Навацыя гэтага года – адзіныя тэрміны правядзення ЦЭ і ЦТ — прыйшлася даспадобы адзінаццацікласнікам

- 14:04Новости

Цэнтралізаваныя экзамены адзінаццацікласнікі гімназіі № 1 Астраўца здавалі ў родных сценах, бо з мінулага навучальнага года ўстанова адукацыі з’яўляецца пунктам правя­дзення ЦЭ для ўсяго Астравецкага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У гэтым навучальным годзе на базе нашай гімназіі ЦЭ здаваў 181 выпускнік раёна. Быў арганізаваны падвоз дзяцей школьнымі аўтобусамі згодна з графікам прыбыцця ў пункт здачы. Для правядзення ЦЭ былі задзейнічаны 13 вучэбных аўдыторый, арганізавана работа буфета, а таксама прыняты ўсе належныя меры, каб экзамены прайшлі паспяхова, зладжана і ў максімальна камфортных для дзяцей умовах, — гаворыць дырэктар гімназіі і кі­раўнік пункта ЦЭ Алена Севасцьян. — Правядзенню экзаменаў папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа з педагогамі, якія прайшлі вучэбныя семінары па алгарытме работы ў аўдыторыях, па правілах запаўнення бланкаў адказаў, таксама навучанне прайшлі дзяжурныя ў калідорах. Пры наведванні пункта ў дні ЦЭ 27 і 30 мая прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю недахопаў не выявілі. Матэрыяльна-тэхнічная база і санітарна-бытавыя ўмовы адпавядалі ўсім нормам.

Найбольш запатрабаванымі прадметамі па першым ЦЭ ў гімназістаў сталі англійская мова, біялогія і матэматыка. Напрыклад, матэматыка, на думку дырэктара гімназіі, папулярная ў выпускнікоў таму, што неабходна для паступлення на тыя спецыяльнасці, якія дазволяць у далейшым працаўладкавацца на Беларускую атамную электрастанцыю, што знаходзіцца непадалёк.

Вывучаючы меркаванне гімназістаў і іх бацькоў, адміністрацыя гімназіі прыйшла да высновы, што ЦЭ на сённяшні дзень ацэньваецца імі як найбольш актуальная, аб’ектыўная, зручная форма кантролю школьных ведаў і правядзення ўступнага выпрабавання ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

— Анкетаванне і станоўчыя водгукі з боку законных прадстаўнікоў сведчаць пра тое, што гэтая форма іспыту найбольш камфортная для дзяцей, бо пазбаўляе іх трывожнасці, а таксама не забірае дадатковы час у бацькоў для суправаджэння дзіцяці на ЦТ за межы раёна, — удакладняе Алена Чаславаўна. — Для саміх дзяцей форма ЦЭ — гэта вельмі зручны мікс школьнага і ўступнага выпрабавання, бо праходзіць у спакойнай атмасферы і гарантуе дакладны вынік пры ацэньванні.

Гаворачы пра вынікі ЦЭ, кі­раўнік установы адукацыі адзначае, што імі задаволены і дзеці, і педагогі. Хоць у гімназіі і няма стабальнікаў, усе выпускнікі пацвер­дзілі свае адзнакі, у тым ліку і чатыры прэтэндэнты на залаты медаль, якія набралі 98, 97 і 96 балаў.

Новаўвядзенне гэтага года — адзіныя тэрміны правядзення ЦЭ і ЦТ — таксама прыйшлося даспадобы адзінаццацікласнікам, якія, зняўшы з сябе груз адказнасці, змаглі спакойна рыхтавацца да выпускнога вечара.

Як кіраўнік пункта здачы ЦЭ Алена Севасцьян ахвотна дзеліцца сваімі назіраннямі і прапановамі:

— Пэўная складанасць узнікла ў сувязі з тым, што экзамены выпускнікоў праходзілі ў вучэбныя дні, калі ў іншых паралелях павінны былі яшчэ праводзіцца заняткі. У сувязі з недахопам аўдыторый даводзілася арганізоўваць урокі ў іншых установах адукацыі. Ёсць прапанова, каб навучальны год для ўсіх дзяцей заканчваўся 25 мая. Так наступны тыдзень будзе свабодным для адзінаццацікласнікаў, якія рыхтуюцца да ЦЭ. А ў педагогаў будзе час, каб без спешкі і вырашэння іншых задач падрыхтаваць пункт да правядзення экзаменаў: пранумараваць парты, апячатаць шафы і аўдыторыі і г.д.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота прадастаўлена суразмоўніцай