтанакіраванага педагога. Пра такіх людзей кажуць, што яны працуюць самааддана, цалкам прысвячаючы сябе любімай справе. Педагагічнае майстэрства Сяргея Васільевіча нельга ацаніць нейкім разрадам цi квалiфiкацыяй. Такіх педагогаў называюць дасканалымі настаўнікамі, якіх любяць і паважаюць вучні. І гэта сапраўды так.
— Яшчэ ў дзяцінстве марыў стаць спартсменам, — расказвае С.В.Астапук. — Заўсёды падабаліся энергічныя гульні. Уяўляў сябе то футбалістам, то баскетбалістам, то валейбалістам. На прафесійным узроўні займацца спартыўнай хадзьбой ніколі не думаў. Лічыў яе дастаткова аднастайным, нецікавым і індывідуальным відам спорту. Захапіўся хадзьбой выпадкова.
Урокі фізкультуры будучы педагог палюбіў дзякуючы настаўніку Уладзіміру Дземенчуку. Але гэтых заняткаў настойліваму юнаку было недастаткова, таму ён пачаў наведваць спартыўную школу. Трэнер Мікалай Сіпчук адразу звярнуў увагу на стараннага хлопца і прапанаваў яму запісацца ў секцыю лёгкай атлетыкі, дзе і пазнаёміў з тэхнікай спартыўнай хадзьбы. Сяргей спраўляўся з ёй выдатна. Напружаныя трэніроўкі далі плён. Юнак не раз выступаў на абласных спаборніцтвах, дзе паказваў добрыя вынікі. Трэнер параіў паступіць у Брэсцкае дзяржаўнае абласное вучылішча алімпійскага рэзерву. Пасля яго заканчэння Сяргей служыў у арміі, вучыўся на спартыўным факультэце БрДУ імя А.С.Пушкіна, працаваў намеснікам дырэктара ДЮСШ Маларыцкага раёна.
Сяргей Васільевіч ніколі не забываў пра трэніроўкі. Траціў на іх шмат часу. У скарбонцы дасягненняў — 1-е месца на спартакіядзе школьнікаў, званне чэмпіёна краіны ў спартыўнай хадзьбе, 4-е месца на Кубку Еўропы (Германія) у асабістым заліку і 2-е — у камандным, паспяховыя выступленні ў спаборніцтвах на Кубку свету. С.В.Астапук — двухразовы пераможца адкрытага чэмпіянату Польшчы сярод юніёраў на дыстанцыі 10 км і сярод моладзі на дыстанцыі 20 км. На рахунку педагога — перамогі на спартыўных спаборніцтвах у Расіі, Украіне, Чэхіі і інш.
Сяргей Васільевіч заўсёды інтуітыўна адчуваў, што яму чагосьці не хапала. Цалкам рэалізаваць сябе, адчуць асалоду і задавальненне ад таго, што рабіў, ён змог толькі на трэнерскай пасадзе. Сёння педагог з радасцю перадае багаты спартыўны вопыт і ўменні сваім выхаванцам.
С.В.Астапук працуе на вынік. Ён узняў на пераможную вышыню не адну спартыўную зорку. Пад яго кіраўніцтвам значных поспехаў дасягнулі Сяргей Шаўчук, Барыс Шаргар, Мікалай Картавых, Аляксандр Каламіец, Іван і Дзмітрый Лук’янчукі, Аляксандр Сіпчук, Ксенія Заматаева, Вераніка Масюк, Уладзіслаў Макарэвіч, Паліна Падлужная…
Сяргей Васільевіч умее заахвоціць дзяцей да заняткаў. Нават дачка Паліна, васьмікласніца, ужо 5 гадоў займаецца спартыўнай хадзьбой. У лёгкую атлетыку дзяўчынка прыйшла сама. Тата дапамог толькі канчаткова вызначыцца з відам спорту. У скарбонцы дасягненняў Паліны ўжо ёсць узнагароды з рэспубліканскіх спаборніцтваў. Так, на мінулагодняй Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў яна заняла 1-е месца ў хадзьбе на дыстанцыі 3 кіламетры і выканала нарматыў 1-га дарослага разраду.
— Спартыўная хадзьба не толькі дае стымул да жыцця, своеасаблівую гармонію і суладнасць існавання, але і загартоўвае арганізм. Без спорту не ўяўляю ніводнага дня. Я — прыхільнік здаровага ладу жыцця. Штодзень праходжу некалькі кіламетраў, праплываю ў басейне не менш за кіламетр, наведваю трэнажорную залу. На трэніроўках абавязкова гуляю з дзецьмі ў футбол і баскетбол, бегаю кросы, — гаворыць С.В.Астапук.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.