На 2025 год у краіне павялічаны нарматывы выдаткаў на навучанне і выхаванне аднаго навучэнца на 2025 год ва ўстановах агульнай сярэдняй, дашкольнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 27 снежня 2024 года № 1029, афіцыйна апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Дакументам прадугледжаны наступныя памеры нарматываў: для навучэнцаў школ, размешчаных у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу, — 3749,17 рубля ў год (+20,6%), для сельскіх школ — 8447,27 рубля ў год (+19,7%).
Для выхаванцаў дзіцячых садоў, размешчаных у гарадах, нарматыў выдаткаў на навучанне і выхаванне складзе 4956,11 рубля ў год (+22,9%), у сельскай мясцовасці — 5656,76 рубля (+14,3%).
Для навучэнцаў, якія асвойваюць змест адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай адукацыі, памер нарматыву складзе 5584,88 рубля ў год (+13%), сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 5125,32 рубля ў год (+15,5%).
Перагледжаны і значэнні карэкціруючых каэфіцыентаў, якія дазваляюць улічыць асаблівасці рэалізацыі адукацыйных праграм, розныя аспекты навучання і выхавання асобных катэгорый навучэнцаў, напаўняльнасць устаноў адукацыі, у тым ліку ў сельскай мясцовасці, а таксама рассяленне сельскага насельніцтва.
Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі