“Настаўніцкае” свята на Піншчыне

- 15:25Актуально
У Пінску 3 кастрычніка прайшла інфармацыйна-рэкламная акцыя “Настаўніцкай газеты”, прысвечаная Дню настаўніка. У рамках знамянальнага мерапрыемства было падпісана Пагадненне аб рабоце карэспандэнцкага пункта вядучага педагагічнага выдання краіны па Брэсцкай вобласці паміж упраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і ўстановай “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Міхаіл Андрэевіч Ціханчук і галоўны рэдактар установы “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў.

Нагадаем, што з кастрычніка 2011 года наша выданне паспяхова рэалізуе праект пад назвай “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў галіне адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій” па інфармацыйным узаемадзеянні з рэгіёнамі. Праект прадугледжвае рэалізацыю бакамі двух асноўных задач: задавальненне інфармацыйных і адукацыйных запытаў мэтавай аўдыторыі — работнікаў сістэмы адукацыі рэспублікі, навучэнцаў і бацькоў, а таксама стварэнне ўмоў для сістэмнай работы рэдакцыі з упраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў, аддзеламі адукацыі рай(гар)выканкамаў, установамі адукацыі рэгіёнаў.
У ходзе рэалізацыі згаданага праекта ўстановай “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета” ўжо адкрыты карэспандэнцкія пункты ў Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцях. А да канца бягучага года плануецца адкрыццё карпункта яшчэ і ў Гродзенскай вобласці.
“Карэспандэнцкі пункт на Брэстчыне быў адкрыты ў сакавіку 2005 года. З таго часу паспяховая работа сістэмы адукацыі вобласці рэгулярна асвятляецца на старонках газеты: друкуюцца шматпланавыя інфармацыйныя матэрыялы, метадычныя распрацоўкі, шырока пададзены эфектыўны педагагічны вопыт лепшых педагогаў”, — адзначыў падчас бліц-інтэрв’ю прадстаўнікам мясцовых сродкаў масавай інфармацыі Міхаіл Андрэевіч Ціханчук.
“Пачынаючы з 2005-га і да 2012 года карэспандэнцкі пункт на Брэстчыне быў адзіным рэгіянальным прадстаўніцтвам нашага выдання ў рэспубліцы”, — працягнуў Вадзім Аляксандравіч Кнышаў. — Гэта быў так званы “пілотны праект”. Улічваліся найперш аддаленасць рэгіёна і, дарэчы, высокі ўзровень падпіскі на нашы выданні па вобласці. Час паказаў, што карэспандэнцкі пункт стаў сапраўдным інфармацыйным штабам “Настаўніцкай” на Брэстчыне. За гэты час нямала вашых таленавітых педагогаў сталі нашымі пастаяннымі аўтарамі. Такім чынам, наладжана цеснае ўзаемадзеянне рэдакцыі з брэсцкім рэгіёнам, а гэта была і ёсць наша агульная мэта”.
Працягнулася ўрачыстая частка мерапрыемства грандыёзным канцэртам у гарадскім Палацы культуры. Павіншаваць педагогаў Брэстчыны з іх прафесійным святам прыехалі зоркі беларускай эстрады Іна Афанасьева і Пётр Ялфімаў, удзельнікі і пераможцы творчага праекта “Настаўніцкай газеты” “Звонкая раніца”, а таксама лепшыя выканаўцы і калектывы Піншчыны.
Распачаў святочны канцэрт аркестр эстрадна-духавой музыкі “Школьныя гады” Пінскай гімназіі № 3 імя В.З.Каржа. У іх выкананні прагучалі два нумары — “Выдатны настрой” і “Чардаш”. Далей залу “запалілі” гарэзлівыя дзяўчаты з танцавальнага калектыву “Экшн”, якія ажно з Петрыкава Гомельскай вобласці прыехалі павіншаваць педагогаў.
Пасля са словамі віншавання перад прысутнымі выступіў начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Андрэевіч Ціханчук, начальнік Пінскага гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму Яўген Міхайлавіч Мендзель, старшыня Пінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Віктараўна Назаранка, старшыня Пінскай гарадской грамадскай арганізацыі РГА “Белая Русь” Віталь Канстанцінавіч Гетман.
— Дзень Настаўніка — асаблівы дзень для ўсіх нас: ад выхавальнікаў і настаўнікаў да кіраўніцтва самага высокага ўзроўню ў сістэме адукацыі, — адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама Яўген Мендзель. — Прафесія педагога ўнікальная. Яна патрабуе не толькі высокага ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі і творчых адносін да сваёй працы, але і мэтанакіраванасці, ініцыятыўнасці, любові да сваіх вучняў. Менавіта вы даяце дзецям не толькі годную адукацыю, але і фарміруеце іх светапогляд. А кожны вучань — гэта часцінка вашай шчодрай душы, вашай любові і цярпення. Іх поспехі — гэта ўклад у агульную скарбонку дасягненняў горада і нашай роднай Беларусі”.
Дарэчы, праца настаўнікаў у гэты дзень, сапраўды, не засталася без увагі. Лепшыя з лепшых атрымалі ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, ганаровыя граматы і пісьмы з падзякамі ад Пінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў, граматы гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму, а таксама Цэнтральнага і абласнога камітэта прафсаюзаў, ганаровыя граматы Брэсцкай абласной і Пінскай гарадской арганізацыі РГА “Белая Русь”.
А настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 15 Пінска Ульяне Канстанцінаўне Богдан было ўручана Пасведчанне аб узнагароджанні спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Не засталіся незаўважанымі і ветэраны педагагічнай працы, якім былі ўручаны каштоўныя падарункі. Аднак усё ж такі самым галоўным падарункам для ўсіх педагогаў стала ўвага, шчырыя словы падзякі і яркія канцэртныя нумары. Асабліва ўразіла ўсіх маленькая Юліяна Місюра з сярэдняй школы № 1 Пінска, якая разам з танцавальным калектывам “Экшн” “завяла” залу пад нумар “Топні, ножка мая”.
Не паспела зала сціхнуць ад авацый, як на сцэне з’явілася Юлія Шульжык з гімназіі № 3 і ансамбль танца “Чабарок” з сярэдняй школы № 16.
Нумары “Купалінка” ў выкананні педагогаў сярэдніх школ горада Аляксея Шышко, Юрыя і Віталія Рокалаў, Уладзіміра Тынаўца і Мікіты Пшанічнага, а таксама “Жураўлі на Палессе ляцяць” у выкананні Артура Куцко і ансамбля танца “Чабарок” з сярэдняй школы № 16 аказаліся надзвычай пранізлівымі.
Студэнтка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў уладальніца гран-пры конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца-3” Вольга Шамархан і педагогі па вакале згаданага конкурсу Аліна Дзямідава і Кацярына Папова сталі ўвогуле прыемным сюрпрызам для пінскіх педагогаў. А іх калега, настаўніца музыкі сярэдняй школы № 14 Таццяна Гарагляд разам з танцавальным калектывам “Экшн” выканала нумар “Кветкі пад снегам”.
Яшчэ адзін прыемны сюрпрыз чакаў гасцей напрыканцы свята. Як вядома, у госці без падарункаў не ходзяць, таму апошнім акордам мерапрыемства стала ўручэнне галоўным рэдактарам установы “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета” Вадзімам Аляксандравічам Кнышавым камплекта вучэбнай мэблі гімназіі № 2 Пінска.

Вольга БАРТАЛЕВІЧ.
Фота Марыны ПЫРКОВАЙ.