“Настаўнік года — 2017” Святлана Румянцава: “Мары здзяйсняюцца, толькі трэба верыць у гэта…”

- 16:47Актуально, Апошнія запісы, Настаўнік года — 2017

Напярэдадні Дня настаўніка ў Тэатры юнага гледача была раскрыта галоўная інтрыга Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў — названа імя пераможцы. “Настаўнікам года — 2017” стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка Святлана Леанідаўна Румянцава.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Уладзіміравіч Рыжанкоў, намеснік прэм’ер-міністра Васіль Іванавіч Жарко, міністр адукацыі краіны Ігар Васільевіч Карпенка.

Віншавальныя словы прэзідэнта нашай краіны А.Р.Лукашэнкі педагогам з нагоды прафесійнага свята агучыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта М.У.Рыжанкоў. Ён уручыў падзякі і граматы Адміністрацыі прэзідэнта настаўнікам за добрасумленную плённую працу, за значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення. Так, ганаровымі граматамі былі адзначаны настаўніца геаграфіі і біялогіі сярэдняй школы № 1 Слаўгарада Алена Паўлаўна Аўчыннікава, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Зэльвы Наталля Віктараўна Грачышка, настаўніца фізікі і інфарматыкі Расонскай школы Алена Леанідаўна Гірэль і інш.

Да віншаванняў далучыўся і віцэ-прэм’ер В.І.Жарко, які пажадаў педагогам не спыняцца на дасягнутым, заставацца вернымі прафесіі, бо вучыць — гэта не проста прафесія, а місія служэння дзецям. За плённую творчую працу, высокі прафесіяналізм Васіль Іванавіч уручыў педагогам узнагароды прэм’ер-міністра.

Словы прызнання выказаў ветэранам педагагічнай працы міністр адукацыі І.В.Карпенка. “Яны стваралі той фундамент, на якім сёння трывала стаіць уся сістэма адукацыі, — падкрэсліў міністр. — Сёння мы развіваем сістэму, імкнёмся да таго, каб яна адпавядала сучасным патрабаванням, каб яна ўпісвалася ў сусветную сістэму адукацыі”.

І.В.Карпенка ўручыў педагогам нагрудны знак Міністэрста адукацыі “Выдатнік адукацыі”. Сярод узнагароджаных — настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 15 Гомеля Людміла Рыгораўна Баевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Ліды Таццяна Міхайлаўна Глыздова, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Ляхавіч Людміла Пятроўна Раманенка і інш.

Міністр адукацыі павіншаваў лаўрэатаў конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года — 2017” і аб’явіў імя пераможцы гэтых спаборніцтваў. Ігар Васільевіч адзначыў, што конкурс “Настаўнік года” — гэта не проста магчымасць педагогам прадэманстраваць свой прафесійны ўзровень, гэта асэнсаванне вопыту, назапашанага ў краіне, гэта своеасаблівае напаўненне навукова-метадычнай, выхаваўчай скарбонкі сістэмы адукацыі, бо кожны настаўнік — індывідуальнасць. Удзел у конкурсе ўзбагачае кожнага педагога творчымі зносінамі з калегамі.

Кажучы пра неабходнасць рэалізацыі канцэптуальных падыходаў, гаворка пра якія ішла на рэспубліканскім педагагічным савеце, міністр адзначыў, што конкурс — гэта чарговы крок у рэалізацыі намечанага. “Якіх бы мы ні прымалі планаў, праграм, якіх бы мы ні пісалі добрых падручнікаў, без настаўніка, без Педагога з вялікай літары, без чалавека, які можа павесці за сабой дзяцей, нічога не адбудзецца”, — падкрэсліў міністр.

Нагрудны знак Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” і малога крыштальнага жураўля з рук І.В.Карпенкі атрымалі суперфіналісты конкурсу, якія спрачаліся за званне лепшага. У намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка” лепшым стаў настаўнік фізікі сярэдняй школы № 1 Фаніпаля Максім Віктаравіч Дубіна, у намінацыі “Замежная мова” — настаўніца іспанскай мовы гімназіі № 2 Ваўкавыска Юлія Уладзіміраўна Касталомава. Лепшым настаўнікам пачатковых класаў прызнана настаўніца гімназіі № 1 Ваўкавыска Людміла Віктараўна Заяц, лепшым гісторыкам — настаўнік сярэдняй школы № 3 Оршы Андрэй Міхайлавіч Іваноў. У намінацыі “Музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура), працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка” перамагла настаўніца музыкі і вакалу сярэдняй школы № 53 Мінска Вольга Мікалаеўна Махітка, у намінацыі “Хімія, біялогія” — настаўніца віцебскай гімназіі № 5 Марына Валянцінаўна Юр’ева. Лепшы выхавальнік Таццяна Лявонаўна Апановіч працуе ў яслях-садзе № 24 Маладзечна. У намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура” лепшай стала настаўніца сярэдняй школы № 15 Наваполацка Святлана Леанідаўна Румянцава. Яна і стала ўладальніцай “Крыштальнага жураўля” і пераможцай сёлетняга конкурсу.

Сваімі ўражаннямі Святлана Леанідаўна падзялілася з журналістамі:

— Мяне перапаўняюць зараз самыя разнастайныя пачуцці. Канечне, гэта і бязмежная радасць, гэта і хваляванне, і нерэальнасць таго, што адбываецца, але, напэўна, самае важнае — адказнасць перад усімі вамі, перад маімі вучнямі і бацькамі. Я пастараюся з годнасцю несці гэтае званне. Мае паважаныя фіналісты, удзельнікі конкурсу, лічу, што сярод нас няма пераможаных, а ўсе — пераможцы, бо гэты конкурс паказаў, што я сярод таленавітых, разумных, творчых і самых лепшых настаўнікаў. Усе мары здзяйсняюцца, толькі трэба верыць у гэта. Дзякуй за падтрымку маім сябрам, установе адукацыі, Віцебскаму абласному ІРА і ўсім вам, паважаныя калегі. Гэта гонар для мяне і для ўсёй сістэмы адукацыі Віцебскай вобласці.

С.Л.Румянцава заўважыла, што для яе перамога — гэта пацвярджэнне таго, што яна робіць патрэбную справу, гэта духоўная пераемнасць у педагагічнай дынастыі. Яе мама выкладала ў школе матэматыку, сёстры таксама настаўніцы хіміі, біялогіі і геаграфіі, дачка вучыцца на 5 курсе і марыць стаць настаўніцай англійскай мовы.

Педагог года на працягу ўсяго прафесійнага шляху — 24 гады — працуе ў Баравухскай сярэдняй школе № 15 Наваполацка.

— Побач са мной мае сябры, калегі, без якіх не было б гэтай перамогі. Я шчыра ўдзячная ім, бо адзін чалавек у полі не воін. А толькі дружная каманда супрацоўнікаў, калектыву прывялі мяне да перамогі.

Самым складаным выпрабаваннем для Святланы Леанідаўны падчас конкурсу было псіхолага-педагагічнае тэсціраванне.

— Напэўна, сіндром выдатніцы адбіваўся ў тым, што не на ўсе пытанні я змагла адказаць. І потым вельмі доўга вечарам і на наступны дзень яшчэ праводзіла рэфлексію наконт таго, што мне шмат чаму яшчэ трэба вучыцца.

С.Л.Румянцава з гонарам расказала, што многія яе вучні ідуць па слядах настаўніцы. Летась шэсць яе выпускнікоў абралі прафесію педагога. І зараз яна бачыць сваю задачу як настаўніка ў тым, каб прывіць любоў да работы настаўніка сённяшнім сваім вучням.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.