Нават лазерны ўзроўнямер не выявіў памылак у тынкаванні

На пачатку чэрвеня ў Мазырскім прафесійным ліцэі будаўнікоў прайшоў рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства навучэнцаў прафтэхустаноў па прафесіі тынкоўшчыка. Паказаць свае тэарэтычныя веды і практычныя ўменні з’ехаліся 7 каманд з усіх рэгіёнаў краіны па тры чалавекі ў кожнай з ліку пераможцаў папярэдніх рэгіянальных этапаў рэспубліканскага спаборніцтва.

Для правядзення спаборніцтва сярод будучых тынкоўшчыкаў база Мазырскага прафесійнага ліцэя была выбрана мэтанакіравана. Гэтая ўстанова ўжо доўгія гады займае лідзіруючыя пазіцыі ў падрыхтоўцы рабочых кадраў для будаўнічай галіны, і яе навучэнцы неаднойчы станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх і абласных спаборніцтваў.

Каб аб’ектыўна ацаніць падрыхтоўку канкурсантаў, у склад журы конкурсу ўвайшлі толькі прадстаўнікі будаўнічых прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў на чале з генеральным дырэктарам прадпрыемства “Мазырпрамбуд” А.М.Шульгой.

Конкурс складаўся з двух тураў: тэарытычнага і практычнага. Тэарытычны тур праходзіў па традыцыйнай схеме і ўяўляў сабой тэсціраванне навучэнцаў па прадметах прафесійнага кампанента, куды былі ўключаны пытанні па спецыяльнай тэхналогіі, матэрыялазнаўстве, будаўнічым чарчэнні, ахове працы. Па выніках тэарытычнага тура лідарамі спаборніцтва сталі ўдзельнікі каманды Гомельскай вобласці, якія набралі 142 балы са 150-ці магчымых. На некалькі балаў адсталі ад лідара каманды Гродзенскай і Мінскай абласцей. У індывідуальным заліку адразу 4 навучэнцы набралі па 49 балаў з 50-ці магчымых.

Як адзначыла галоўны інспектар упраўлення прафесійна-тэхнічнай адукацыі галіновага міністэрства Ілона Антонаўна Чак, усе ўдзельнікі конкурсу былі вельмі добра падрыхтаваны да тэарэтычнай часткі. А гэта пацвярджае той факт, што навучальныя ўстановы будаўнічага профілю, улічваючы імклівае ўкараненне новых тэхналогій у гэтую галіну, мадэрнізацыю вытворчасці, нада­юць тэарытычнай падрыхтоўцы сваіх выхаванцаў значную ўвагу, каб у далейшым яны змаглі без асаблівых перашкод адаптавацца ў калектыве будаўнікоў і не адставаць па сваіх прафесійных навыках ад вопытных работнікаў.

Практычны тур праводзіўся на рэальным будаўнічым аб’екце, і канкурсанты дапамагалі рабочым “Мазырпрамбуда” будаваць жылы дом. Удзельнікам спаборніцтва прадаставілі памяшканні, у якіх яны павінны былі выканаць тынкавальныя работы на плошчы, вызначанай умовамі спаборніцтва. Канкурсантам трэба было пратынкаваць сцены і вуглы памяшканняў пасля цаглянага і блочнага муравання. Практычнае заданне выконвалася на працягу двух конкурсных дзён. У першы навучэнцы рыхтавалі паверхню сцен для тынкавання з выкарыстаннем усіх неабходных інструментаў і тэхналагічных этапаў. На другі дзень канкурсанты наносілі тынкоўку на ўжо падрыхтаваныя сцены.

Усе этапы практычнага тура спаборніцтва, узровень выканання тынкавання кантраляваліся членамі журы з выкарыстаннем навейшых сродкаў вымярэння, у тым ліку лазернага ўзроў­нямера. Як паказалі вынікі, навучэнцы прадэманстравалі высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі, а вымяральныя прыборы паказалі толькі мізэрныя, неістотныя памылкі ў рабоце канкурсантаў. Кожны з канкурсантаў своечасова і даволі якасна выканаў устаноўленую норму выпрацоўкі тынкавальных работ.

Па выніках двух тураў спаборніцтва найбольшую колькасць балаў набралі каманды Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. У асабістым першынстве прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае месца заняў Уладзімір Ляўковіч з Мазырскага прафесійнага ліцэя будаўнікоў. “Серабро” ў Валянціна Каландзёнка з Барысаўскага будаўнічага прафесійнага ліцэя, Цімерлана Бякбаева з Гродзенскага будаўнічага прафесійнага ліцэя і Аляксандра Піменава з Рагачоўскага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікаў. 3-е месца занялі Анатоль Бірук з Мазырскага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, Уладзімір Байдак з Маладзечанскага прафесійна-тэхнічнага каледжа і Георгій Бармін з Мсціслаўскага прафесійна-тэхнічнага каледжа. 

Ала КЛЮЙКО.
kliuiko@ng-press.by


© Сайт арыгіналу Абітурыент, 2012.
Тэгі: , ,

Feed enhanced by Better Feed from Ozh