Настаўнік назаўжды. Увесь горад Дуброўна віншаваў Еву Кускову з 90-гадовым юбілеем

- 14:40Новости

У Дуброўне ўшанавалі былую настаўніцу пачатковых класаў 1-­й школы Еву Кускову, якая адзначыла 90-годдзе. Павіншаваць Еву Фамінічну прыйшлі былыя вучні і калегі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У 1-й школе, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза Ганны Аляксееўны Нікандравай, створаны цікавы краязнаўчы музей. Ёсць там і дакументы, фотаздымкі, звязаныя з гісторыяй школы. Калі старшакласніца-экскурсавод знаёміла мяне з гэтай часткай экспазіцыі, то звярнула ўвагу на здымак 50-х гадоў. На ім — Ева Кускова ў акружэнні яе першых выпускнікоў. У гэты момант настаўніца Наталля Калеснікава дадала: “Якраз сёння ў Евы Фамінічны дзень нараджэння, прычым юбілейны — 90-годдзе. Мы пойдзем да яе з кветкамі, каб павіншаваць”.

Крыху пазней, калі дырэктар школы Іна Мартыненка расказвала пра вопыт работы калег, ёй пазванілі і далажылі: у Евы Фамінічны былі, кветкі ўручылі. Але ж людзей прыйшло так многа, што не ўдалося прадстаўнікам школы з ёй сфатаграфавацца. Для экспазіцыі музея, мяркую, здымак яшчэ зробяць. Вось бы яго побач з тым, гістарычным, размясціць.

Зрэшты, і сама Ева Фамінічна — жывая гісторыя! Даніну пашаны настаўніцы аддае ўвесь горад, найперш удзячныя выпускнікі, у ліку якіх Анатоль Басянкоў, дырэктар Дубровенскага льнозавода. Той самы, які больш за 45 гадоў назад пачаў кіра­ваць занядбалым прадпрыемствам і вывеў яго праз пэўны час у лік лепшых у Савецкім Саюзе. І цяпер завод моцны, паспяховы. Успаміны Анатоля Дзмітрыевіча пра юбілярку запісалі журналісты райгазеты “Дняпроўская праўда”. З Евай Фамінічнай ён пазнаёміўся ў 1955-м: “Яна толькі прыйшла працаваць у школу, а мы былі першакласнікамі. Можна сказаць, мы вучыліся ў яе, а яна — у нас”.

З успамінаў настаўніцы і выхаванцаў, з фотаздымкаў стварыць бы кнігу! Нібы чароўны ліхтарык, першая настаўніца высвечвае ў лёсах дзясяткаў, соцень былых вучняў светлыя згадкі маленства. Некаторыя з іх ёсць у публікацыі ў інтэрнэце пад загалоўкам “Еву Фоминичну Кускову с 90-летием поздравляют ее первоклашки разных лет”.

І ў тым тэксце, і ў самой па­дзеі ў Дуброўне падсвечваецца важнасць місіі сапраўднага настаўніка: не толькі выхаваць дзетак, навучыць іх вучыцца, пераадольваць нягоды і цяжкасці, але і навучыць сябраваць. Вось і Анатоль Басянкоў адзначае: “Ева Фамінічна была з намі вельмі цярплівай. А галоўнае, здружыла нас на многія гады. Таму мы і цяпер сустракаемся — і на юбілей нашага першага класа, і на юбілей выпуску”.

У свеце, які сёння раздзіраюць супярэчнасці, прыклад яднання, стварэння нефармальнай супольнасці вакол асобы настаўніка вельмі запатрабаваны. Ці ж не з такіх — калектыўных! — каштоўнасцей развіваецца ў юных душах і любоў да блізкіх людзей, роднага кута, Бацькаўшчыны, любоў да бліжняга. Усё гэта разам і ўтварае патрыятызм найвышэйшай пробы.

Паклон вам, Ева Фамінічна, за вашу плённую працу! За вашых верных, удзячных і душэўных вучняў, за ваш каштоўны і шматгадовы — амаль 50 гадоў! — вопыт служэння справе, людзям, Айчыне.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота з газеты “Дняпроўская праўда”