На ўсе 100: наваполацкія педагогі выбудавалі адметную сістэму работы з высокаматываванымі навучэнцамі

- 12:04Витебская область, Планерка

Лепшыя ў вобласці вынікі цэнтралізаванага экзамену, рэкордная колькасць медалістаў: як удаецца Наваполацку ўтрымліваць і ўзнімаць планку? Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала намеснік начальніка аддзела па адукацыі гарвыканкама Алеся Шарлай.

— У мінулым годзе нашы выпускнікі атрымалі 20 стабальных сертыфікатаў на ЦЭ і ЦТ, сёлета 19. Хаця, шчыра прызнацца, былі ў нас пэўныя асцярогі ў сувязі з увядзеннем заданняў пятага ўзроўню складанасці: ці справяцца дзеці? Але мы старанна рыхтаваліся, і ў выніку нашы разумнікі і разумніцы дастойна вытрымалі іспыты. Сярэдні бал ЦЭ па горадзе складае 71 — гэта суадносна з мінулагоднім паказчыкам, што ў сваю чаргу з’яўляецца для нас маркерам эфектыўнасці выбудаванай сістэмы работы, матывуе на яе далейшае ўдасканаленне. Ёсць у Наваполацку рэкардсмены, якія задаюць тон астатнім установам адукацыі. Напрыклад, у сярэдняй школе № 12 сярэдні бал ЦЭ дасягнуў 81, прычым з 29 выпускнікоў 19 — медалісты. Дастойны і стабільны вынік, не разавы поспех: летась школа таксама дэманстравала лепшыя балы па Наваполацку і займала лідарскія пазіцыі ў вобласці.

Асабліва значна, што выдатнымі дасягненнямі радуюць выпускнікі многіх устаноў адукацыі горада. Нашы медалісты — а іх сёлета 65 — вынікамі ЦЭ і ЦТ пацвер­дзілі атэстат. Зразумела, гэта плён вялікай 11-гадовай сумеснай працы ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Варта дадаць, што гэтаму садзейнічае і маштабная праф­арыентацыйная работа, якую мы пачынаем весці літаральна з першых дзён дзіцяці ў школе. А папярэдні вынік бачым у 8 класе, калі фарміруем дапрофіль. На працягу навучання ў 8—9 класах паслядоўна на­цэльваем дзяцей і бацькоў, што трэцяя ступень — аснова для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. За школьнікаў, якія па розных прычынах не гатовы вучыцца на павышаным узроўні, з 8 класа ў педагогаў асаблівы клопат. Мы рупліва працуем над запаўненнем прабелаў, і нярэдка пас­пяховасць выраўноўваецца. Аднак у выпадку, калі ў дзіцяці не атрымліваецца, відавочна трэба арыентавацца на атрыманне прафесіі і займаць дастойнае месца ў жыцці. Аптымальную адукацыйную траекторыю выбіраем індывідуальна з кожным вучнем, абмяркоўваем сумесна з яго баць­камі. У нашым рэгіёне дастаткова каледжаў, на любы густ і запыты. Безумоўна, мы цесна супрацоўнічаем з Наваполацкім дзяржаўным політэхнічным каледжам, які рыхтуе кадры для нафтахімічнага комп­лексу і будаўнічай галіны. Зацікаўле­насць у тым, каб кадры заставаліся ў родным горадзе, узаемная. І гэты напрамак вельмі важны.

Такім чынам, у старшыя класы ідуць матываваныя дзеці з трывалымі ведамі, здольныя спраўляцца з сур’ёзнымі вучэбнымі нагрузкамі. Ужо 4 гады ў Наваполацку 10—11 класы функцыянуюць толькі з вывучэннем прадметаў на павышаным узроўні. Адзінае выключэнне склада­юць спецыялізаваныя класы, дзе рыхтуюць нашых юных спартсменаў, якія сумяшча­юць з вучобай на базавым узроўні інтэн­сіўныя трэніроўкі. Дарэчы, калі гаварыць пра выбар выпускнікоў 11 класа: трэці год запар кожны трэці з іх становіцца студэнтам ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай.

Наша гордасць і скарб — настаўнікі, якія стабільна працуюць на высокім узроўні. Як правіла, яны з году ў год рыхтуюць не толькі абітурыентаў з высокімі баламі, але і моцных юных даследчыкаў, пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Не стану пералічваць прозвішчы: іх многа і яны на слыху, у тым ліку дзякуючы публікацыям у “Настаўніцкай газеце”. Ра­зам з тым у дачыненні да навучэнцаў не ўсе алімпіяднікі паказваюць стабальныя вынікі і не ўсе стабальнікі — актыўныя ўдзельнікі алімпіяднага руху. Гэта сумежныя, аднак адрозныя напрамкі.

Несумненна, утрымліваць высокую планку дапамагае не толькі фарміраванне профіляў на трэцяй ступені, але і нала­джаная сістэма факультатыўных заняткаў, індывідуальнай работы з навучэнцамі, абмену педагагічным вопытам праз метадычныя аб’яднанні, пастаянны пошук новых падыходаў і ўкараненне перспектыўных знаходак. Так, сёлета гарадскі вучэбна-метадычны кабінет правёў фес­тываль “Інавацыі ў дзеянні”, у ходзе якога на працягу некалькіх месяцаў кожная наша ўстанова адукацыі прадстаўляла педагагічным калектывам свае інавацыйныя практыкі па розных напрамках. Атрымалася добрая калабарацыя, цікавы і творчы інтэнсіў па абмене лепшым вопытам. Спадзяёмся, што новы навучальны год натхніць нашых педагогаў і навучэнцаў на яшчэ большыя здзяйсненні.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара