На ўлонні прыроды

- 10:35Выхаванне, Выхаваўчая работа

Каб даведацца, які ён — ідэальны аздараўленчы лагер, дастаткова завітаць у “Родник”, што на Вілейшчыне. Тут падлеткі бяруць ад лета па максімуме.

Водар сасновага бору, плёскат вады, птушыныя спевы і гітарныя акорды — для адпачынку ёсць усё. Амаль 180 юных гараджан апошнія спякотныя тыдні лета праводзяц­ь
тут — у палатачным лагеры. Ім асабліва пашанцавала з надвор’ем — вада ў Вілейскім вадасховішчы неверагодна цёплая, таму заплывы можна рабіць хоць дзень напралёт. Праўда, пры наяўнасці шыкоўнай спартыўнай базы прама на пляжы ўсё ж хочацца разнастайнасці. 

Гэтая змена называецца “Лесвіца поспеху”, таму падлеткі імкнуцца паставіць свае рэкорды. Так, напрыклад, “Гінес-шоу” выявіла лепшыя спартыўныя таленты, а падчас чэмпіянатаў па настольным тэнісе, спаборніцтваў па валейболе, футболе правяраюцца ўменні дзяцей ісці да поспеху ў камандзе.

Вольга Булатаўна Кожына, настаўніца матэматыкі гімназіі № 19 Мінска: “Апошнія гадоў дзесяць я штолета прыязджаю ў гэты летнік — без яго маё лета не лета. З ахвотай прыязджаюць сюды і нашы гімназісты. Прычым сярод іх нават прыходзіцца право­дзіць адбор. Пуцёўка ў гэты лагер — цудоўная матывацыя для дзяцей на працягу года прымаць актыўны ўдзел у гімназічных мерапрыемствах”.

Улічваючы, што тут адпачываюць падлеткі ад 11 да 16 гадоў, педагог-арганізатар лагера Святлана Станіславаўна Пялейка палічыла не лішнім прадаста­віць ім магчымасць павучыцца наладжваць зносіны і з супраць­леглым полам. Для гэтага яна правяла забаўляльную праграму “Ану, парачкі!”. Гэта конкурсы, якія вучылі зносінам, уменню дамаўляцца, аказваць знакі ўвагі адно аднаму. Напрыклад, падчас аднаго з конкурсаў дзяўчаты збіралі па зале напісаныя кампліменты ў свой адрас, а хлопцы малявалі іх партрэты. Конкурс “Вузы шлюбу” вучыў дамаўляцца хлопцам і дзяўчатам паміж сабой — без гэтага яны не маглі развязаць адмыслова пераплеценыя рукавы на сваім адзенні. Цікава прайшоў конкурс прычосак, якія хлопцы рабілі дзяўчатам, а падчас дэфіле выбіралі лепшы вобраз. Пара-пераможца артымала прыз — каробку цукерак і араматычныя свечкі. Вечарам на пірсе, пад зорным небам, для іх было арганізавана рамантычнае чаяванне.

Як расказалі васьмікласнікі з сярэдняй школы № 5 Вілейкі, гэты летнік падкупляе магчымасцю выспацца: “Да гэтага мы адпачывалі толькі ў “Зубраняці”, але тут нам падабаецца больш. Лета даецца, каб адпачываць, у тым ліку і ад заняткаў, шматлікіх мерапрыемстваў, увогуле ад раскладу дня, спешкі, страху штосьці не паспець, не зрабіць, не выканаць. Звычайна ў лагеры ўсё распісана па мінутах, вольнага часу амаль няма, а тут мы спачатку высыпаемся (снеданне ў нас ажно ў 10.00), шмат гуляем, выбіраем сабе адпачынак самі і, канечне, купаемся, колькі хочам. А ўжо ўсе лагерныя мерапрыемствы — у дадатак. Яны яркія, цікавыя і 1—2 у дзень, не больш. Вось гэта сапраўдны рэлакс!”

Сёння тут пройдзе інтэрактыўная гульня “Рознакаляровая Беларусь”, дзе на кожнай станцыі дзеці паглыбяцца ў тэмы “Знакамітыя людзі”, “Славутасці”, “Мова”, “Расліны”, “Музыка” і інш. Чакаецца, што гульня праявіць самыя розныя дзіцячыя таленты.

Міхаіл Сцяпанавіч Данілевіч, настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 24 Мінска: “Палатачны лагер у першую чаргу вучыць дзяцей выхо­дзіць з зоны камфорту, загартоўвацца. Гэта ж не на ложку спаць — тут месца для начлегу трэба арганізаваць, потым прыбраць. Нават умыванне халоднай вадой для некаторых спачатку было непрывычным”.

Дзяўчаты з гімназіі № 19 Мінска адзначаюць, што хоць ім не прывыкаць да творчага жыцця (у гімназіі яно вельмі насычанае), усё ж тут, на прыродзе, яны па-новаму раскрываюцца і як сцэнарысты, і як актрысы, танцоркі, грымёры, касцюмеры: у прыродных умовах, калі атрыбутаў для выступлення не хапае, фантазія ўключаецца напоўніцу.

Гэтым летам падлеткі ў лагеры “Родник” уключыліся ў праграмы актыўнага адпачынку. Яны вучыліся здабываць агонь і ваду, абсталёўваць бівак, авалодвалі асновамі палявой медыцыны, асвойвалі акрабатыку і гімнастыку, праходзілі вышынную і каскадзёрскую падрыхтоўку. Незабыўныя эмоцыі ў іх пакінулі і заняткі па верхавой яздзе, гістарычным фехтаванні і рукапашным баі, гульня ў лазертаг і сплавы на байдарках. Усё гэта дазволіла ім і з’яднацца з прыродай, і выпрабаваць сябе.

Святлана НІКІФАРАВА.