Настаўніца мікашэвіцкай школы № 2 Юлія Алесік: «Кожны чалавек здольны змяніць свет да лепшага»

- 14:12Волонтеры, Новости

“Кожны чалавек, незалежна ад таго, колькі яму гадоў, дзе жыве і які ў яго сацыяльны статус, здольны змяніць свет да лепшага”, — лічыць настаўніца англійскай мовы мікашэвіцкай школы № 2 Юлія Алесік, якая разам з вучнямі ўдзельнічае ў дабрачынных праектах. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Двайная карысць

Упершыню пра існаванне сацыяльна-экалагічнага праекта “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі” Юлія Алесік даведалася ад маці адной са сваіх вучаніц у 2019 годзе. Зацікавілася сама і прапанавала далучыцца школьнікам.

— Мы арганізавалі невялікую валанцёрскую групу з 12 чалавек і пачалі актыўна расказваць пра праект. Для гэтага падрыхтавалі наглядны матэрыял, з якім дзеці прыходзілі на класныя і інфармацыйныя гадзіны, расказвалі навучэнцам пра тое, як можна без асаблівых намаганняў аказваць дапамогу хворым дзецям і адна­часова вырашаць экалагічныя праблемы. Затым сярод вучняў малодшых класаў правялі конкурс малюнкаў, а для сярэдняга і старшага звяна — конкурс на выраб лепшага кантэйнера для збору пластыкавых накрывак. Было вельмі прыемна назі­раць, з якім энтузіязмам і захапленнем дзеці прымалі ўдзел у іх. Нас падтрымала адміністрацыя школы, і мы атрымалі афіцыйны дазвол аддзела па адукацыі Лунінецкага райвыканкама на ўсталяванне першых кантэйнераў па зборы накрывак у нашай установе, — прыгадвае Юлія Сяргееўна.

Першыя поспехі падштурхнулі добраахвотнікаў дзейнічаць далей, каб ахапіць дабрачыннасцю як мага больш людзей. Дамовіліся з дырэктарам Сінкевіцкай сярэдняй школы і прыехалі туды не з пустымі рукамі.

— Валанцёры падчас сустрэчы прадэманстравалі відэаролік аб дзейнасці праекта, патлумачылі сваю матывацыю, прывезлі кантэйнер і інфармацыйныя лістоўкі, якія былі перададзены школе для арганізацыі збору пластыкавых накрывак у аграгарадку. Так мы выйшлі за межы горада Мікашэвічы, — расказвае настаўніца.

Дзякуючы мясцовай газеце, пра дзейнасць актывістаў даведалася вялікая колькасць жыхароў Лунінецкага раёна. Члены мікашэвіцкага клуба пенсіянераў “Натхненне” і прадстаўнікі клуба маладых інвалідаў “Самі” прапанавалі школьнікам сваю дапамогу ў сартаванні і падрыхтоўцы сабраных накрывак да транспарціроўкі. Каб пераняць вопыт валанцёраў 2-й мікашэвіцкай школы, адміністрацыя гімназіі Жыткавіч імя А.А.Ліхоты запрасіла іх да сябе ў госці. У выніку імі было прынята рашэнне правесці аналагічную работу ў сваім горадзе.

— Асабіста мяне гэты праект зацікавіў тым, што дазваляе кожнаму займацца дабрачыннасцю без асаблівых намаганняў і фінансавых выдаткаў. Кожны можа далучыцца да акцыі. Напрыклад, усталяваць у сваім пад’ездзе кан­тэйнер ці пластыкавую бутэльку для збору накрывак, сабраць іх і прынесці ў школу. Мне падабаецца, што людзі адгукаюцца, пазітыўна рэагуюць на прапанову, тым самым праяўляючы свае лепшыя чалавечыя якасці. Рэалізацыя праекта нясе двайную карысць. Мы вырашаем экалагічную праблему, дорачы другое жыццё пластыку: з яго зробяць посуд, цацкі. А атрыманыя грошы за другасную сыравіну пераводзяцца хворым дзеткам. Што тычыцца ўдзелу школьнікаў, шчыра скажу, цяжкасцей з гэтым не ўзнікала ніколі. Я не прымушала ніводнага з нашых актывістаў далучацца да нас, бо дабрачыннасць — справа добраахвотная. Дзецям падабаецца, а мне прыемна, што ў іх фарміруецца ўсведамленне таго, што часам нават, здавалася б, нязначны добры ўчынак аднаго чалавека можа стаць важнай дапамогай для другога, а мноства такіх маленькіх добрых спраў складваюцца ў адну вялікую, — дзеліцца разважаннямі Юлія Сяргееўна.

Праект працягваецца і сёння. Валанцёры плануюць зняць чарговы відэаролік для сацыяльных сетак і з ім удзельнічаць у раённым этапе рэспубліканскага экалагічнага конкурсу “Мінута для будучыні” ў намінацыі “Добрыя навіны”.

— Калі праект ужо працуе, ён патрабуе не так шмат часу. Ды і хіба можа быць шкада часу і сіл на доб­рыя справы і ўчынкі? Канечне, не! Нам дапамагаюць бацькі вучняў — адвозяць сабраныя накрыўкі ў Мінск на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Такім чынам, абсалютна кожны чалавек, незалежна ад таго, колькі яму гадоў, дзе жыве і які сацыяльны статус мае, здольны змяніць свет да лепшага, — пераканана настаўніца.

Дай лапу!

Цікавасць да валанцёрства ў мікашэвіцкай школе № 2 не абмя­жоўваецца праектам “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”.

— Сёлета ў рамках тыдня замежных моў мы правялі дабра­чынны кірмаш у дапамогу бяздомным жывёлам “Дай лапу”. Там былі прадстаўлены розныя тавары, зробленыя рукамі дзяцей, а таксама печыва, пірожныя, кексы і іншыя прысмакі, згатаваныя вучнямі, бацькамі і настаўнікамі. Школьнікаў перапаўнялі станоўчыя эмоцыі: радасць, энтузіязм і жаданне дапамагчы братам нашым меншым. Намаганні вучняў у арганізацыі і правядзенні кірмашу, а таксама збор сродкаў для дапамогі бяздомным жывёлам з’яўляюцца выдатным прыкладам сацыяльнай адказнасці. Дзякуючы ўсім удзельнікам акцыі, мы сабралі крыху больш за 812 рублёў, а таксама некалькі пакетаў корму для сабак і катоў. Атрыманыя сродкі былі накіраваны на дапамогу жывёлам. Хочацца верыць, што наш кірмаш натхніць і іншых на добрыя справы, — спадзяецца Юлія Алесік.

За час існавання праекта мікашэвіцкія школьнікі сабралі і адправілі на перапрацоўку больш за 300 кілаграмаў пластыку. Атрыманыя сродкі былі пералічаны дзецям-інвалідам.

Дзеці-валанцёры

 Яна:

— Калі Юлія Сяргееўна расказала на класнай гадзіне аб праекце і прапанавала запусціць яго ў нашым горадзе, мы пага­дзіліся. І не пашкадавалі. Гэта вельмі цікавая і карысная дзей­насць. Мая сям’я таксама падтрымлівае валанцёрства: дома даўно стаіць пяцілітровая бутэлька, у якую мы скідваем накрыўкі. Потым я адношу іх у кантэйнер, які ўсталяваны ў школе.

Ліза:

— Я толькі ў 2023 го­дзе далучылася да праекта і вельмі рада гэтаму. Мне падабаецца з карысцю праводзіць час. Але больш за ўсё я задаволена тым, што магу аказ­ваць дапамогу дзецям, якім яна так неабходна.

Дзіма:

— Мае родныя заўсёды імкнуцца прымаць удзел у самых розных дабрачынных акцыях. Калі я расказаў ім пра “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”, яны падтрымалі маё жаданне далучыцца да праекта. Збі­раць накрыўкі зусім нескладана, а праз некаторы час гэта становіцца добрай звычкай: перш чым выкінуць бу­тэльку — зняць накрыўку. Вельмі радуе, што жыхары нашага горада не застаюцца ўбаку. Прыемна назіраць, як паступова напаўняюцца кантэйнеры, якія стаяць у грамадскіх месцах.

Хрысціна:

— Для мяне ўдзел у праекце — гэта не фармаль­насць. Я ганаруся тым, што мы робім. Хачу, каб як мага больш неабыякавых людзей далучаліся да нас. Вельмі раду­юць моманты, калі даведваюся, што збор сродкаў для хворага хлопчыка ці дзяўчынкі закрыты, неабходная сума сабрана. Вы нават не ўяўляеце, якое моцнае пачуццё шчасця перапаўняе мяне ў такія моманты: я таксама маю дачыненне да гэтай добрай справы.

Марына ЖДАНАВА