Настаўніца Наталля Кепель вучыць школьнікаў правільна ставіць мэты, імкнуцца да новых ведаў і самаразвіцця

- 11:01Знак качества, Образование

Наталля Кепель — амбіцыйная настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Ліды. Яна і сваіх выхаванцаў вучыць правільна ставіць мэты, імкнуцца да новых ведаў і самаразвіцця. Таму ў іх агульнай скарбонцы дасягненняў вялікая колькасць перамог на розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Прафесія педагога для Наталлі Георгіеўны заўсёды была эталоннай (яе бацькі таксама настаўнікі), таму калі прыйшоў час для прафесійнага самавызначэння, то не вагалася ні секунды і з задавальненнем атрымала вышэйшую педагагічную адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Пасля вярнулася ў родны горад, а праз некаторы час і ў родную навучальную ўстанову. Наталля Георгіеўна — выпускніца 1-й лідскай гімназіі.

Заваёўваць аўтарытэт доўга не прыйшлося. Яна вельмі любіць свой прадмет і дзяцей, якім яго выкладае. Успамінаючы першы ўрок, Наталля Кепель адзначае, што страшна было толькі 30 першых секунд. А затым, калі ўбачыла цікаўныя вочы і зразумела, што са сваімі вучнямі на адной хвалі, адчула сябе ўпэўнена. З гадамі прыйшлі прафесіяналізм і патрабавальнасць.

Цяпер Наталля Георгіеўна — вопытны педагог, які дасканала валодае методыкай падрыхтоўкі і правядзення сучасных урокаў замежнай мовы з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Удала прадумвае дыдактычнае забеспячэнне як тэарэтычнага, так і практычнага характару: апорныя схемы па граматыцы, аўдыя- і відэаматэрыялы, тэставыя заданні. Каб навучэнцы не страчвалі базавых ведаў па прадмеце, практыкуе групавыя, парныя, а іншым разам і індывідуальныя формы работы.

“Сваю эфектыўнасць даказалі работа над праектамі ў міні-­групах, ­калі навучэнцы абменьваюцца ідэямі, выраша­юць праблемныя пытанні, і работа ў парах, калі працуюць з дыялогамі”, — заўважыла настаўніца.

Пры арганізацыі адукацыйнай дзейнасці яна актыўна выкарыстоўвае прыёмы стварэння маўленчых сітуацый, кейс-тэхналогіі, моўныя гульні, дыстанцыйнае навучанне і сэрвісы Web 2.0.

“Такі падыход да арганізацыі адукацыйнай дзейнасці спрыяе якаснаму засваенню вучнямі матэрыялу па вучэбным прадмеце. Акрамя таго, Наталля Георгіеўна эфектыўна арганізоўвае работу з высокаматываванымі навучэнцамі праз удзел у алімпіядах рознага ўзроўню”, — заўважыла дырэктар гімназіі Ірына Рубцэвіч.

За апошнія 5 гадоў Наталля Кепель падрыхтавала 40 пераможцаў розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове. У 2022 годзе была адзначана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Штогод вучні настаўніцы займаюць прызавыя месцы на трэцім і заключным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове. У прыватнасці, за тры гады гімназісты заваявалі сем дыпломаў трэцяга і тры заключнага этапу.

“На занятках па падрыхтоўцы да алімпіяды практыкую прыём “роўны вучыць роўнага”. У мяне змешаныя групы, таму ён ідэальна падыходзіць. Іншым разам адзі­наццацікласнікі вельмі добра перакладаюць на больш простую мову маю падачу матэрыялу дзевяцікласнікам. З іншага боку, змешаныя групы даюць дадатковую матывацыю малодшым вучням, якія працуюць разам з паспяховымі старшакласнікамі”, — адзна­чыла Наталля Георгіеўна.

Падрыхтоўка да алімпіяды немагчыма без дадатковага матэрыялу. І, безумоўна, ён няпросты. Тут на дапамогу навучэнцам прыхо­дзяць логіка-сэнсавыя мадэлі. Увогуле, педагог актыўна звяртаецца да графічнай падачы вучэбнага матэрыялу, што дапамагае структураваць вялікія аб’ёмы інфармацыі. Алімпіяднікам дастаткова некалькі разоў паглядзець на створаную Наталляй Георгіеўнай табліцу, каб запомніць усё неабходнае. А каб яны не адчувалі сябе стомленымі, настаўніца практыкуе частую змену дзейнасці.

Назапашаны вопыт работы па развіцці творчых і інтэлектуальных здольнасцей вучняў Н.Кепель прадстаўляе ў межах функцыянавання раённага рэсурснага цэнтра па падтрымцы дзіцячай адоранасці, які арганізаваны на базе гімназіі.

Яшчэ Наталля Георгіеўна — педагог-наватар, што нядзіўна, бо гадамі рыхтаваць паспяховых алімпіяднікаў і штодзень быць запатрабаваным настаўнікам без выкарыстання новых падыходаў немагчыма. Яна была ўдзельніцай рэспубліканскага эксперыментальнага праекта па зацвярджэнні нарматываў ацэньвання вынікаў адукацыйнай дзейнасці навучэнцаў па агульнаадукацыйных і спецыяльных вучэбных прадметах у кантэксце кампетэнтнаснага падыходу. З 2020/2021 навучальнага года з’яўляецца ўдзельніцай рэспубліканскага праекта “Апрабацыя эксперыментальных інтэграваных вучэбных планаў і вучэбных праграм ва ўмовах абноўленага зместу дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання”, а з мінулага навучальнага года ўдзельнічае ў эксперыментальным праекце па апрабацыі мадэлей кіравання якасцю адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Інавацыйным вопытам яна актыўна дзеліцца на рэспубліканскіх семінарах.

Вольга ДУБОЎСКАЯ