Паспяховаму фарміраванню камунікатыўных кампетэнцый вучняў садзейнічаюць актыўныя і інтэрактыўныя метады навучання.

настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 23 Барысава Мінскай вобласці
Гэтыя метады выкарыстоўваю на ўроках розных тыпаў (на ўроку вывучэння новага матэрыялу, замацавання вывучанага, паўтарэння і абагульнення вывучанага, на камбінаваным уроку, на ўроку развіцця маўлення) і на розных этапах урока: арганізацыйным, арыентацыйна-матывацыйным, аперацыйна-пазнавальным, этапе абагульнення ведаў і на кантрольна-рэфлексіўным этапе.
На арганізацыйным этапе прымяняю такія метады, як “Устаньце, калі…”, “Асацыяцыі”, “Прытча”, “Візітоўка”, “Завяршы фразу”, “Кампліменты”. На этапе актуалізацыі ведаў эфектыўнымі з’яўляюцца “Лагічны ланцужок”, “Так ці не”, “Мазгавы штурм”, “Альтэрнатыўны тэст”, “Дапоўні тэкст”, “Выбар”. Метад абмену дзейнасцю “Мазгавы штурм” выкарыстоўваю на этапе актуалізацыі ведаў пры вывучэнні тэмы “Амонімы” ў 5 класе. Задаю вучням наступныя пытанні: “У якую краіну мы завіталі ў гэтай чвэрці? (“Лексіка”), “Якія гарады мы ўжо наведалі?” (“Лексічнае значэнне слова”, “Адназначныя і мнагазначныя словы”, “Сінонімы”, “Антонімы”), “Жыхарамі гэтых гарадоў з’яўляюцца…” (словы), “Якія жыхары жывуць на супрацьлеглых вуліцах?” (антонімы).
Метад “Альтэрнатыўны тэст”. Групе прапануецца па яшчэ не вывучанай тэме ланцужок правільных і памылковых сцвярджэнняў (можна іх запісаць на дошцы), з якіх вучні потым выберуць толькі тыя, якія, на іх погляд, з’яўляюцца правільнымі. Па некаторых пунктах тэста могуць узнікнуць пытанні, якія сумесна абмяркоўваюцца. Вучні рыхтуюць вуснае выказванне па новай тэме, абапіраючыся на атрыманыя веды.
Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Назоўнікі агульнага роду” ў 6 класе вучням прапануюцца наступныя сцвярджэнні:
— род — граматычная катэгорыя, якая характарызуецца адметнымі склонавымі канчаткамі, а таксама асаблівасцямі спалучэння з іншымі словамі;
— род вызначаецца па форме адзіночнага ліку, а таксама пры спалучэнні назоўнікаў з прыметнікам, дзеясловамі ў прошлым часе;
— назоўнікі цень, медаль, боль — жаночага роду;
— як правільна: малады аграном Кавалёва ці маладая аграном Кавалёва?

Пры вывучэнні тэмы “Правапіс не (ня), ні” ў 6 класе выкарыстоўваю метад “Выбар”. Вучням прапаноўваюцца карткі, на якіх напісаны прыметы тых часцін мовы, якія ўжо вывучаны. Дзеці, прачытаўшы прыметы на картцы і вызначыўшы, да якой часціны мовы яны адносяцца, прымацоўваюць картку на дошцы пад назвай пэўнай часціны мовы (назоўнік, прыметнік, займеннік і г.д.), потым даюць азначэнне і характарыстыку гэтым часцінам мовы.
Метад “Завяршы фразу” можна выкарыстаць і на арыентацыйна-матывацыйным этапе ўрока на тэму “Стылі маўлення” ў 7 класе. Вучням прапануецца самастойна прааналізаваць раздадзеныя карткі “Стылі маўлення: ведаю, умею”. На працягу некалькіх мінут сямікласнікі ў групе абмяркоўваюць вучэбны матэрыял. Затым актуалізуюць веды з дапамогай сказаў, якія трэба завяршыць: “Стыль маўлення — гэта …”; “Вылучаюць стылі маўлення: …” ; “Кожны стыль характарызуецца наступнымі прыметамі: …”. Вучні разумеюць, што ведаў недастаткова для вырашэння праблемы, і ў іх узнікае неабходнасць у атрыманні новых ведаў. Тым самым ствараюцца ўмовы для пераходу да тэмы ўрока і разумення вучнямі мэт урока.
