Прафесійныя навыкі і напрацоўкі настаўніка-метадыста, выкладчыка гісторыі і грамадазнаўства Таццяны Салавейка запатрабаваны не толькі ў Драгічынскай гімназіі, але і на ўзроўні рэспублікі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Для Таццяны Яўгенаўны Салавейка настаўніцтва — прызванне, лёс і непазбежнасць. Яе маці Раіса Сяргееўна Салавейка, заслужаны настаўнік рэспублікі, выкладала рускую мову і літаратуру, потым сумяшчала настаўніцтва з дырэктарствам у сярэдняй школе № 2 Драгічына, а затым каля дзесяцігоддзя — у гімназіі. Усім сэрцам прырасла да гэтай установы і яе дачка. Для Таццяны тут усё роднае, знаёмае. Тут яшчэ працуюць настаўнікі, якія ў свой час яе вучылі. Па словах Таццяны Яўгенаўны, усе яны глыбокія, душэўныя, шчырыя, мудрыя людзі. А захапленне гісторыяй у пэўнай меры звязана з урокамі яе былога класнага кіраўніка Таццяны Каўтунчык.
— Таццяна Мікалаеўна прывівала нам дабрыню, сумленнасць, любоў да Радзімы і адданасць ёй. Вучыла крытычна разважаць, карпатліва, старанна і адказна падыходзіць да любой справы. Мы з задавальненнем наведвалі яе гістарычны гурток, дзе заўсёды спазнавалі штосьці новае за межамі школьнага падручніка. Шмат падарожнічалі па памятных мясцінах, вывучалі славутасці, што надавала яшчэ большага агню ў вачах. Менавіта тады зразумела, куды паступлю і ў якім напрамку буду развівацца, — тлумачыць мая суразмоўніца.
Атрымаўшы ў БДУ вышэйшую адукацыю, яна вярнулася ў гімназію ў 2003 годзе ўжо ў якасці настаўніка. З цягам часу прыйшло дакладнае разуменне, што выбар быў правільным і яна на сваім месцы.
Вучыцца заўсёды ёсць чаму
— Таццяна Яўгенаўна вельмі многа працуе над сабой, каб быць на крок наперадзе і адпавядаць звышпатрабаванням часу, а значыць, статусу вартага павагі прафесіянала. Яна пастаянна ў пошуку новага, імкнецца да самаадукацыі і самаўдасканалення. Умее слухаць і чуць вучняў, абуджаць пазнавальную цікавасць і творчасць, заахвочваць самастойнасць, ініцыятыву, — расказвае намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце Ірына Мікалаеўна Жураўская. — Гэтага педагога вылучаюць неверагодная працаздольнасць, жаданне дзяліцца сваім вопытам з калегамі і ўменне перадаваць глыбокія веды вучням, весці іх да поспеху.
Несумненна, навучыць іншых можна толькі таму, што добра ведаеш і любіш сам. А паколькі Таццяна Яўгенаўна захоплена сацыяльна-гуманітарнымі дысцыплінамі і пастаянна паглыбляе свае веды, то ёй удаецца не проста зацікавіць навучэнцаў, але і распаліць у іх дапытлівасць. І за ўсім гэтым стаіць штодзённая праца, якая не абмяжоўваецца праведзенымі ўрокамі і факультатывамі. Не сакрэт, шмат часу займае і падрыхтоўка да іх. Для гэтага ў педагога ёсць неабходны прафесійны вопыт, настаўніцкае майстэрства і вялізны архіў назапашанай карыснай інфармацыі па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі, грамадазнаўстве. Матэрыялы штогод актуалізуюцца, іх колькасць павялічваецца. Значны аб’ём напрацовак захоўваецца на электронных носьбітах у кабінеце гісторыі.
Усё гэта — сістэматызаваны вынік шматгадовай працы творчага і поўнага ідэй настаўніка, які заўсёды імкнецца здзівіць сваіх вучняў і навучыць іх як мага лепш. Як паказвае практыка, у Таццяны Яўгенаўны гэта атрымліваецца. Яе навучэнцам цікава спазнаваць і адкрываць новае ў культурна-гістарычнай спадчыне раёна, а Драгічыншчына вельмі багатая на значныя ў гісторыі Беларусі мясціны. Захопленыя краязнаўствам гімназісты правялі дасканалую работу па іх выяўленні і асвятленні ў даследаваннях. Дзеці вывучалі культурныя і гістарычныя помнікі раёна, у тым ліку збіралі інфармацыю пра ўнікальны Тараканскі манастыр, які знаходзіўся на тэрыторыі цяперашняга аграгарадка Імянін. Дарэчы, з гэтай работай навучэнцы занялі 3-е месца на рэспубліцы ў конкурсе даследчых работ “Спадчына Беларусі” ў 2020 годзе.
Работа на высокі вынік
Выклікаць і падтрымліваць у навучэнцаў павышаную цікавасць да сваіх прадметаў, захапіць даследчай дзейнасцю здольны толькі апантаны сваёй справай настаўнік. Такому наўрад ці хопіць школьных заняткаў, каб задаволіць сваю і вучнёўскую патрэбу ў самаразвіцці.
Таццяна Салавейка таксама не абмяжоўвае сябе. Яна рэцэнзент вучэбна-метадычных дапаможнікаў па гісторыі, член рэспубліканскага педагагічнага таварыства “Пошук”, распрацоўшчык тэматычных урокаў-модуляў для АІР па сусветнай гісторыі, аўтар шэрага метадычных публікацый па прымяненні ІТ і мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі, актуальных метадаў і прыёмаў кагнітыўнай візуалізацыі на ўроках гісторыі і грамадазнаўства.
Акрамя таго, звыш 10 гадоў яна ўзначальвае музей гісторыі народнай адукацыі Драгічыншчыны, кіруе раённым вучэбна-метадычным аб’яднаннем настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства. Таццяна Яўгенаўна імкнецца перадаваць веды ў сучасным фармаце па класічнай схеме — падчас прамых зносін з вучнямі.
Сучасны ўрок гісторыі, у яе разуменні, — гэта дыялог настаўніка і вучняў праз даследаванне і вырашэнне праблемы, скіраванай на абуджэнне гістарычнай памяці і фарміраванне грамадзяніна, патрыёта.
У структуру ўрока яна ўключае розныя кампаненты, адаптаваныя да канкрэтнай сітуацыі. Не абыходзіцца без элементаў даследчай дзейнасці, дыскусій, аналізу крыніц. Аддае перавагу групавым праектам, ролевым гульням і іншым метадам, якія дапамагаюць вучням стаць удзельнікамі гістарычнага працэсу, а не проста назіральнікамі.
Поспех гэтага педагога будуецца на гарманічным спалучэнні прафесійных навыкаў, камунікацыі, інавацыйнасці, здольнасці матываваць і натхняць вучняў. Як яна сама сцвярджае, адна з яе галоўных задач — навучыць гімназістаў вучыцца і забяспечыць высокі ўзровень іх ведаў па вучэбных прадметах, якія выкладае.
Таццяна Яўгенаўна працуе на высокі вынік: з году ў год гімназісты становяцца пераможцамі і прызёрамі прадметных алімпіяд і навукова-даследчых канферэнцый розных узроўняў, паспяхова здаюць ЦЭ і ЦТ. На працягу 15 гадоў навучэнцы неаднаразова дэманстравалі на ЦТ высокі ўзровень ведаў па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве, а 2024 год прынёс адразу два 100-бальныя і два 99-бальныя сертыфікаты па гісторыі Беларусі. Акрамя таго, яе вучань Мікалай Пагарэльскі атрымаў на ЦТ па сусветнай гісторыі 98 балаў і зараз з’яўляецца студэнтам гістарычнага факультэта БДУ.
Што да самой Таццяны Яўгенаўны, то яна па-ранейшаму захапляецца вывучэннем культуры розных краін і народаў у розныя перыяды іх існавання. Але гэта не адзінае яе хобі.
— Люблю падарожжы. Яны прыносяць мноства ўражанняў і карыснага вопыту, — расказвае Таццяна Яўгенаўна. — Яшчэ люблю не толькі заўважаць прыгажосць, але і ствараць яе. Захапляюся садовым кветкаводствам і ландшафтным дызайнам.
І адно пытанне ўсё ж такі застаецца незразумелым: як усё можна паспець?
— Калі любіш, то ўсё паспееш, — усміхаецца Таццяна Яўгенаўна ў адказ.
Думаю, што справа не толькі ў гэтым. Яе арганізаванасці і хуткасці можна толькі парадавацца. І сапраўды, эфектыўна арганізаваць свой час — вельмі важнае ўменне настаўніка.
— Я не сцвярджала б, што паспяваю ўсё і заўсёды, але ж скардзіцца на дэфіцыт часу таксама не стану. Варта ўмець рацыянальна яго размяркоўваць. Гэта залатое правіла ўстойлівасці педагога, — сцвярджае Таццяна Яўгенаўна.
На яе думку, настаўніку неабходна выдзяляць час для самаразвіцця, адпачынку і хобі. Тады ён будзе здольны не толькі захаваць фізічнае і эмацыянальнае здароўе, але і падтрымаць высокі ўзровень матывацыі і творчай энергіі.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі