Бачыць мэту — не бачыць перашкод. Гэтым прынцыпам у жыцці і ў рабоце кіруецца настаўніца фізічнай культуры і здароўя кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Таццяна Гардзіеўская з гімназіі Пружан. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагог стала пераможцай сёлетняга абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” ў адпаведнай намінацыі. Да такога выніку Таццяна Васільеўна ішла настойліва і мэтанакіравана. Быць на 2-м месцы, як у мінулагоднім конкурсе, не ў яе характары, атрыманым у спадчыну ад продкаў — спартсменаў і педагогаў.
Стаць настаўніцай Таццяну Гардзіеўскую натхніў бацька, які ў свой час разам з братам захапляўся футболам, выступаў на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па гульнявых відах спорту. Татава любоў да спорту перадалася і Таццяне з сястрой, капітанам школьнай каманды па валейболе. Заняткі бегам падтрымала маці, брат якой, Уладзімір Аніська, больш за 40 гадоў выкладае фізкультуру ў Бездзежскай сярэдняй школе Драгічынскага раёна. Прыкладам былі і дзядзькі, выпускнікі тагачаснага Гродзенскага тэхнікума фізічнай культуры, і маміна стрыечная сястра Ала Каваленка, майстар спорту міжнароднага класа па хакеі на траве, шматгадовы член зборнай каманды Беларусі ў складзе гродзенскага “Рытму”. Таму зусім нядзіўна, што актыўнай дзяўчыне захацелася прадоўжыць спартыўную дынастыю.
— Мне заўсёды падабаўся бег, — прызнаецца Таццяна Васільеўна. — Ужо з 8 класа займала прызавыя месцы на доўгіх дыстанцыях. Калі надышоў час выбіраць будучую прафесію, дакладна ведала, кім хачу стаць і чым займацца. Са школьных гадоў, акрамя спорту, мяне цягнула да дзяцей. Хацелася раскрываць іх патэнцыял, вучыць працаваць над сабой, каб дасягаць высокіх вынікаў.
Дзіцячая мара ажыццявілася: пасля заканчэння БрДУ імя А.С.Пушкіна і магістратуры пры ім Таццяна Гардзіеўская ўжо 13 гадоў далучае да фізкультуры і спорту хлопчыкаў і дзяўчынак гімназіі Пружан. Выхаванцы таленавітага педагога рэгулярна займаюць прызавыя месцы ў раённых і абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, біятлоне і футболе, а таксама ў прадметнай алімпіядзе і профільных навукова-практычных канферэнцыях.
Таццяна Васільеўна выбрала бег невыпадкова. Яна па натуры індывідуаліст у добрым сэнсе гэтага слова: любіць адказваць толькі за сябе і ні ад каго не залежаць, як у камандзе. Спачатку бег быў для яе захапленнем, а потым дзяўчыне захацелася большага. Пачаліся спаборніцтвы. Здольную бягунню адразу заўважылі.
— Я вельмі ўдзячна трэнеру Аляксею Шуцееву, які прапанаваў заняцца лёгкай атлетыкай, за дапамогу ў спартыўным станаўленні, — гаворыць Таццяна Гардзіеўская. — Ён разам з вучнямі бегаў і ў дождж, і ў спёку. Таму асабісты прыклад настаўніка стаў адным з маіх галоўных прынцыпаў педагагічнай дзейнасці.
Настаўніца развівае ў выхаванцаў фізічную актыўнасць праз розныя формы, метады і прыёмы работы. На ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці аддае перавагу спаборніцкаму метаду, які павышае матывацыю да прадмета.
— Вялікую ўвагу ўдзяляю развіццю эмацыянальнага інтэлекту, дзякуючы якому дзеці могуць не толькі палюбіць фізкультуру, але і навучыцца кіраваць уласнымі эмоцыямі і эмоцыямі іншых, — расказвае Таццяна Васільеўна. — На дапамогу прыходзіць спаборніцкі метад, вельмі эмацыянальны па сваёй сутнасці. Імкнуся, каб ад заняткаў у дзяцей заставаліся выключна станоўчыя эмоцыі. Тады яны будуць з нецярпеннем чакаць наступных. Так, на адным з урокаў я выйшла ўзнагароджваць вучняў у касцюме грэчаскага бога Зеўса: у накідцы і з лаўровым вянком на галаве. Атрымалася сімвалічна: бог спусціўся з Алімпа, каб заахвоціць лепшых. Як пасля гэтага не хадзіць на заняткі?

Таццяна Гардзіеўская лічыць, што сучаснаму педагогу трэба абавязкова праглядаць сацыяльныя сеткі, каб зразумець, чым зацікавіць падлеткаў і якія практыкаванні ім затым можна прапанаваць. Дзейсны сродак ад суму на ўроках — дынамічныя заданні з узрастаючай складанасцю. А яшчэ ўлік вучнёўскіх пажаданняў.
