Малышу спаўняецца шэсць месяцаў, і яго ўжо запісваюць на развіццёвыя заняткі, а ў год адпраўляюць вывучаць англійскую мову. Ці правільна робяць бацькі? Што такое ранні дзіцячы ўзрост і чаму яму неабходна ўдзяляць вялікую ўвагу? Гэтыя пытанні мы абмеркавалі з Аленай Ішмуратавай — дацэнтам кафедры спецыяльнай педагогікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдатам педагагічных навук. Алена Міхайлаўна праводзіць развіццёвыя заняткі з дзецьмі да 3 гадоў у рэсурсным цэнтры інклюзіўнай адукацыі інстытута.
Не дзіця, а вечны рухавік
— Феномен ранняга ўзросту ў сярэдзіне мінулага стагоддзя сур’ёзна вывучалі японскія вучоныя. І даказалі: да 3 гадоў дзіця хутка ўсяму вучыцца, што лёгка растлумачыць з пункту гледжання фізіялогіі, — расказала Алена Міхайлаўна. — У гэтым узросце галаўны мозг чалавека стварае столькі нейронаў, колькі на працягу ўсяго далейшага жыцця. Яны хутка групуюцца ў залежнасці ад знешняга ўздзеяння на дзіця, і адбываецца яго паскоранае навучанне. Калі малы нарадзіўся, напрыклад, з неўралагічнай праблемай, яе лягчэй будзе выправіць менавіта ў раннім узросце. Таксама ўдасца пазбегнуць другасных парушэнняў.
Дзіця павінна развівацца ў адпаведнасці з прынцыпамі прыродазгоднасці. Да года ўсе сілы мы кідаем на развіццё эмоцый і ўмення наладжваць сацыяльнае ўзаемадзеянне. Звяртаем увагу на эмацыянальны інтэлект: распазнаванне і заражэнне эмоцыямі, адрозненні ў паводзінах са знаёмымі і чужымі людзьмі, уменне глядзець у вочы і падтрымліваць зносіны з дапамогай мімікі і жэстаў і г.д. Дзяцей ранняга ўзросту называюць вечным рухавіком. Іх рухі накіраваны на развіццё эмоцый, спазнанне навакольнага свету, атрыманне новых уражанняў. Уменне імітаваць буйныя рухі (тупаць, пляскаць) дапамагае дзіцяці пасля пры вымаўленні слоў. Развіваючы спачатку эмоцыі і сацыяльнае ўзаемадзеянне, падтрымліваючы рухальную актыўнасць малых, мы садзейнічаем іх пазнавальнаму і маўленчаму развіццю.
Бацькі сёння мала размаўляюць з дзецьмі, часта сядзяць у гаджэтах, да якіх і малых прывучаюць. А тыя, як губкі, убіраюць навакольную інфармацыю, бяруць прыклад з дарослых. І гэта пытанне ўсвядомленага бацькоўства.
Згодна з нарматывам пачатку ХХ стагоддзя, дзеці ў год павінны гаварыць прыкладна 10 слоў. Сёння такое можна і не сустрэць. Дзеці пачынаюць гаварыць пазней, бо ў іх пазней паспявае частка кары галаўнога мозгу, што адказвае за маўленне. Растуць яны сярод вялікай колькасці тэхнікі, рэдка знаходзяцца ў цішыні. У зашумленай прасторы складана аддзяліць маўленчыя і немаўленчыя гукі.
Што да ранняга вывучэння замежных моў, то гэта не вельмі карысна. У дзіцяці можа парушыцца вымаўленне на роднай мове. Многія замежныя мовы лягчэйшыя за рускую ці беларускую, у іх менш фанем. Фанематычны слых дзіцяці лягчэй засвоіць англійскія ці іспанскія фанемы, чым родныя славянскія.
