Настаўніца Галіна Кавецкая ведае ўсе тонкасці мылаварэння

- 15:07Увлечения

“Калі парушыць тэхналагічны працэс, то мыла можа заплакаць”. Галіна Кавецкая, настаўніца англійскай мовы браслаўскай сярэдняй школы № 2, ведае ўсе тонкасці мылаварэння, якім захапляецца шмат гадоў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

“Бурбалкі”

Галіна Віктараўна — мнагадзетная мама. І кожны раз, знаходзячыся ў дэкрэтным водпуску, не губляла час дарэмна — шукала новае захапленне. Навыкі асвойвала самастойна, на практыцы ўдасканальвала майстэрства. Спачатку было вязанне. Пасля нараджэння сына зацікавілася шыццём. Муж купіў швейную машынку, каб Галіна Віктараўна з задавальненнем рукадзельнічала. Восем гадоў назад, калі з’явілася на свет яшчэ адна дачка, мая гераіня зноў стала шукаць сабе хобі. Аднойчы ўбачыла ў інтэрнэце фотаздымак прыгожай блакітнай кветкі, якая нагадвала льдзінку, а насамрэч гэта быў кавалачак мыла.

— Я загарэлася! Нешта новенькае, трэба абавязкова паспрабаваць. Стала гля­дзець майстар-класы, вывучаць асновы мылаварэння ў хатніх умовах. І так не цярпелася хутчэй стварыць свой першы выраб, хаця шмат чаго яшчэ не ведала. Заказала тры формачкі і паўкілаграма мыльнай асновы. Маё першае мыла было рознакаляровае з надпісам “Мама”. На той момант яно для мяне было проста шэдэўрам, — з усмешкай узгадвае настаўніца.

Тое мыла яна падарыла сваёй матулі. Наступныя два — трохслаёвыя ў форме кексаў — таксама сталі падарункамі на дзень нараджэння сваякоў. Брусочкі мыла былі просценькія, але вельмі прыйшліся даспадобы. І сарафаннае радыё хутка разнесла па Браславе звесткі пра незвычайнае на той час захапленне настаўніцы. Гэта стала штуршком для далейшага развіцця і ўмацавала жаданне спасцігаць новы від дзейнасці, да якога так ляжала душа. Муж Галіны Віктараўны не застаўся ўбаку, далучыўся да мылаварэння. Кухня ператварылася ў невялічкі цэх, дзе панавалі самыя розныя водары. А самі мылавары сталі рамеснікамі. Так з’явілася група з крэатыўнай назвай “Бурбалкі”.

— Колькі брускоў мыла зроблена — падлічыць немагчыма. Дзесяць кілаграмаў мыльнай асновы нам хапала на месяцы чатыры. Пры гэтым вага аднаго вырабу ў сярэднім грамаў 100. Хутка разыходзіліся і харчовыя фарбы. Вельмі часта прыходзілася іх змешваць, каб надаць мылу неабходнае адценне ці колер. Нельга абысціся і без араматызатараў і эфірных маслаў. Часцей за ўсё выкарыстоўвалі водар язміну — мой любімы. Сярод папулярных былі водары шакаладу, апельсіна, імбіру, бабл гама, альпійскіх траў. Шчыра скажу, захапленне затратнае па сродках і карпатлівае, аднак нам спыняцца не хацелася. Мы набіраліся вопыту, і з кожным разам мыла набывала новы выг­ляд, з’явіліся на ім краявіды Браслаўшчыны, фантазійныя ўзоры, перламутравыя пералівы, — расказвае Галіна Віктараўна.

І дзеліцца тэхналагічнымі сактрэтамі мылаварэння:

— Мыльная аснова добра растапліваецца ў мікрахвалёўцы. Застывае хутка ў халадзільніку — за мінут 20—30. Калі парушыць працэс гатавання, то мыла можа заплакаць — на брусочку выступяць кропелькі вады ці, наадварот, яно атрымаецца вельмі сухім і тады будзе дрэнна мыліцца. Калі рабіць мыла ў некалькі пластоў, неабходна абавязкова папярэдні пласт крышку падрапаць, папрыскаць спіртам і толькі тады заліць наступны. Інакш пласты не склеяцца паміж сабой.

Такі творчы, прафесійны і адказны падыход да захаплення дазволіў мылу ручной работы сям’і Кавецкіх заняць месца ў сувенірных крамах горада, а вытанчанасць вырабаў і арыгінальнасць сталі яго візітнай карткай.

Час эксперыментаў

У любой справе няма мяжы дасканаласці. Мылаварэнне не выключэнне. Галіна Віктараўна разам з мужам увесь час нешта прыдумвалі, эксперыменціравалі з асновамі, фарбамі, знешнім выглядам вырабаў.

— Аднойчы муж прапанаваў стварыць брусок з уплаўленай у яго карцінкай, зроб­ленай таксама з мыла. Сам з танюсенькага пласта выразаў машынку, затым траву і сонейка. Усё рознага колеру. Потым адправілі дэталі ў празрыстую аснову. Паўтарыць той шэдэўр больш не адважыліся — занадта складаная, амаль ювелірная праца атрымліваецца, — гаворыць настаўніца.

На спецыяльнай паперы, якая раствараецца ў вадзе, з дапамогай лазернага прынтара яны раздрукоўвалі самыя розныя малюнкі, якімі ўпрыгожвалі мыла. А калі з’явілася формачка ў выглядзе мабільнага тэлефона, размяшчалі на брусках фотаздымкі тых, для каго выраблялі мыла.

Нягледзячы на вялізарную колькасць і разнастайнасць формачак для мыла, якія ёсць у Галіны Віктараўны, адну прыйшлося спецыяльна заказваць.

— Прыйшла ідэя зрабіць выраб у форме селядца. Я звярнулася да вытворцаў прылад для мылаварэння, купіла селядзец, які і стаў мадэллю для будучай формачкі. Селядцы атрымаліся вельмі падобныя на сапраўдныя — пры іх выкананні дабавіла крыху перламутру ў аснову. Аднойчы давялося рабіць адразу сорак штук такіх селядцоў, якія потым прапаноўваліся аматарам лазні. Чым пахла такое мыла? Канечне, не селядцом. (Смяецца.) Вырашыла аздобіць водарам імбіру, — удакладняе Галіна Віктараўна.

Малодшая дачка таксама любіць займацца мылаварэннем.

— Я дазваляю ёй смела ўвасабляць свае задумы. Днямі яна зрабіла мыла ў выг­лядзе баранчыка Шона. Спачатку заліла асновай у формачцы вушкі, потым рожкі, капыткі. Апошняй — шубку. Адну дэталь запаўняеш і чакаеш, пакуль аснова застыне. Мне на такі выраб спатрэбіцца мінут 25, а вось пачаткоўцам прыйдзецца патраціць куды больш часу, — расказвае настаўніца.

Больш чым майстар-клас

Канечне, у школе таксама ведаюць пра прыгожае хобі Галіны Віктараўны. На кожнай дабрачыннай акцыі, што праходзіла ва ўстанове адукацыі, мыла, зробленае яе рукамі, не заставалася без увагі. А сродкі ад яго рэалізацыі пераводзіліся на рахункі хворым дзецям.

У гэтым навучальным годзе настаўніца вырашыла бліжэй азнаёміць сваіх вучняў з мылаварэннем. Кожную суботу 8 “А”, дзе яна з’яўляецца класным кіраўніком, прыходзіў да яе, каб стварыць свой кавалачак мыла, парадаваць сюрпрызам бацькоў і сяб­роў.

— Спачатку мы праводзім запланаваныя мерапрыемствы, а потым займаемся мылаварэннем. Пры гэтым яшчэ і чаем частуемся, шмат размаўляем. Дзеці ў такой творчай атмасферы вельмі раскрываюцца, дзеляцца думкамі, перажываннямі. З радасцю іх выслухоўваю, разумею, як ім не хапае зараз простых размоў, — расказ­вае настаўніца.

Прыемна, што вучні далучыліся да майго захаплення. Галоўнае, што яны забываюць пра свае мабільныя тэлефоны, поўнасцю аддаюцца творчаму працэсу.

Яна вучыць школьнікаў ганарыцца прыгожымі рэчамі, створанымі сваімі рукамі, верыць у свае сілы і здольнасці.

— Ведаеце, вучні настолькі акуратна і карпатліва адносяцца да справы, што дзіву даешся. Цікава было назіраць, як дзеці стваралі падарункі настаўнікам-мужчынам да 23 лютага. Рабілі ўсё самастойна — ад ідэі да яе ажыццяўлення: мыла ў форме красоўка, танка, мячыка, жэтона. А колькі было шчасця ў вачах, калі хлопчыкі і дзяўчынкі ўручалі свае вырабы педагогам, — гаворыць Галіна Віктараўна і ўзгадвае яшчэ адзін момант: — У аднаго з маіх вучняў сям’я займаецца дабрачыннасцю. Напярэдадні Новага года па традыцыі яны наведваюць дзіцячы дом сямейнага тыпу. І вось маці пазваніла мне і папрасіла зра­біць разам са школьнікамі мыла ў падарунак дзеткам, якія жывуць у прыёмнай сям’і. Ініцыятыву падхапілі дружна, нават чарга выстрайвалася да мікрахвалёўкі, каб растапіць мыльную аснову і хутчэй зра­біць падарунак. Вучням было прыемна адчуваць, што яны маюць магчымасць зрабіць добрую справу.

Марына ЖДАНАВА