Рэспубліканскі суботнік адбудзецца 20 красавіка. Дзе плануюць навесці парадак установы адукацыі, даведаліся карэспандэнты “Настаўніцкай газеты”.
Па добрай традыцыі
Ролю суботнікаў і мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі цяжка пераацаніць.
Яны не толькі закліканы ствараць чысціню і парадак вакол, але і аб’ядноўваць людзей, матываваць клапаціцца аб экалогіі, навакольным асяроддзі і захаванні гістарычнай памяці. Прадстаўнікі галіны адукацыі ніколі не застаюцца ў баку ад гэтай патрэбнай і высакароднай справы. Нікога не пакідае абыякавым той факт, што сабраныя падчас рэспубліканскага суботніка сродкі пойдуць на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу “Дзецям — ахвярам вайны” ў Чырвоным Беразе Жлобінскага раёна, на стварэнне Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці, на рэканструкцыю і аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, размешчаных у абласцях і Мінску. Грамадзяне рэспублікі заўсёды трапятліва ставяцца да сваёй гісторыі, свайго мінулага, беражліва захоўваюць памяць аб гераізме беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У дзень правядзення рэспубліканскага суботніка працоўны дэсант на чале з начальнікам аддзела адукацыі Хойніцкага райвыканкама Людмілай Тупіцай будзе займацца ўборкай і азеляненнем.
— Правядзенне суботнікаў — добрая традыцыя, правераная часам, якую трэба працягваць, — падкрэслівае Людміла Тупіца. — Такія мерапрыемствы садзейнічаюць таму, каб родны край станавіўся дагледжаным і ўтульным, дапамагаюць выхаваць у маладога пакалення каштоўнаснае стаўленне да малой радзімы. Акрамя таго, калектыўная праца заўсёды з’яўляецца асновай для развіцця любой дзяржавы і грамадства. Таму здаўна ў нашай краіне важныя справы робяцца сумесна. Работнікі сістэмы адукацыі Хойніцкага раёна
не застануцца ўбаку і актыўна прымуць удзел у рэспубліканскім суботніку, наводзячы парадак на тэрыторыях школ і дашкольных устаноў адукацыі, і не толькі. Лічу, што кожны абавязаны зрабіць свой уклад: пафарбаваў ты лаўку ці высадзіў кветкі на клумбе — кожнае дзеянне дасць выдатны вынік. Мы ўсе імкнёмся, каб наш горад, раён, краіна сталі больш прыгожымі і зялёнымі. Пераканана, што абавязак кожнага грамадзяніна Беларусі — падтрымліваць чысціню ў скверах і парках, добраўпарадкоўваць месцы воінскіх пахаванняў і мемарыялы. Сваёй працай на такіх знакавых аб’ектах мы таксама робім уклад у захаванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.
Асаблівы абавязак
На Міншчыне да рэспубліканскага суботніка аднымі з першых пачалі рыхтавацца ўстановы адукацыі Нясвіжскага раёна.
Пра тое, што менавіта будзе зроблена заўтра, расказала намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама Алена Сцяпанава.
— На работы, прымеркаваныя да рэспубліканскага суботніка, педагогі Нясвіжа і раёна выйдуць, каб зрабіць наш горад яшчэ больш чыстым і прыгожым. Тое, што неабходна выканаць, мы вызначылі загадзя і правільна размеркавалі абавязкі сярод удзельнікаў, — адзначыла Алена Сцяпанава.
Плануецца прывесці ў належны стан тэрыторыі ўстаноў адукацыі і тыя, што за імі замацаваны, скверы, паркі, двары, месцы баявой і воінскай славы, мемарыялы і інш.
Так, педагогі і навучэнцы сярэдняй школы № 1 Гарадзеі зоймуцца пабелкай дрэў, афармленнем новых клумб, высадзяць кветкі з улікам тэрміну іх цвіцення.
Падтрымліваць парадак на месцах пахавання тых, хто загінуў падчас баявых дзеянняў, — гэта асаблівы абавязак.
— Педагогі сярэдняй школы № 1 Гарадзеі пафарбуюць агароджы, прыбяруць тэрыторыі воінскага пахавання часоў Першай сусветнай вайны, — дадала Алена Сцяпанава. — Вучні сярэдняй школы № 2 Гарадзеі сумесна з шэфамі з Гарадзейскага цукровага камбіната прымуць удзел у добраўпарадкаванні помніка, усталяванага ў месцы масавага пахавання мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
У Ліпскай сярэдняй школе арганізавана работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі: тут пабеляць дрэвы, будынкі, закладуць клумбы, вырабяць новыя малыя архітэктурныя формы, а ў школьным скверы пасадзяць бярозы.
— Калектывы ўстаноў адукацыі раёна штогод у рамках рэспубліканскага суботніка займаюцца падрыхтоўкай аздараўленчага лагера “Арляня” да летняга сезона, — звярнула ўвагу Алена Станіславаўна. — Яны наводзяць парадак у замацаваных за імі будынках: падфарбоўваюць падмурак, сцены, столі, мыюць вокны, мэблю і інш. Акрамя таго, абнаўляюць малюнкі на фасадах, камянях, займаюцца праполкай кветнікаў, афарбоўкай лавак, уборкай тэрыторыі. Лепшае ў такіх працоўных акцыях — магчымасць з гордасцю паглядзець на вынік каманднай працы.
Насычаны дзень
Дапамога сельгаспрадпрыемствам і дзіцячым аздараўленчым лагерам, навядзенне парадку на воінскіх мемарыялах: дзе плануе высадзіцца працоўны дэсант Магілёўшчыны.
— Да суботніка далучацца ўсюды. Разам з вучнямі педагогі будуць добраўпарадкоўваць прылеглыя да ўстаноў адукацыі тэрыторыі, прывядуць у належны стан мемарыяльныя комплексы, месцы баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны. Працоўную дапамогу плануецца здзейсніць і на іншых важных аб’ектах. Так, калектыў абласнога ўпраўлення па адукацыі накіруецца ў лагер “Крыніца”, дзе акажа падтрымку ў падрыхтоўцы да летняй аздараўленчай кампаніі, — паведаміў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ігар Лашкевіч.
У рамках суботніка шмат карысных спраў запланавалі педагагічныя работнікі Чавускага раёна. Упор тут будуць рабіць на шэфскую дапамогу сельскагаспадарчым прадпрыемствам і навядзенне парадку на вайсковых мемарыялах.
— Гэтая субота ў навучальных установах будзе вельмі насычанай. Настаўнікі і вучні выйдуць на пабелку дрэў у яблыневым садзе горада, дапамогуць у зборы камянёў на сельгасугоддзях раёна. Асаблівую ўвагу ўдзелім добраўпарадкаванню воінскіх пахаванняў. Педагогі і навучэнцы абновяць мемарыялы ў гонар загінуўшых абаронцаў Радзімы ў вёсках Антонаўка і Бынава, — расказаў начальнік аддзела па адукацыі Чавускага райвыканкама Дзяніс Нікіфараў.
Наогул, свае знакавыя планы на суботнік ёсць у педагогаў з усіх раёнаў вобласці. Настаўніцтва нацэлена на стваральную руплівую працу.
Падрыхтавалі Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА, Наталля САХНО, Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота з архіва БелТА носіць ілюстрацыйны характар