Хапіла паўгадзіны, каб адчуць настаўніцкую энергетыку Марыны Маршалак. Марына Антонаўна — настаўнік-метадыст, які выкладае ў пачатковых класах сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска. І на яе ўроках можна ўбачыць сапраўдны метадычны калейдаскоп. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
“Урок — асноўная частка школьнага жыцця вучня, таму стараюся, каб на ім заўсёды было цікава і пазнавальна. Вельмі дапамагаюць тэхналогіі праблемнага навучання, развіцця крытычнага мыслення, праектная дзейнасць, інфамацыйныя тэхналогіі, вучэбныя гульні, здароўезберагальныя тэхналогіі. І гэта далёка не поўны пералік паспяховых метадычных складнікаў сучаснага ўрока”, — адзначыла настаўніца.
Праблемнае навучанне развівае творчае мысленне школьнікаў, фарміруе ў іх навыкі аналізу, сінтэзу, параўнання, абагульнення, устанаўлення прычынна-выніковых сувязей, навуковага прагназавання — лагічных аперацый, неабходных для выбару правільнага рашэння.
“Асаблівую цікавасць у вучняў выклікае правядзенне даследавання, якое ўключае фармуляванне праблемы, складанне плана даследавання, плана вырашэння пастаўленай праблемы, планаванне і правядзенне назіранняў, аналіз і ацэнку вынікаў дзейнасці, складанне экспертнага заключэння, — працягнула Марына Антонаўна. — Пошук шляхоў актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў прывёў мяне да ідэі правядзення ўрокаў, пабудаваных на ініцыятыве саміх дзяцей. Сярод іх асаблівае месца займае праектны. Важная рыса гэтага метаду ў тым, што, асвойваючы тэхналогію праектавання, навучэнцы набываюць уласны вопыт інтэлектуальнай дзейнасці. Гэтая тэхналогія нацэлена на развіццё асобы вучняў, іх самастойнасці, творчасці, дазваляе спалучаць усе формы работы: індывідуальную, парную, групавую, калектыўную”.
А выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій, па меркаванні маёй суразмоўніцы, мэтазгодна на ўсіх этапах урока па любой тэме — як спосаб стварэння праблемнай сітуацыі, тлумачэння новага матэрыялу, як форма замацавання вывучанага, праверкі дамашняга задання, як спосаб праверкі ведаў у працэсе ўрока.
“Матэрыялы да ўрока падбіраю так, каб стварыць сітуацыю поспеху на шляху ад няведання да ведаў, ад няўмення да ўмення. Выкарыстанне ІКТ значна разнастаіла маю падрыхтоўку да ўрокаў. Урокі сталі больш цікавымі, дынамічнымі, запамінальнымі, нетрадыцыйнымі”, — расказала педагог.
Здароўезберагальныя тэхналогіі ва ўрочнай дзейнасці Марыны Антонаўны таксама займаюць асаблівае месца, бо “здаровы вучань — паспяховая асоба”. На ўроках і мерапрыемствах настаўніца актыўна займаецца далучэннем дзяцей да вядзення здаровага ладу жыцця. Работа ў гэтым кірунку будуецца на развіцці псіхічнага, духоўна-маральнага здароўя, сацыялізацыі дзяцей у грамадстве.
У сваёй дзейнасці настаўніца часта выкарыстоўвае наглядны спосаб падачы інфармацыі, “паколькі розныя сродкі і прыёмы візуалізацыі робяць урок больш інфарматыўным і эфектыўным”. У сувязі з гэтым выкарыстоўвае як традыцыйныя спосабы візуалізацыі (апорныя схемы, табліцы, прэзентацыі), так і новыя: мнемакарты, кросенс, пантбук (пашпарт тэмы), воблака слоў, таймлайн, інтэлект-карты, калажы, інфаграфіку, скрайбінг, інтэрактыўныя заданні.
Фарміраванне функцыянальнай адукаванасці ў малодшых школьнікаў — працэс актуальны, таму і гэты кірунак Марына Антонаўна развівае вельмі актыўна.
“Фарміраванне функцыянальнай адукаванасці — працэс, які патрабуе комплекснага падыходу. Важна пачынаць са стварэння кантэксту, які звязаны з рэальным жыццём дзяцей. Так, пры вывучэнні матэматыкі можна выкарыстоўваць прыклады са штодзённага жыцця: купля тавараў у магазіне, размеркаванне цукерак паміж сябрамі. Чытанне тэкстаў, якія змяшчаюць практычную інфармацыю, таксама спрыяе развіццю адукаванасці. Дзеці могуць працаваць з простымі інструкцыямі, аб’явамі або табліцамі, што дапамагае навучыцца здабываць патрэбную інфармацыю. Інтэрактыўныя формы навучання, уключаючы групавыя праекты і гульні, робяць працэс больш займальным. Ролевыя гульні, у якіх дзеці прымяраюць на сябе розныя сацыяльныя ролі, дапамагаюць зразумець, як веды прымяняюцца ў рэальных сітуацыях. Рэгулярная практыка крытычнага мыслення, напрыклад, абмеркаванне прачытанага або прагледжанага матэрыялу, фарміруе ў дзяцей здольнасці задаваць пытанні і знаходзіць рашэнні”, — падзялілася настаўніца.