Праграма для кожнага
— Калі маёй дачцэ споўнілася паўтара года, ёй спатрэбілася лагапедычная дапамога. У той час я з сям’ёй жыла ў Маскве, і мы звярнуліся ў цэнтр псіхолага-педагагічнай рэабілітацыі і карэкцыі “Ясенева”, — расказала Алена Міхайлаўна. — Кансультацыю для нас правяла Алена Анатольеўна Екжанава — доктар навук, прафесар Інстытута спецыяльнай адукацыі і псіхалогіі МГПУ. Мяне з дзіцем запрасілі на заняткі ў групу кароткачасовага знаходжання, а з часам прапанавалі папрацаваць там (па першай адукацыі я педагог-дашкольнік). Далей была вучоба ў аспірантуры МГПУ, напісанне кандыдацкай дысертацыі аб развіцці дзяцей ранняга ўзросту ў выяўленчай дзейнасці. Сумесна з расійскімі вучонымі і практыкамі я ўдзельнічала ў распрацоўцы праграмы “Забавушка” для заняткаў з дзецьмі да 3 гадоў.
Сёння Алена Міхайлаўна працуе ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ, выкладае студэнтам методыку карэкцыйна-развіццёвай работы з дзецьмі ранняга ўзросту з фактарам рызыкі інтэлектуальных парушэнняў, вядзе заняткі з малышамі па праграме “Забавушка” і па адпаведным дапаможніку.
— Наша праграма ўніверсальная, падыходзіць для ўсіх дзяцей ад 6 месяцаў, — адзначыла спецыяліст. — Накіравана на базавае развіццё малышоў: эмацыянальнае, сацыяльнае, рухальнае, пазнавальнае і маўленчае. Адштурхоўваемся ад усіх відаў дзейнасці, даступных і цікавых малым, у якіх яны могуць быць самастойнымі, не залежаць ад дарослых. Кожны педагог возьме з праграмы тое, што яму неабходна для работы са звычайнымі дзецьмі і з тымі, у каго ёсць парушэнні. Праграму можна выкарыстоўваць і для выхаванцаў 6—10 гадоў з цяжкімі множнымі парушэннямі ў развіцці.
Па жаданні дзяцей
Карэкцыйна-развіццёвыя заняткі Алена Міхайлаўна праводзіць два разы на тыдзень у групе з 5—8 выхаванцаў у прысутнасці бацькоў. Курс доўжыцца з верасня па май — чэрвень. Разбежка па ўзросце паміж дзецьмі ў групе складае прыкладна год: так ім камфортна, яны паспяваюць адно за адным. Пабудаваны заняткі як 50-мінутны гульнявы сеанс, падчас якога адбываецца змена розных відаў дзейнасці.
— Пачынаем звычайна з зарадкі, каб у дзяцей правільна фарміраваліся шкілет і мышцы. Практыкаванні выконваюцца пад музыку, малыя адначасова развіваюць гукаперайманне, паўтараюць пачутыя гукі: як едзе цягнік ці сігналіць машына і г.д., — гаворыць Алена Міхайлаўна. — Выкарыстоўваю вершы, папеўкі, лагарытмічныя практыкаванні, элементы танцаў, ігру на музычных інструментах. Актыўная дзейнасць чаргуецца з больш спакойнай — лепкай і маляваннем, рэлаксацыяй. Віды дзейнасці мяняюцца не часта, ёсць пэўны парадак і рытуалы. Дзяцей не прымушаю штосьці рабіць. Улічваю іх жаданне ў пэўны момант пабегаць ці паляжаць, пагуляць ці паслухаць казку і г.д.
Дзіця павінна пайсці з заняткаў крыху не дагуляўшы, каб у яго было жаданне застацца, а не збегчы.