На этапе тлумачэння новага матэрыялу дзейснымі з’яўляюцца пошукава-даследчыя метады “Вучымся разам”, “Інсерт”, “Тузін пытанняў”, “Чыё гэта?”, “Рамонак”. Напрыклад, на першым уроку па тэмах “Займеннік” ці “Прыметнік” у 6 класе прымяняю метад “Рамонак”. Кожная група вучняў пасля прачытання параграфа працуе над сваім рамонкам, асяродак якога — гэта “займеннік” ці “прыметнік”, а пялёсткі — назвы разрадаў. Асяродкам можна зрабіць і назву разрадаў той ці іншай часціны мовы, а пялёсткамі — іх характарыстыкі. Метад “Адгадай” варта выкарыстоўваць пры вывучэнні граматычных катэгорый розных часцін мовы. Напрыклад, пасля вывучэння раздзела “Дзеяслоў” ці асобных тэм у гэтым раздзеле вучням прапануюцца карткі з надпісамі “Асабовыя дзеясловы”, “Безасабовыя дзеясловы”, “Зваротныя дзеясловы” і г.д. Вучням неабходна за 5 мінут скласці 5 пытанняў, якія адносяцца да разраду закрытых пытанняў. Гэты метад не толькі дазваляе праверыць узровень ведаў, але і вучыць дзяцей дакладна фармуляваць пытанне, развівае лагічнае мысленне.
Выкарыстанне актыўных метадаў навучання пры фарміраванні камунікатыўнай кампетэнцыі ў сучаснай школе — гэта сродак, які дазваляе інтэнсіфікаваць адукацыйны працэс, павысіць эфектыўнасць урока беларускай мовы.
Асаблівую ролю ў фарміраванні камунікатыўных уменняў і навыкаў адыгрывае тэкст. Работа з тэкстам прадугледжвае выкарыстанне такіх метадаў актыўнага навучання, як структураванне частак, вылучэнне апорных фактаў, трансфармацыя формы тэксту ці асобных яго частак. Напрыклад, пры вывучэнні ў 5 класе тэмы “Сінонімы” на аперацыйна-пазнавальным этапе прапаную тэкст “Роднае слова” з шэрагам заданняў. Напрыклад, выпісаць сінонімы і дапоўніць сваімі (метад “Працягні ланцужок”); выкарыстоўваючы сінонімы з тэксту, скласці невялікі тэкст на тэму “Наша мілая Беларусь”.
Таксама прапаноўваю наступныя заданні: прыдумаць працяг тэксту, скласці тэксты розных тыпаў на прапанаваную тэму, прачытаць і выбраць адну з дзвюх прапанаваных канцовак тэксту; прачытаць тэкст і падумаць, з якой мэтай ён напісаны. Удалым пры рабоце з тэкстам з’яўляецца метад “Інсерт”. Вучні ў ходзе чытання тэксту адзначаюць на палях знаёмую інфармацыю, якая супярэчыць атрыманым раней ведам. У табліцы коратка запісваюцца звесткі з тэксту. Важным этапам работы становіцца абмеркаванне ў класе запісаў табліцы. Менавіта адкрыццё на першым уроку новых звестак заахвочвае вучняў і робіць кожны наступны ўрок больш цікавым і займальным.
Развіццё ўменняў пісьмовай камунікацыі адбываецца праз камунікатыўна-крэатыўныя практыкаванні, якія прадугледжваюць пісьмовую работу ў пэўным жанры. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Словазлучэнне” ў 5 класе вучням прапануецца скласці тэкст-апісанне “Веснавы дзень” па апорных словах.
Раю выкарыстоўваць практыкаванні, пры якіх вучні засвойваюць узоры і правілы маўленчых паводзін чалавека ў розных жыццёвых сітуацыях, этыкетных норм. Напрыклад, “Інтэрв’ю”, “Правілы добрага тону”, “Прафесія рэпарцёр”, “Віншавальная паштоўка”.
