Навагодняя казка

- 10:59Выхаваўчая прастора

У нашай установе адукацыі ёсць добрая традыцыя дарыць сваім выхаванцам чароўную навагоднюю казку. З гэтай мэтай ладзяцца розныя цікавыя мерапрыемствы. Так, сёлета ў яслях-садзе працуе выстава “Зімовая казка”, якая з’яўляецца вынікам сумеснай творчасці дзяцей і іх бацькоў.

Дашкольнікаў вельмі захапляе атмасфера свята і чараўніцтва. Дзед Мароз з яго нязменнай юнай спадарожніцай, доўгачаканыя падарункі, рознакаляровыя бліскучыя гірлянды і ярка ўпрыгожаная ёлка ствараюць адчуванне цуду. Для таго каб наша ўстанова выглядала па-навагодняму святочнай, педагогі падышлі творча.

У рамках выставы “Зімовая казка” ў музычнай зале і групавых памяшканнях дзейнічаюць “Навагодняя школа для дапытлівых” і майстэрня навагодняга дызайну “Зімовая феерыя сваімі рукамі”. Іх арганізатарамі і ідэйнымі натхняльнікамі з’яўляюцца выхавальнікі, якія кансультуюць бацькоў па стварэнні вырабаў у розных тэхніках. Арыгінальныя сувеніры, ёлкі і ёлачныя ўпрыгажэнні, вырабленыя сваімі рукамі, напаўняюць установу цяплом і ўтульнасцю.

У яслях-садзе прайшоў тэматычны тыдзень “Зіма”, які ўключаў шмат творчых мерапрыемстваў у кожнай узроставай групе. Можна толькі пазайздросціць фантазіі юных талентаў і іх бацькоў, якія ствараюць казачную атмасферу напярэдадні Новага года.

Выстава працягнецца да сярэдзіны студзеня. Важна, што яна не толькі дорыць станоўчыя эмоцыі наведвальнікам, але і паказвае, як можна ўпрыгожыць свой дом да свята.

Святлана ЛЯШКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Манькавіцкага 
ясляў-сада Столінскага раёна.