Мамы даведваюцца ў Алены Міхайлаўны пра гульні і цацкі, мастацкія творы, якія лепш выкарыстоўваць з малымі. Часам робяць адкрыцці: аказваецца, вось што трэба купляць і ў што гуляць з дзецьмі. У педагога назапашана добрая база развіццёвых матэрыялаў. Гэта кнігі, розныя выяўленчыя сродкі, завадныя машынкі, сюжэтныя і музычныя цацкі (драўляныя лыжкі, бубны, званочкі, бразготкі, барабан, звонкія мячыкі, музычныя інструменты). Шмат мячоў, пірамідак, матрошак, лялек, кубікаў, канструктараў, прыстасаванняў для перасыпання і пералівання, прыродны матэрыял. Цацак хапае на ўсіх, прычым аднолькавых, каб малыя не сварыліся.
— У пачатку і ў канцы курса навучання праводзіцца дыягностыка дзяцей і кансультацыі для бацькоў, — падкрэслівае Алена Міхайлаўна. — Калі я развітваюся са сваёй групай, даю бацькам работу на лета ў адпаведнасці з індывідуальным профілем развіцця кожнага малыша.
Інклюзіўная накіраванасць
Для педагога важны не дыягназ дзіцяці, яго часам выстаўляюць бліжэй да паступлення ў школу. Спецыяліст працуе з канкрэтным парушэннем або з фактарамі рызыкі ўзнікнення ў дзіцяці парушэнняў. На праблему могуць указаць медыкі, педагогі і бацькі. Важна не ўпусціць каштоўны час, не чакаць цуду, што само ўсё пройдзе.
— Адна мама прывяла аднагадовага малыша, які не рэагаваў на навакольны свет, быў засяроджаны на сабе, не ўключаўся ні ў якую дзейнасць, — расказвае Алена Міхайлаўна. — Мы пачалі займацца ў групе, а потым індывідуальна. Праграму рэабілітацыі пабудавалі як для дзіцяці з аўтызмам (у 2,5 года ў яго пацвердзілася парушэнне). Час мы не ўпусцілі. У далейшым хлопчык пайшоў вучыцца ў звычайную масавую школу.
Праграма “Забавушка” мае інклюзіўную накіраванасць, прадугледжвае, што ўсе дзеці, незалежна ад парушэнняў, займаюцца разам, а пачынаючы з 1,5 года вучацца і пераймаюць адно аднаго. Для аднаго малога другі малы такі ж, як і ён сам, адрозненняў ніхто не бачыць. Калі з ранняга ўзросту прывучаць розных дзяцей быць разам, ім будзе лягчэй у дзіцячым садзе і школе ўспрымаць не падобных да сябе.
— Нельга параўноўваць дзяцей паміж сабой, іх дасягненні, — працягвае Алена Міхайлаўна. — Уменне ўсміхацца, бегаць і скакаць у раннім узросце не менш важнае, чым уменне збіраць складаныя пазлы. Параўноўваць лепш дзіця сённяшняе з тым, якім яно было ўчора. Мая мэта, каб практычныя навыкі, атрыманыя на занятках, выхаванцы пераносілі ў штодзённае жыццё і забаўкі. Шчыра радуюся, калі даведваюся, што дзеці дома просяць бацькоў праспяваць такую ж песеньку, як чулі на занятках, расказаць тую ж казку і пагуляць у тую ж гульню.
— Педагог павінен не толькі вучыць, але і вучыцца, — упэўнена спецыяліст. — Па пытаннях карэкцыйнай педагогікі паміж расійскімі і беларускімі вучонымі даўно наладжана цеснае ўзаемадзеянне, праходзяць сумесныя канферэнцыі, семінары, стажыроўкі. Вучуся я ўсюды і ва ўсіх, нават у выхаванцаў. Адна дзяўчынка не хацела на занятках браць цацку ў руку. Сказаць не можа, глядзіць на мяне, плача і махае ручкай, маўляў, “пакуль-пакуль”. Няўжо яна хоча пайсці дадому? Потым я зразумела: яна махае “пакуль” цаццы, бо тая ёй не падабаецца. Цацку прыбралі, і дзяўчынка супакоілася. Цяпер прыём “пакуль-пакуль, цацка” прымяняю з іншымі дзецьмі.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Ганны МАРТЫСЕВІЧ.