Марына Маршалак — актыўны чалавек, таму і да класнага кіраўніцтва ставіцца з энтузіязмам.
“Як класны кіраўнік стараюся выхоўваць годных грамадзян сваёй краіны, таму імкнуся развіваць сваіх вучняў усебакова не толькі ў школе, але і за яе межамі. У прыватнасці, мы вывучаем Мэты ўстойлівага развіцця ў вырашэнні глабальных праблем сучаснасці. Дзеці павінны ўсведамляць іх значнасць. Шмат увагі ўдзяляю фарміраванню грамадзянскасці і патрыятызму. Мы наведваем музеі і падарожнічаем па родным краі. Акрамя таго, цесна супрацоўнічаю з бацькамі. Калі бацькі актыўна ўдзельнічаюць у адукацыйным працэсе, гэта павышае іх зацікаўленасць у вучобе дзіцяці і спрыяе фарміраванню станоўчага стаўлення да навучання. Мы пастаянна на сувязі”, — паведаміла Марына Антонаўна.
У выніку навучэнцы дэманструюць высокія паказчыкі: іх сярэдні бал — больш за 8. У класе дзевяць выдатнікаў. Яны лепшыя на алімпіядах і займаюць 1-е месца ў раёне на конкурсе даследчых работ.
Актыўнасці педагога хапае і на калег. Яна павышае кваліфікацыю на прафесійных курсах, удзельнічае ў вэбінарах і практыка-арыентаваных семінарах, навукова-практычных канферэнцыях. Часта бывае дакладчыкам, экспертам або вядучай майстар-класаў. У 2020 годзе ўдзельнічала ў конкурсе “Настаўнік года”, стала настаўнікам года Ваўкавышчыны. З’яўляецца кіраўніком школьных і раённых метадычных аб’яднанняў як настаўнік, класны кіраўнік, кіраўнік школьнага лагера з дзённым знаходжаннем (на гэтую пасаду заступала ўжо 12 разоў!). Штогод ажыццяўляе метадычнае суправаджэнне псіхолага-педагагічнай практыкі студэнтаў. Цяпер актыўна вывучае магчымасці штучнага інтэлекту. Не дзіўна, што, калі запытала ў яе чацвёртакласнікаў, ці добрая ў іх настаўніца, яны гучна і задаволена закрычалі: “Так!” А Марына Антонаўна заўсёды памятае запавет Васіля Ключэўскага: “Каб быць добрым настаўнікам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і любіць тых, каму выкладаеш”.
***
Дырэктар сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Аляксандр Бакуновіч — практыкуючы настаўнік матэматыкі. Напэўна, таму ў навучальнай установе вялікую ўвагу ўдзяляюць прафесійнаму росту педагогаў. На сёння ў настаўніцкім калектыве 115 чалавек (93,9% маюць вышэйшую педагагічную адукацыю).
З 2022 года ва ўстанову прыйшло пяць маладых спецыялістаў. Два маладыя педагогі скончылі магістратуру. У школе арганізавана дыферэнцыраваная сістэма метадычнай работы, накіраваная на рост прафесійнага майстэрства педагогаў. У 2023 годзе настаўніца пачатковых класаў Аксана Свістунова і настаўніца замежнай мовы Ксенія Арцюх атрымалі дыпломы І ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Аксана Віктараўна была ўзнагароджана дыпломам III ступені на заключным этапе конкурсу.
За тры гады экзамен на атрыманне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі здалі дзесяць настаўнікаў. Настаўніцы пачатковых класаў Марына Маршалак і Аксана Свістунова сталі настаўнікамі-метадыстамі.
Вынікам майстэрства педагогаў з’яўляюцца поспехі вучняў у конкурсах, алімпіядах, даследчых канферэнцыях. За тры гады 11 навучэнцаў сталі прызёрамі трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Кацярына Градовіч — стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Па выніках 2023/2024 навучальнага года атрыманы два 100-бальныя вынікі на ЦЭ па матэматыцы. Адзін 100-бальны сертыфікат — на ЦТ па гісторыі Беларусі. На абласных навукова-практычных канферэнцыях па выніках мінулага навучальнага года заваявана чатыры дыпломы, на рэспубліканскіх — сем.
У школе функцыянуе група прафесійнай накіраванасці для арыентацыі на атрыманне педагагічнай спецыяльнасці. За тры гады на педагагічныя спецыяльнасці ва УВА паступілі 19 навучэнцаў. Ёсць група ваенна-патрыятычнай накіраванасці. З 2023/2024 навучальнага года дзейнічае група інжынернай накіраванасці. З бягучага навучальнага года шэсць навучэнцаў у рамках вучэбных гадзін вывучаюць хімію і біялогію на павышаным узроўні і асвойваюць праграму факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў медыцынскую прафесію”.
Дзейнасць рэсурсных цэнтраў дазваляе арганізаваць работу з адоранымі навучэнцамі. Ва ўстанове дзейнічаюць рэсурсныя цэнтры па рускай мове і літаратуры, інфарматыцы, фізіцы, абслуговай працы.
У школе актыўна развіваецца інавацыйная дзейнасць — рэалізуюцца адпаведныя праекты. Дзейнічае бізнес-кампанія. Заўсёды адкрыты для наведвальнікаў народны музей гісторыі Ваўкавышчыны.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара