У студэнцкія гады Мікалай і Наталля разам рыхтаваліся да экзаменаў па матэматыцы і фізіцы, а стаўшы педагогамі, пачалі абмяркоўваць работу з вучнямі, падрыхтоўку пераможцаў алімпіяд і конкурсаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Мікалай і Наталля Дубінчук — сям’я настаўнікаў інфарматыкі з сярэдняй школы № 1 Пружан імя Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі.
— Вучыліся мы ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. Я на матэматычным факультэце, а муж — на фізіка-матэматычным, толькі ён быў на два курсы старэйшы, — успамінае Наталля Уладзіміраўна. — Жылі ў інтэрнаце ў суседніх пакоях. А пазнаёміліся дзякуючы матэматычнаму аналізу. Я яго не вельмі добра разумела на першым курсе, і Мікалай узяўся мне дапамагаць. З тых часоў мы ідзём па жыцці разам.
У сярэдняй школе № 1 Пружан Мікалай Мікалаевіч выкладае фізіку і інфарматыку, а Наталля Уладзіміраўна — матэматыку і інфарматыку. У гэтай жа школе ў 10 класе вучыцца іх сын Іван, а ў 2 класе — дачка Віка.
Іван Дубінчук пад кіраўніцтвам Мікалая Мікалаевіча дасягнуў сур’ёзных вынікаў. У мінулым навучальным годзе ён атрымаў дыплом I ступені ў Беларускім нацыянальным адборачным этапе VII Міжнароднай Scratch-алімпіяды па крэатыўным праграмаванні ў намінацыі “Цэнтр кіравання 11—14”, дыплом II ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “ПАТРИОТ.by” ў намінацыі “А зоры тут ціхія…”, дыплом III ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў Hi-Tech у намінацыі “Інжынерны дызайн CAD”.
У гэтым навучальным годзе Іван Дубінчук заняў 1-е месца ў Міжнароднай алімпіядзе па крэатыўным праграмаванні International Scratch Creative Programming Olympiad — 2023 у складзе нацыянальнай зборнай у намінацыі RobboYouth (15—18 гадоў).
Мікалай Мікалаевіч падрыхтаваў таксама Арсенія Радзівончыка, які атрымаў дыплом III ступені ў Беларускім нацыянальным адборачным этапе VII Міжнароднай Scratch-алімпіяды па крэатыўным праграмаванні ў намінацыі “Гульні”, і Ілону Казак, якая заваявала дыплом II ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект” у секцыі “Колер у архітэктуры”.
З высокаматываванымі вучнямі муж і жонка працуюць не толькі на ўроках, але і дадаткова. Наталля Уладзіміраўна вядзе ў пяцікласнікаў заняткі па асновах ROBBO, Scratch-праграмаванні, якія з гэтага навучальнага года праходзяць яшчэ і ў рамках міжшкольнага факультатыву па суботах. Мікалай Мікалаевіч выкладае робататэхніку ў 5—11 класах і факультатыў для вучняў 10-га інжынернага класа, дзе акцэнт робіцца на вывучэнні 3D-мадэлявання. Заняткі па інтарэсах праходзяць у школьным STEM-класе.
— Робататэхніка ў школе ў большай ступені адукацыйная, дзеці вучацца праграмаваць, вывучаюць работу цяпліцы з убудаванымі датчыкамі, сістэму “Разумны дом”, функцыянаванне метэастанцыі, траекторыю перамяшчэння робатаў, светлавыя эфекты, стварэнне камп’ютарных гульняў і г.д., — расказвае Мікалай Мікалаевіч. — Галоўная ўмова паспяховасці вучняў у робататэхніцы — развітае лагічнае мысленне і высокі ўзровень ведаў па матэматыцы і фізіцы. Алімпіяды ў гэтым кірунку пачынаюцца з 8 класа.
Аднойчы ў Мікалая Мікалаевіча ўзнікла ідэя, каб на перапынках у школе дзеці замест гульняў у тэлефоне рашалі галаваломкі. Педагог стварыў серыю развіццёвых цацак, частку з якіх выразаў з фанеры, а частку раздрукаваў на 3D-прынтары. Мудрагелістыя заданні прыцягнулі ўвагу вучняў.
— Мадэляваць на камп’ютары віртуальныя мадэлі дзецям рана ці позна надакучыць, ім захочацца ўвасобіць ідэю ў рэальную рэч. Нашы вучні з дапамогай 3D-друку ствараюць сувеніры, вазы, галаваломкі, бірулькі, падстаўкі для тэлефонаў, арганайзеры для ручак і алоўкаў, навагоднія цацкі, — адзначае педагог. — Сярод арыгінальных праектаў — электронныя гадзіннікі Фішэра, святлопрыборы са спецэфектамі, напрыклад, ёлачная гірлянда або лямпа, якая мяняе колер, рэагуючы на дотык. Калі распрацоўка корпуса (плафона) такой лямпы — гэта вынік 3D-мадэлявання, то логіка работы лямпы — у яе электроннай частцы, якую вучні паяюць, і гэта ўжо вынік інжынернай робататэхнікі. У любой такой разумнай лямпе будзе стаяць мікракантролер, які праграмуецца, і святлодыёдная лента, якая кіруецца ім. Гэтыя дзеянні разлічваюцца матэматычна. Светлавыя эфекты могуць быць розныя (рэакцыя на рух, асвятленне, шум і г.д.), іх можна запраграмаваць і па жаданні пашыраць.
”На торт са складаным дэкорам з рознымі фігуркамі, кветкамі і шарыкамі, якія лепяцца ўручную, можа пайсці некалькі дзён. Вага самага вялікага кулінарнага шэдэўра, які я аднойчы спякла, была 22 кілаграмы”
Свой першы торт Наталля Уладзіміраўна спякла мужу на юбілей яшчэ 20 гадоў назад. Тады атрымалася не вельмі прыгожа, затое смачна і з любоўю. А потым кандытарская справа пайшла ўгару, з’явілася жаданне тварыць: сям’я вялікая, сямейных свят шмат.
Наталля Уладзіміраўна пачала рабіць дзіцячыя тарты, і неўзабаве просьбы спячы торт на дзень нараджэння пачалі паступаць ад сяброў, знаёмых.
Да ўсіх сямейных пасядзелак жанчына стараецца гатаваць торт або іншы дэсерт.
— Масціку для дэкору вырабляю з бяспечных прадуктаў. Мне цікава самой рабіць смачныя аб’ёмныя фігуркі ці кветкі. Пяку і крэмавыя тарты з дэкорам з шакаладу. Выкарыстоўваю толькі натуральныя прадукты, тыя ж ягады з уласнага саду, вяршкі, тварог, масла, смятану, — адзначае педагог. — Вучуся гэтаму мастацтву самастойна, прымаю ўдзел у кандытарскіх марафонах. Часу на любімую справу не хапае, але раз у тыдзень торт абавязкова ёсць на нашай кухні. А новы рэцэпт да свята — ужо традыцыя ў нашай сям’і. Кожны кулінарны шэдэўр павінен быць унікальным, з улікам падзеі, з нагоды якой ён вырабляецца, або асобы чалавека, для якога ён прызначаны.
Як ні дзіўна, але ў кандытарскай справе Наталлі Уладзіміраўне дапамагае 3D-мадэляванне. Мадэлі калядных і навагодніх імбірных пернікаў для яе распрацоўваў сын. Яны друкуюцца на 3D-прынтары і выкарыстоўваюцца для надання патрэбнай формы выпечцы. Смачныя і арыгінальныя пачастункі сям’я Дубінчукоў заўсёды дорыць на святы сваім сваякам і сябрам.
Сям’я Дубінчук жыве ў прыватным доме, які Мікалай Мікалаевіч пабудаваў сваімі рукамі. Калі з’яўляецца вольны час, як правіла, падчас канікул, усе разам яны любяць адпачываць на прыродзе, у лесе, жыць у палатках. У мужа і жонкі ёсць яшчэ адно хобі — фотаздымкі. На прыродзе падчас сумеснага адпачынку атрымліваюцца самыя яркія і непаўторныя кадры. Да таго ж Наталля Уладзіміраўна захапляецца шыццём мяккіх цацак і банцікаў канзашы.
Рэцэптаў тартоў Наталля Дубінчук ведае шмат. А які ж галоўны рэцэпт шчаслівай сям’і?
— Сакрэт у павазе, разуменні, узаемадапамозе і любові. Мы са студэнцкіх гадоў разам і нават не можам сабе ўявіць, што магло быць па-іншаму. Вось такое ў нас вялікае сямейна-педагагічнае шчасце, — гавораць муж і жонка.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва герояў