Настаўнік назаўжды. Аповед былога педагога пра фашысцкую акупацыю

- 16:19Новости

Калі б у студэнцкія гады Ганне Данілаўне Навуменка не давялося паглыбляцца ў вывучэнне такой дысцыпліны, як “Псіхалогія”, яна і без таго ведала б, што нават аднаразовы выпадак стрэсу ў маленстве можа пакінуць след на ўсё жыццё.

Тыя экстрэмальныя сітуацыі ў выглядзе страху, голаду, холаду, нястачы, якія ўзвальваліся на яе кволую душу цяжкімі нервовымі ўзрушэннямі, лепш было б не прыгадваць. Але куды дзецца, калі і зараз, праз дзясяткі гадоў, у яе перад вачыма паўстаюць вобразы ваеннага дзяцінства: яна з раднёй, схаваўшыся ў лясным гушчары або затаіўшыся ў высокай балотнай расліннасці, са страхам назіраюць, як немцы са сваімі прыхваснямі-паліцаямі закідваюць гранатамі зямлянкі і курані вяскоўцаў, страля­юць аўтаматнымі чэргамі па падазроных мясцінах; ашчэраныя пашчы аўчарак, гатовых разарваць мірных людзей; чорныя, уперамешку з агністым полымем клубы дыму над спаленымі калгаснымі кузняй і складам са старымі, жанчынамі і дзецьмі…

Ганна Данілаўна (крайняя справа) з дзевяцікласнікамі Рухчанскай сярэдняй школы Столінскага раёна (1964 год)

З былой настаўніцай членам Гомельскага гарадскога грамадскага аб’яднання “Дзеці вайны” Ганнай Данілаўнай Навуменка я размаўляў у Гомельскай універсітэцкай клініцы — абласным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, дзе мы пралечваліся ў адзін і той жа перыяд. Яна раз-пораз уздыхала і прыгадвала перажытае.

…Бацькі Даніла Іванавіч і Любоў Міхайлаўна, якія працавалі на чыгунцы, з дачушкай Ганначкай да вайны жылі ў вялікай вёсцы Маканавічы Рэчыцкага раёна. Каб займець уласнае жытло, бацька ўладкаваўся ў лясгас, дзе лягчэй і з пэўнымі льготамі можна было набыць для будаўніцтва хаты патрэбныя матэрыялы. Ды толькі мары гэтыя не здзейсніліся: іх перакрэслілі праклятыя чужынцы. Даніла Іванавіч быў прызваны на фронт, і аб ім у дачкі жы­вуць толькі ўспаміны пра калючую бараду і пяшчоту, якой ён абсыпаў яе пры развітанні. Вось і ўсё, што засталося. Нават фотакарткі роднага чалавека ў Ганны Данілаўны сёння няма.

Стала вядома, што ў баях за Магілёў многа чырвонаармейцаў трапіла ў палон і знаходзяцца ў спецыяльным лагеры ў Бабруйску. Любові Міхайлаўне па нейкай прычыне падумалася, што яе муж менавіта там і яго можна выратаваць. Чаго толькі не нацярпелася маладая жанчына, якога не нагледзелася страху, калі на працягу некалькіх дзён безвынікова ха­дзіла вакол калючага дроту, якім быў абгароджаны лагер. На двары стаяў моцны мароз, які працінаў чалавека да касцей, і пасля кожнай ночы трупы палонных штабялямі выкладваліся за межамі лагера, а потым імі запаўнялі глыбокія ямы і канавы.

Пасля расказанага Ганна Данілаўна папрасіла крыху перадыхнуць і працягнула:

— Мама вярнулася дадому праз месяц ледзь жывая, і яе аповед назаўсёды стрэмкай упіўся ў маё сэрца. Як і тыя адчуванні страху, калі немцы і паліцаі рабілі аблавы на вяскоўцаў, якія са сваіх хат перабраліся ў лясныя зямлянкі і буданы.

Дзед Ганны Данілаўны Апанас Іосіфавіч і бабуля Агап’я Іванаўна мелі надзейную схованку ў лесе, дзе прытулілася і Любоў Міхайлаўна з Ганначкай. Абедзвюм удалося пазбегнуць некалькіх аблаў, а падчас чарговай яны трапілі ў рукі ворага. Групу мірных вяскоўцаў узмоцнены аўчаркамі канвой бізунамі пагнаў некуды па дарозе, збіваючы тых, хто спрабаваў збочыць з яе. І вось невялікі адпачынак калоны, у час якога ўдалося ўцячы.

Забягаючы наперад, скажам, што ім, як і другім дзядулю і бабулі Ганны Данілаўны, пашанцавала дачакацца вызвалення акупіраванай тэрыторыі. А дзядзькі Ганны Данілаўны Мікола, Дзмітрый, Іван і Васіль загінулі ў баях з ворагам. Яе бацька Даніла Іванавіч, як пазней расказваў Любові Міхайлаўне і Ганначцы яго таварыш, выходзіў разам з групай чырвонаармейцаў з акружэння і быў паранены ў жывот, з-за чаго і пакінуў гэты свет. Яго пахавалі ў лесе, разгробшы мох і паклаўшы яму на твар пілотку. Астанкі байца так і не былі знойдзены.

І зараз, праз дзясяткі гадоў, у былой настаўніцы перад вачыма паўстаюць вобразы ваеннага дзяцінства: яна з раднёй, схаваўшыся ў лясным гушчары або затаіўшыся ў высокай балотнай расліннасці, са страхам назіраюць, як немцы са сваімі прыхваснямі-паліцаямі закідваюць гранатамі зямлянкі і курані вяскоўцаў, страляюць аўтаматнымі чэргамі па падазроных мясцінах…

Апынуўшыся на во­лі, Любоў Міхайлаўна з Ганначкай да цемры блукалі па лесе і нарэшце ўбіліся ў нечую пустую зямлянку, пасля чаго вярнуліся ў родныя мясціны. Але потым маладую жанчыну з дзясяткамі іншых лю­дзей акупанты загналі ў таварняк і з Баранавіч адправілі ў Польшчу на хімічны завод, дзе яны на аднаколавых тачках са склада без якой-небудзь хімічнай засцярогі дастаўлялі на прадпрыемства атрутныя рэчывы. Калі вярнулася дадому, Любоў Міхайлаўну доўга даймалі розныя захворванні…

У першы клас Маканавіцкай сярэдняй школы месяцы два Ганначка хадзіла басанож, а пасля ўжо ў лапцях і бурках. Вучні былі розныя: сямігадовыя і пераросткі. Чарніла рабілі з сажы і воўчых ягад (пладоў крушыны). Пісалі на кавалках кардону. Абгортачнай паперы і падручнікаў спачатку не было ніякіх, усё завучвалася на ўроках. Дзяўчынка вельмі старалася і ў школе, і на агародзе, дапамагаючы маці ў праполцы і іншых работах. Скончыўшы педвучылішча, стацыянарна працягвала вучыцца ў Мазырскім педінстытуце. Усе матэрыяльныя цяжкасці яна пераадольвала дзякуючы стыпендыі. Калі ў інстытуце ўвялі курс тэхнічных сродкаў навучання, яна, студэнтка, выкладала яго іншым студэнтам з практычнымі заняткамі, бо пасля заканчэння педвучылішча мела адпаведны дазвол на гэта. А яшчэ кожнае лета Ганна Данілаўна працавала важатай у піянерскіх лагерах або падмяняла выхавальнікаў Маканавіцкага дзетдома падчас водпуску.

Пасля заканчэння інстытута Ганна Данілаўна тры гады выкладала рускую мову і літаратуру ў Рухчанскай сярэдняй школе Столінскага раёна, потым — палітэканомію і этыку працы ў Рудакоўскім вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі Хойніцкага раёна, працавала завучам Маканавіцкай сямігодкі і настаўніцай Васілевіцкай школы для дзяцей са слабым зрокам. У яе 41 год педагагічнага стажу.

У Гомельскім гарадскім грамадскім аб’яднанні “Дзеці вайны” Ганна Навуменка з’яўляецца членам праўлення, кіраўніком гуртка “Беларуская мова”. У час пандэміі каранавіруса дапамагала перажыць гэтую навалу сваім немабільным калегам. Як былая ўдзельніца эстраднага ансамбля “Рытмы сэрца” арганізавала для іх па тэлефоне так званы тэатр ля мікрафона, расказваючы розныя цікавыя жыццёвыя гісторыі. Яна асвоіла тэхніку вышывання бісерам, і цяпер у яе кватэры цэлая галерэя карцін на розныя тэмы.

Да дачкі і сына Ганна Данілаўна пакуль не спяшаецца перабірацца, нягледзячы на пэўныя цяжкасці. Такі вось чалавек. Дзякуючы сваёй нястомнай энергіі, яна атрымала перамогу над жыццёвымі нягодамі.

 Уладзімір ПЕРНІКАЎ