Грунтоўная дапрофільная падрыхтоўка і вывучэнне вучэбных прадметаў і модуляў на паглыбленым узроўні — два найважнейшыя складнікі, якія павышаюць эфектыўнасць выніковай работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі. Па гэтым прынцыпе будуецца работа з дзецьмі, якія прыходзяць вучыцца ў гімназію Клецка, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Падарожжа ў Smart Camp
Выяўленне адораных і высокаматываваных навучэнцаў праводзяць адразу пасля паступлення дзяцей у гімназію. Дыягнастычная работа і псіхалагічнае суправаджэнне, далучэнне навучэнцаў да ўдзелу ў конкурсах дазваляюць выявіць матываваных вучняў і пабудаваць індывідуальную праграму падрыхтоўкі для далейшага развіцця іх здольнасцей.
“Нашы настаўнікі актыўна далучаюць навучэнцаў да ўдзелу ў конкурсах пачынаючы з 5 класа, — расказвае дырэктар гімназіі Клецка Іна Ждановіч. — Дзякуючы зладжанай працы калектыву, у апошнія гады ў нас пабудавана эфектыўная работа з такімі навучэнцамі. Гэта пацвярджаюць шматлікія дыпломы, якія дзеці прывозяць з конкурсаў і алімпіяд”.
З адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі ў гімназіі працуюць па трох кірунках. Першы — гэта ўрочная і пазаўрочная дзейнасць.
“Традыцыйныя і інавацыйныя ўрокі, якія праводзяцца з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, маюць вялікае значэнне ў рабоце з матываванымі навучэнцамі, — упэўнена Іна Ждановіч. — Такія заняткі арганізоўваюцца ў выглядзе дыскусій, гутарак, ролевых гульняў і г.д.
Яшчэ адзін кірунак, у якім гімназія Клецка мае высокія паказчыкі, — гэта навукова-даследчая дзейнасць і ўдзел у прадметных алімпіядах.
“Штогод на алімпіядах рознага ўзроўню навучэнцы гімназіі заваёўваюць прызавыя месцы. Так, у мінулым навучальным годзе скарбонку дасягненняў установы папоўнілі восем дыпломаў І ступені, шэсць — ІІ ступені і чатыры дыпломы ІІІ ступені прадметных алімпіяд і творчых конкурсаў, — працягвае дырэктар установы. — Навучэнка 11 класа Ангеліна Канстанцюк атрымала два дыпломы, І і ІІ ступеней, на XXIX Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Шэкспіраўскія чытанні — 2022”.
Сваімі дасягненнямі ў мінулым навучальным годзе парадавалі і навучэнцы 8 класа, якія прывезлі ў гімназію дыплом І ступені з раённай алімпіяды па англійскай мове. Спаборніцтва складалася з двух этапаў. Першы — краіназнаўства, а другі этап быў творчым: неабходна было прадставіць Вялікабрытанію. Вучні гімназіі выступілі ў ролях Шэрлака Холмса і доктара Ватсана. Дзякуючы творчаму падыходу і, зразумела ж, грунтоўным ведам, гімназісты сталі лепшымі ў гэтым кірунку.
Значную ролю ў рабоце з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі ў гімназіі адводзяць дадатковай адукацыі, удзелу ў дыстанцыйных алімпіядах і курсах, а таксама самастойнай працы. Гэтаму спрыяюць заняткі ў рэсурсным цэнтры па англійскай мове, якім кіруе настаўнік англійскай мовы Андрэй Рабкавец.
“На сайце гімназіі ў адпаведным раздзеле вучні могуць знайсці заданні для падрыхтоўкі да алімпіяд, — падзялілася настаўніца англійскай мовы Ларыса Буйвіла. — Штогод навучэнцы гімназіі становяцца ўдзельнікамі Smart Camp — абласнога аздараўленчага лагера, які працуе летам на базе Маладзечанскай санаторнай школы-інтэрната. У ім збіраюцца дзеці, якія зацікаўлены ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў рэспубліканскіх алімпіядах па многіх прадметах, у тым ліку па англійскай мове”.
Беларускі каларыт
У бягучым навучальным годзе на XXV конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці “Ад даследаванняў да адкрыццяў” навучэнка 11 класа Аляксандра Буйвіла атрымала дыплом І ступені, а навучэнец 10 класа Дзяніс Абабурка — дыплом ІІ ступені.
“Я вывучала лексічныя трансфармацыі навелы “Мёртвым не баліць” Васіля Быкава ў перакладзе на англійскую мову, — расказала Аляксандра Буйвіла. — Гэтая тэма была выбрана не выпадкова. Дзякуючы маёй маме, настаўніцы англійскай мовы, я вельмі люблю гэты прадмет. Да таго ж люблю літаратуру. Лічу, што ў нас атрымалася вельмі цікавая работа”.
Выбіраючы тэму для навуковай работы, навучэнцы працуюць сумесна з настаўнікамі, якія выступаюць у ролі куратараў: падказваюць, якімі крыніцамі карыстацца, дзе шукаць інфармацыю, каб найбольш поўна раскрыць змест даследавання.
Сёлета да вывучэння тэмы, якую выбрала Аляксандра Буйвіла, далучылі настаўніка беларускай літаратуры. Патрабавалася прафесійная парада наконт таго, які твор Васіля Быкава, акрамя тых, што ёсць у школьнай праграме, можна выбраць для даследавання.
“Мэтай работы стала параўнанне арыгінала твора і перакладу навелы на англійскую мову з выкарыстаннем трансфармацый, — расказала Аляксандра. — У выніку мы прыйшлі да высновы, што перакладчыкі не могуць перадаць усю тую атмасферу, якую адлюстраваў Васіль Быкаў у арыгінале. Яны не могуць перадаць каларыт беларускага народа, яго самабытнасць англійскім словам. Асаблівыя цяжкасці ў аўтараў англійскай версіі выклікаў пераклад дыялектызмаў. Чытаючы пераклад, мы прасачылі, што замест іх перакладчыкі выкарыстоўваюць апісальныя фразы: у англійскай мове няма такога багатага слоўнікавага запасу, каб перадаць увесь сэнс, усю атмасферу, адлюстраваную ў творы Васіля Быкава”.
Эрудыты і “савяняты”
Акрамя бездакорнага валодання англійскай мовай, у навучэнцаў гімназіі Клецка высокія паказчыкі ў вывучэнні гісторыі і грамадазнаўства.
“На працягу доўгага часу гімназія з’яўляецца лідарам у падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд па гэтых прадметах, — пацвердзіў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Вадзім Абрамовіч. — У апошнія тры гады нашы вучаніцы Ангеліна Канстанцюк і Сафія Аўдзей з’яўляюцца ўдзельнікамі рэспубліканскага этапу алімпіяды па грамадазнаўстве і прывозяць з яе дыпломы. Да таго ж мае навучэнцы ўдзельнічаюць у алімпіядах па фінансавай дасведчанасці, у конкурсе “100 ідэй для Беларусі”.
У гімназіі таксама развіваюць інтэлектуальны кірунак работы. Навучэнцы, якія займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах “Эрудыт” пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі, таксама паказваюць добрыя вынікі ў многіх конкурсах і турнірах. У мінулым навучальным годзе ў чэмпіянаце краіны сярод навучэнцаў 5—7 класаў “Савяня” юныя інтэлектуалы занялі 2-е месца. Таксама 2-е месца знатакі атрымалі на Сінхронным чэмпіянаце сярод школьнікаў па інтэлектуальных гульнях. А каманда “Што не, калі так”, у якую ўваходзяць навучэнцы 9 класа, прывезла ў гімназію дыплом ІІІ ступені з гульні “Думка беларуская — 2022”, якая была прысвечаны Дню народнага адзінства.
“Каб падтрымліваць цікавасць да навукі, нашы навучэнцы на працягу 5 сезонаў прымаюць удзел у здымках праекта “Ведаю”, — зазначыў настаўнік гісторыі. — Для ўдзелу ў ім дзеці праходзяць сур’ёзны адбор і паказваюць высокія вынікі”.
Педагогі гімназіі ўпэўнены: адукаваны чалавек павінен не толькі мець шырокі кругагляд, але і дасканала валодаць родным словам. Менавіта таму беларускую мову тут вучаць не толькі на ўроках.
“У вывучэнні роднай мовы шмат увагі ўдзяляем даследчай рабоце, — расказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жанна Макрэцкая. — Тут мы можам пахваліцца, бо штогод адбіраемся на вобласць і атрымліваем дыпломы. Сёння актыўна рыхтуемся да здачы цэнтралізаванага экзамену. Мая задача заключаецца ў тым, каб максімальна якасна падрыхтаваць дзяцей да яго”.
Для падрыхтоўкі да ЦЭ ў гімназіі працуе факультатыў і дадатковы гурток. Жанна Макрэцкая расказала, што яе навучэнцы заўсёды добра здаюць ЦТ. У мінулым годзе з 26 вучняў 16 здавалі цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове, прычым два навучэнцы здалі ЦТ на 100 балаў.
“Што тычыцца пробнага ЦЭ, то навучэнцы падчас яго здачы атрымалі высокія балы, — прызналася Ж.Макрэцкая. — Ніжэй за 80 балаў не атрымаў ніхто. Таму вельмі спадзяёмся, што і выніковы ЦЭ будзе такім жа добрым”.
Колькі існуе ЦТ, Жанна Аляксандраўна здае яго разам з дзецьмі. Педагог упэўнена: каб падрыхтоўка навучэнцаў была больш якаснай, настаўнік павінен убачыць, як усё адбываецца, на ўласныя вочы.
“Толькі сёлета я атрымала 100 балаў, — расказвае Жанна Аляксандраўна. — У папярэднія гады за ЦТ у мяне было 96—99 балаў. Здаецца, што настаўнік не можа памыліцца. Аказваецца, можа. На памылкі ў тым ліку ўплывае хваляванне, таму з навучэнцамі мы прарэшваем усе заданні па многа разоў”.
Але не толькі вучэбныя дасягненні навучэнцаў вызначаюць статус гімназіі. Творчае развіццё дзяцей тут таксама ўсяляк падтрымліваюць. У гімназіі ўжо доўгі час дзейнічае тэатральнае аб’яднанне “Лімат”, удзельнікі якога пастаянна перамагаюць у раённых і абласных творчых конкурсах. Калісьці, думаючы над тым, які кірунак творчасці выбраць для дадатковага развіцця дзяцей, настаўніца беларускай мовы Жанна Макрэцкая і настаўніца рускай мовы Таццяна Шклярык вырашылі, што лепш за ўсё для гэтага падыходзіць тэатральная дзейнасць. Дзякуючы тэатру, дзеці вучацца размаўляць, удасканальваюць сваё аратарскае майстэрства, а таксама становяцца больш смелымі, працуючы на публіку.
“Самай вядомай іх работай стала пастаноўка “І помніць страшна, і забыць нельга” па матывах кнігі “Я з вогненнай вёскі”, — зазначыла дырэктар гімназіі. — З гэтай работай нашы тэатралы неаднаразова перамагалі ў многіх конкурсах. Я ведаю: дзякуючы прафесійнаму падыходу нашага калектыву да сваёй работы, у гімназіі наперадзе яшчэ многа перамог”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА