На «Унітэхпрам БДУ» ствараюцца прэпараты, у тым ліку і для барацьбы з ракам, якія не маюць аналагаў у свеце

- 9:00Главная, Новости

Пра ўнікальныя распрацоўкі вучэбна-навуковага прадпрыемства карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з яго дырэктарам Паўлам Бычкоўскім.

Кангламерат адукацыі і навукі

— Павел Міхайлавіч, ваша імя як даследчыка добра вядома не толькі айчыннай навуковай грамадскасці, але і міжнароднай. Не магу не запытацца, з чаго пачалося ваша захапленне навукай?

— Са школы. Мая малая радзіма — вёска Шастовічы, да нядаўняга часу Пет­рыкаўскага раёна. Вучыўся я спачатку ў мясцовай школе, а пасля — у Глініцкай сярэдняй школе Мазырскага раёна. Там мае здольнасці да дакладных навук заўважылі настаўніца хіміі Таццяна Мікалаеўна Баб­роўнічая і настаўніца алгебры Людміла Фёдараўна Васкевіч, за што я ім неверагодна ўдзячны. Пад іх кіраўніцтвам з класа 8-га ўдзельнічаў у алімпіядах па хіміі і матэматыцы, паказваў пэўныя вынікі. Яны і натхнілі мяне на паглыбленае вывучэнне гэтых прадметаў, разам з тым адкрываў для сябе свет эксперыментаў і нязведаных магчымасцей. Натуральна, пасля школы я выбраў хімічны факультэт БДУ. Затым было размеркаванне ў лабараторыю хіміі мадыфікаваных поліцукрыдаў Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ.

— Прычым Белдзяржуніверсітэт стаў для вас не толькі першым працоўным месцам, але і пляцоўкай для рэалізацыі творчых планаў.

— Так. У БДУ я прайшоў шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да дырэктара вучэбна-навуковага прадпрыемства “Унітэхпрам БДУ”, якое ўзначальваю апошняе дзесяцігоддзе. На працягу ўсіх 35 гадоў у БДУ лабараторныя даследаванні і адкрыццё новага былі ў прыярытэце.

— Вы аўтар звыш 250 навуковых работ і каля 30 патэнтаў на вынаходствы, прычым розных краін, а яшчэ вы суаўтар больш за 20 вучэбна-метадычных дапаможнікаў. Дзе бераце натхненне і ідэі?

— Шлях складаны і цярністы ад навуковай ідэі да арганізацыі вытворчасці арыгінальнай прадукцыі. Асабліва калі гава­рыць пра стварэнне лекавых прэпаратаў, бо ў гэтым працэсе ўдзельнічае мноства хімікаў, урачоў і іншых спецыялістаў. Спачатку прадумваюць гіпотэзу магчымага прэпарату, затым распрацоўваюць сам прэпарат, вырабляюць доследныя ўзоры, якія праходзяць папярэднюю апрабацыю ў лабараторыі, на клетках, жывёлах, і толькі пасля гэтага атрымліваюць дазвол на правядзенне клінічнага выпрабавання прэпарату. Напэўна, натхненнем служыць той факт, што нашы прэпараты выратоўваюць жыцці людзей.

Інавацыйныя рашэнні

— Слоган “Унітэхпрама БДУ” гучыць так: “Мы працуем па поўным інавацыйным цыкле — ад фармулёўкі тэхнічнага задання да серыйнай вытворчасці прадукцыі”. Ці шмат часу неабходна для стварэння гатовага прадукту?

Нагадаю, калектыў “Унітэхпрама БДУ” зай­маецца распрацоўкай і ўкараненнем у вытворчасць лекавых прэпаратаў і фармацэўтычных субстанцый, інгрэдыентаў для харчовай прамысловасці, сучасных хіміка-­аналітычных і спецыяльных тэхналогій, вытворчасцю вымяральнага абсталявання, прыбораў медыцынскага прызначэння.

“Унітэхпрам БДУ” — шматпрофільнае прадпрыемства, створанае ў верасні 1999 года для камерцыялізацыі распрацовак вучоных БДУ, якое ў 2017 годзе атрымала статус навукова-тэхналагічнага парка.

Апошнім часам мы актыўна працуем над укараненнем арыгінальных супраць­пухлінных лекавых прэпаратаў, медыцынскага абсталявання. Намі распрацаваны комплексы для харчавання цяжарных і кормячых жанчын, харчовыя дабаўкі для пякарнай, мясной, кандытарскай галіны, вытворчасці напіткаў.

Мы перакананы: наша галоўная задача, каб навука не стаяла на месцы, а дзеля гэтага неабходна прапаноўваць грамадству новую і якасную прадукцыю, шукаць інавацыйныя вырашэнні пытанняў. Сёння важна яшчэ больш удасканальваць айчынную фармацэўтычную вытворчасць, каб забяспечыць нашаму народу лекавую бяспеку. Прадукцыя нашага парка запатэнтавана, многія арыгінальныя прэпараты прадстаўлены на міжнароднай арэне.

Калі гаварыць пра стварэнне пэўнага лекавага сродку, то на пачатковых этапах яго распрацоўкі праводзяцца хімічныя, фізічныя, біялагічныя, мікрабіялагічныя, фармакалагічныя, таксікалагічныя і іншыя даследаванні на тканках — лабараторныя даследаванні ў прабірках (in vitro) або на лабараторных жывёлах (in vivo). Гэта так званыя даклінічныя даследаванні. Пасля праводзяцца клінічныя выпрабаванні, адпрацоўка тэхналогіі вытворчасці, выпуск доследных партый і нарэшце першай прамысловай серыі. На такі працэс атрымання канчатковага прадукту неабходна ад 5 да 10 гадоў пры ўдалым збегу ўсіх акалічнасцей.

— Вясной быў адкрыты мадэрнізаваны цэх па вытворчасці ўнікальных лекаў. Якіх?

— Мадэрнізацыя праводзілася ў рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця на 2018—2025 гады. Была праведзена тэхнічная мадэрнізацыя часткі памяшканняў у будынку “Унітэхпрама БДУ” і яго асна­шчэнне высокатэхналагічным сучасным абсталяваннем, якое адпавядае міжнародным стандартам GMP. У выніку мадэрнізацыі адкрыты новыя вытворчыя ўчасткі, дзе наладжаны выпуск прэпаратаў, якія не маюць аналагаў у свеце. Гаворка ідзе пра супрацьспаечны, анты­бактэрыяльны і супрацьпухлінны прэпараты. Гэтыя лекі раней у нашай краіне не выраб­ляліся і распрацаваны беларускімі вучонымі.

Адзін з іх — гель “Праспідэлонг”, прызначаны для лячэння раку страўніка і выкарыстання ў якасці лакальнай хіміятэрапіі пры гэтым захворванні. Ён, дарэчы, у 20 разоў таннейшы, чым амерыканскі аналаг. Другі — “Антыспайк” — супраць­вірусны, антымікробны і супрацьспаечны гель бар’ернага тыпу. Прымяняецца для прафілактыкі спайкаўтварэнняў пры хірургічных умяшаннях на органах брушной поласці. Яго прымяненне перашкаджае развіццю лейкацытозу і не аказвае негатыўнага ўплыву на згушчальнасць крыві.

Трэцяя распрацоўка — “Фосцэлантан” — інавацыйны прэпарат па паскарэнні рэгенерацыі пашкоджаных тканак. Вобласць яго выкарыстання ў медыцыне вельмі шырокая. Сродак паскарае за­жыўленне ран пры фурункулах, абсцэсах, тэрмічных апёках, трафічных язвах. Акрамя гэтага, прэпарат незаменны пры лячэнні хірургічных швоў, рэзаных, колатых ран і прафілактыкі інфекцыйных ускладненняў.

Раней у Беларусі падобныя фармацэў­тычныя сродкі не вырабляліся. Іх выпуск забяспечыць нашу краіну даступнымі сродкамі лячэння і дасць магчымасць павы­сіць якасць жыцця пацыентаў, скараціўшы тэрміны іх знаходжання ў бальніцах. Акрамя таго, рэалізацыя такіх прэпаратаў забяспечыць лекавую бяспеку нашай краіны, бо дасць незалежнасць ад імпартных паставак.

Звёны аднага ланцуга

— Хто ўваходзіць у склад каманды “Унітэхпрама БДУ”?

— Каля сотні высакакласных спецыя­лістаў розных галін. Кожны з іх вельмі важны і патрэбны, бо ўсе мы звёны аднаго ланцуга. Разам мы робім неабходную справу — а гэта і ёсць праяўленне патрыятызму.

Разам са мной на прадпрыемстве “Унітэхпрам БДУ” працуе шмат маіх вучняў. На працягу многіх гадоў пад маім кіраўніц­твам выканана больш за 20 дыпломных работ, 7 магістарскіх і абаронена кандыдацкая дысертацыя Сяргеем Саламевічам.

— Як маладому вучонаму сарыентавацца ў магчымасцях “Унітэхпрама БДУ”?

— У гэтым яму дапамогуць уласнае жаданне як мага хутчэй уключыцца ў даследчы працэс і пастаянныя зносіны ў калектыве з абмеркаваннем праблематыкі пастаўленых задач. Увогуле, мы заўсёды падтрымліваем сваіх маладых спецыя­лістаў і дапамагаем рэалізавацца ў навуковай сферы.

— Хацелася б пачуць ваша пасланне беларускім вучоным.

Ствараючы новую інавацыйную прадукцыю і робячы адкрыцці, будзьце карыснымі свайму народу і Айчыне.

— Павел Міхайлавіч, дзякуй за раз­мову!

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва героя