— Дзеці розныя, таму, каб выявіць патэнцыял кожнага, з 1 класа праводжу тэсціраванне, напрыклад, з дапамогай гульняў, — працягвае настаўніца. — Так, у працэсе гульні “Два капітаны” лёгка зразумець, хто з хлопчыкаў і дзяўчынак валодае лідарскімі якасцямі, ацаніць хуткасць рэакцыі, спрытнасць, уменне ўзаемадзейнічаць з равеснікамі. Акрамя таго, вельмі інфарматыўныя розныя нарматывы: чаўночны бег выяўляе каардынацыйныя навыкі, скачкі ў даўжыню адлюстроўваюць хуткасна-сілавыя магчымасці, крос паказвае ўзровень вынослівасці. Такім чынам, задаткі да пэўнага віду спорту бачны адразу. Разам з тым з вучнямі 9—11 класаў арганізоўваю вучэбна-даследчую работу па вывучэнні спартыўнага патэнцыялу малодшых школьнікаў. Напрыклад, мы вызначалі дамінуючае паўшар’е ў праўшэй, ляўшэй і амбідэкстраў з дапамогай тэпінг-тэсту (выяўлення ўласцівасцей нервовай сістэмы па псіхаматорных паказчыках). Даследаванне паказала, што ляўшам спачатку цяжэй раскрыць свае здольнасці, бо яны жывуць у свеце, лепш прыстасаваным для праварукіх, таму такім дзецям патрабуецца больш часу для адаптацыі і засваення асобных фізічных дысцыплін. Але калі з ляўшамі сістэмна працаваць і падтрымліваць іх, з цярпеннем ставячыся да іх памылак, то яны паказваюць цудоўныя вынікі.
Эфектыўны педагагічны вопыт Таццяны Гардзіеўскай лёг у аснову яе метадычнага дапаможніка для школьных выкладчыкаў фізкультуры “Алімпійскія гульні: мінулае, сённяшняе, будучыня”, выдадзенага ў 2021 годзе выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне”. У кнізе, прысвечанай спаборніцкім метадам правядзення заняткаў па фізкультуры, змешчаны сцэнарыі спартыўных свят і ўрокаў у 5—9 класах. Адзін з раздзелаў адведзены здароваму ладу жыцця.
— Гэта вельмі важны напрамак работы настаўніка фізкультуры, — заўважае Таццяна Васільеўна. — Здаровы лад жыцця — гэта найперш рэжым дня. Можна прапанаваць дзецям раздзяліцца на каманды і зрабіць зарадку, якая зматывуе да далейшых дзеянняў. Наступны кампанент здаровага ладу жыцця — загартоўванне. Можна прапанаваць заданні, звязаныя з вадой, ці правесці міні-апытанне “Што карысна есці, а што не?”. Такім чынам, праз праграмныя і дадатковыя практыкаванні ў школьнікаў фарміруюцца адказныя адносіны да ўласнага здароўя і замацоўваюцца прынцыпы здаровага ладу жыцця.
Даволі цікавыя і карысныя практыкаванні з элементамі турызму: арыентаванне на мясцовасці, вязанне вузлоў, устаноўка палаткі… З аднаго боку, яны стымулююць цікавасць да актыўнага адпачынку і дапамагаюць набыць важныя жыццёвыя навыкі, а з другога — развіваюць розныя здольнасці. Так, эстафета са спальным мяшком, калі дзеці па чарзе на хуткасць залазяць у яго, а потым вылазяць, вучыць карыстацца спальнікам, развівае хуткасць рэакцыі, уменне працаваць у камандзе.
Педагагічны вопыт Таццяны Гардзіеўскай лёг у аснову яе метадычнага дапаможніка “Алімпійскія гульні: мінулае, сённяшняе, будучыня”. У кнізе, прысвечанай спаборніцкім метадам правядзення заняткаў па фізкультуры, змешчаны сцэнарыі спартыўных свят і ўрокаў у 5—9 класах. Адзін з раздзелаў адведзены здароваму ладу жыцця.
З улікам пагаршэння здароўя сучасных школьнікаў Таццяна Гардзіеўская разам з настаўнікам-метадыстам Ліцэя БДУ Аляксандрам Мецелем працуе над вучэбнай праграмай і рэкамендацыямі для настаўнікаў фізкультуры “Мадэлі арганізацыі адукацыйнага працэсу з вучнямі падрыхтоўчай медыцынскай групы здароўя ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі”, складае комплексы практыкаванняў, тэсціруе кантрольныя нарматывы.
Сваім навукова-метадычным інтарэсам Таццяна Васільеўна абавязана выкладчыкам БрДУ імя А.С.Пушкіна Льву Шытаву, Аляксандру Шарову, Анатолю Герасевічу і Таццяне Будзько, якія навучылі не спыняцца на дасягнутым і займацца пастаянным самаразвіццём. Кіраўнік гімназічнага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізкультуры і здароўя Таццяна Гардзіеўская — аўтар больш як 20 артыкулаў у часопісах і зборніках канферэнцый. Педагог праводзіць майстар-класы для калег на базе Брэсцкага абласнога ІРА, актыўна ўдзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях па праблемах фізічнага выхавання і фарміравання здаровага ладу жыцця ў моладзі.
— Калі чымсьці гарыш, то сілы знаходзяцца самі, — падкрэслівае настаўніца. — Шмат энергіі дае зваротная сувязь: падтрымка дзяцей, студэнтаў, калег, якім дапамагаюць мае распрацоўкі і ўрокі. Гэта натхняе працаваць далей з большым энтузіязмам. Без любові да справы нічога не атрымаецца!
Таццяна Гардзіеўская не заклікае ўсіх займацца спортам — для гэтага далёка не ва ўсіх ёсць фізічныя здольнасці. А вось фізкультура падыдзе для кожнага. Найлепшы варыянт — аздараўленчая хадзьба, якую варта пачынаць з 20 мінут і паступова даводзіць да гадзіны. Падчас руху на свежым паветры арганізм абагачаецца кіслародам, зніжаецца трывожнасць.
Педагог раіць быць актыўнымі і мэтанакіраванымі, радавацца кожнаму дню, займацца любімай справай, весці здаровы лад жыцця, не забываць пра фізкультуру. Так, як гэта робіць яна сама. Бяром прыклад!
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара





