На ўрок да чэмпіёнаў

- 14:28Выхаванне
На пачатку новага навучальнага года па ініцыятыве Міністэрства адукацыі ў сталіцы прайшлі “Урокі чэмпіёнаў”, у якіх удзельнічалі знакамітыя спартсмены – пераможцы і прызёры Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы, сусветных Універсіяд, а таксама кіраўнікі і трэнеры спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў. Госцяй 11-й гімназіі Мінска стала “залатая рыбка” беларускага плавання Аляксандра Герасіменя.

Думаецца, сама Аляксандра і не чакала, што пра яе ўжо складаюць загадкі.
Назавіце спартсменку, якую ў Беларусі называюць і “залатой рыбкай”, і “каралевай спорту”, і якая ўвайшла ў пяцёрку лепшых спартсменаў нашай краіны… “Аляксандра Герасіменя!” — гучна і стройным хорам, над якім, здаецца, нямала папрацавалі педагогі, адказваюць гімназісты.
Спартсменка павіншавала ўсіх з новым навучальным годам і падзялілася сакрэтам уласнага поспеху. “Для таго, каб нечага дасягнуць, трэба вельмі хацець гэтага і шмат працаваць, — адзначыла Аляксандра. — І не толькі ў спартыўнай сферы, але і ў любой іншай”.
Па просьбе гімназістаў яна адказала на іх шматлікія пытанні.

— Якую адукацыю вы маеце і як удавалася сумяшчаць вучобу і спорт?
— Я скончыла школу, і гэта ўжо нямала (смяецца). Маёй першай установай вышэйшай адукацыі з’яўляецца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Пасля я вучылася ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, які скончыла ў гэтым годзе. Цяпер працягваю навучанне ў адным з каледжаў у Оксфардзе і магу сказаць, што часам бывае вельмі няпроста. Сумяшчаць вучобу і спорт вельмі складана, але магчыма. Канечне, даводзілася ўвесь час пераключаць увагу то на вучобу, то на спорт, але гэта каштавала намаганняў.

— Як вы пачалі займацца спортам, чаму менавіта плаваннем? Якія якасці, на ваш погляд, спорт развівае?
— Усё пачалося вельмі звычайна, мне патэлефанаваў сябра і запрасіў у басейн. Якраз у гэты дзень быў набор у спартыўную школу, і мяне ўзялі. Так і пачалася мая спартыўная кар’ера. Недзе ў дзесяць з паловай гадоў.
Што да якасцей, то спорт развівае дысцыплінаванасць. Для любога спартсмена рэжым — гэта вельмі важна. Мой дзень быў распісаны літаральна па гадзінах. Яшчэ магу сказаць, што спорт выхоўвае ўменне працаваць.

— Аляксандра, вы здымаліся ў кіно, дзе ігралі саму сябе. Якія ўражанні ад гэтага вопыту?
— Сапраўды, я здымалася ў беларускім серыяле, які так і не выйшаў на экраны. Пра яго далейшы лёс пакуль нічога не ведаю. Гэта было вельмі цікава. Я пазнаёмілася з многімі людзьмі, прафесіяналамі ў сваёй справе, назірала здымачны працэс знутры. Дарэчы, кіно зусім не пра спорт. Але я іграла там Аляксандру Герасіменя, так што нічога выдумляць не прыйшлося.

— Колькі ў вас медалёў?
— Прызнаюся, не ведаю. Ніколі іх не лічыла. Мае перамогі застаюцца ў мінулым. Я памятаю пра іх, але стараюся не акцэнтаваць увагі. Гэта дапамагае рухацца наперад.

— Ці свавольнічалі вы ў школе?
— Было… Памятаю, як залеплівалі дзверы гумкай, каб настаўніца не магла ўвайсці. Такіх момантаў было нямала. Увогуле, я ўспамінаю свае школьныя гады з усмешкай. Калі ты школьнік, то, здаецца, што гэта так складана, і хутчэй хочацца стаць дарослым. А потым так хочацца вярнуцца ў дзяцінства.

— Аляксандра, цяжка займацца спортам?
— Калі сур’ёзна займацца справай, гэта заўсёды нялёгка. Аднак мне вельмі падабаецца тое, што я раблю. Я люблю рух, мне патрэбна пастаяннае дзеянне. У мяне вельмі шмат энергіі, якую неабходна рэалізаваць.

— Раскажыце, калі ласка, пра Алімпійскія гульні ў Лондане…
— Магу сказаць, што гэта былі самыя напружаныя гульні ў маёй кар’еры. Было шмат удзельнікаў, і абсалютна ўсе былі падрыхтаванымі на такім высокім узроўні, што, натуральна, ехалі ў Лондан за перамогай. Напружанне адчувалася ў дзеяннях людзей, у іх рухах. На шчасце, для мяне ўсё склалася добра. Цяпер у маіх планах выступаць на Алімпіядзе ў Бразіліі.

— Ці баяліся вы калі-небудзь выступаць на спаборніцтвах?
— Я і цяпер баюся (смяецца).

— А як вы адпачываеце?
— Гэтак жа, як і вы. Люблю праводзіць вольны час з сябрамі, з сям’ёй, дома.

Сустрэча завяршылася аўтограф-сесіяй, падчас якой Аляксандра Герасіменя пакінула подпіс на памяць не толькі кожнаму з прыхільнікаў свайго таленту, але і на школьных плакатах.
Таксама Аляксандра паўдзельнічала ва ўроках бараўлянскай сярэдняй школы № 2 Мінскага раёна і Мінскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа.

Сярэднюю школу №121 і Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж наведала знакамітая лёгкаатлетка Аліна Талай, якая яшчэ раз прадэманстравала сваё майстэрства на апошняй сусветнай Універсіядзе ў Казані, дзе заняла другое месца ў бегу з бар’ерамі.
Уладальнік Кубка Беларусі капітан футбольнага клуба “Мінск” Андрэй Разін стаў госцем у сталічнай школе № 1.
Трэнер хакейнага клуба “Юнацтва” Валерый Пальшакоў і ўдзельнік Алімпійскіх гульняў 2002 года і чэмпіянату свету 2010 года хакеіст Сяргей Шабанаў сталі ўдзельнікамі сустрэчы з юнымі аматарамі спорту, якая прайшла ў Доме футбола. Таксама для школьнікаў сталіцы былі арганізаваны сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, якія з’яўляюцца чэмпіёнамі і прызёрамі сусветных Універсіяд, чэмпіянатаў свету і Еўропы.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.