На этапе абагульнення ведаў і спосабаў дзейнасці на дапамогу прыходзяць метады “Кластар”, “Алітэрацыя паняцця”, “Алфавіт”. Пры вывучэнні самастойных часцін мовы (дзеяслова, прыметніка, прыслоўя і інш.) на этапе абагульнення ведаў можна скарыстацца ўніверсальным метадам “Алфавіт”. На загадзя падрыхтаваных настаўнікам тэхналагічных картах вучні ў групах павінны напісаць па 2—3 словы-асацыяцыі ці паняцці на кожную літару алфавіта, звязаныя з тэмай урока. Напрыклад, калі пачынаем вывучаць тэму “Назоўнік як часціна мовы”, прапаную шасцікласнікам падабраць па два словы на кожную літару названай часціны мовы: Н — Нарач, нос; а — агляд, адзенне; з — заяц, зрок; о — ордэн, опера; ў — урок, увага; н — нажніцы, нота; і — іголка, ідэя; к — камедыя, крок.
На этапе рэфлексіі дарэчы будуць метады “Астравы”, “Адны пытанні”, “Устаньце, калі…”, “Сінквейн”. Сінквейн — адна з форм творчай работы. Гэта верш, які патрабуе аналізу, сінтэзу і абагульнення інфармацыі ў кароткіх сказах. Напрыклад, на этапе рэфлексіі на ўроку абагульнення і сістэматызацыі ведаў па тэме “Прыслоўе” можна прапанаваць вучням скласці сінквейн да аднаго са слоў: урок, прыслоўе. Вучні прытрымліваюцца наступнага алгарытму: 1) запісаць выбранае слова (урок); 2) падабраць два прыметнікі (цікавы, карысны); 3) падабраць тры дзеясловы (вучыць, выхоўвае, развівае); 4) скласці сказ з чатырох слоў (Урок прайшоў вельмі займальна); 5) падабраць сінонім да слова (заняткі).
Такім чынам, выкарыстанне спецыяльных метадаў і прыёмаў развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі школьнікаў накіравана на стварэнне ў працэсе навучання мікрамоўнага асяроддзя, дзе мова функцыянуе ў дзеянні, а не толькі засвойваецца як збор правіл.
Прымяненне актыўных метадаў на ўроках беларускай мовы дапамагае развіццю маўленчых навыкаў. У вучняў павышаецца матывацыя, актывізуюцца ўвага, фантазія, творчасць. Развіваецца ўменне дакладна і лаканічна выказваць свае думкі, павышаецца цікавасць да сумеснай дзейнасці, з’яўляецца ініцыятыва, набываюцца камунікатыўныя ўменні, навыкі самаарганізацыі. Вынікі анкетавання паказваюць, што вучні даволі пазітыўна ставяцца да актыўных метадаў навучання, не баяцца праяўляць ініцыятыву ў вырашэнні прапанаваных заданняў, выказваць уласнае меркаванне. 94% вучняў адказалі, што неабходна выкарыстоўваць інтэрактыўныя метады на занятках беларускай мовы і літаратуры. Вучні адзначылі, што пры выкарыстанні актыўных метадаў навучання матэрыял урока становіцца больш зразумелым (44%); у кожнага ёсць магчымасць праявіць творчыя здольнасці, выказаць сваю думку, павышаецца ініцыятыўнасць (58%); навучанне становіцца больш цікавым, разнастайным (70%). Па выніках апытання можна скласці рэйтынг найбольш папулярных і цікавых з пункту гледжання вучняў метадаў: “Алфавіт” (85%), “Рамонак” (81%), “Выбар” (78%), “Завяршы фразу” (76%), “Чыё гэта” (72%), “Сінквейн” (71%), “Юны карэспандэнт” (66%), “Адгадай” (64%), “Мазгавы штурм” (63%), “Лагічны ланцужок” (62%), “Інсерт” (60) і інш.
Перавагамі актыўных метадаў навучання з’яўляюцца: зацікаўленыя адносіны да вучэбнага матэрыялу, актывізацыя дзейнасці навучэнцаў, што спрыяе іх самастойнасці ў рабоце, наладжванне новых адносін паміж вучнямі і настаўнікам. Урокі з выкарыстаннем актыўных метадаў вучаць слухаць, аналізаваць, адстойваць сваё меркаванне, прыслухоўвацца да меркаванняў таварышаў, хутка знаходзіць выйсце з любой сітуацыі, вырашаць праблемныя пытанні.





