“Думаю, не памылюся, калі скажу, што прадстаўнікі сферы адукацыі заўсёды з’яўляюцца самымі актыўнымі ўдзельнікамі суботніка. Нароўні з педагогамі добраўпарадкаваннем тэрыторый, пасадкай дрэў, акультурваннем лясоў пасля зімы займаюцца навучэнцы і студэнты”, — адзначыў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.
Работнікі Міністэрства адукацыі працавалі ў суботу на тэрыторыі вучэбна-выхаваўчай установы “Рэспубліканскі цэнтр рэабілітацыі дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху” ў Мінску. Іх памочнікамі былі дашкаляты, якія вучацца ў гэтай установе. Яны з задавальненнем дапамагалі дарослым ачышчаць ад леташняга лісця пясочніцу.
На тэрыторыі Рэспубліканскага цэнтра рэабілітацыі дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху работа кіпела: за дзень трэба было завяршыць невялікі рамонт, прыбраць двор, навакольныя тэрыторыі ад смецця і леташняга лісця, пасадзіць дрэвы, кусты, шматгадовыя кветкі.
У 2013 годзе гэтай установе спаўняецца 50 гадоў. Асноўная мэта дзейнасці цэнтра — усебаковае развіццё дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху, іх сацыялізацыя і інтэграцыя ў грамадства. На базе ўстановы апрабуюцца лепшыя методыкі і праграмы навучання і выхавання дзяцей з парушэннем слыху. Вопыт работы ўстановы даказвае магчымасць высокіх вынікаў у фарміраванні ўсебакова развітой гарманічнай асобы дзіцяці з парушэннем слыху.
“Удзел у суботніку паказаў, што цэнтр мае патрэбу ў вялікай дапамозе Міністэрства адукацыі, у тым ліку ў стварэнні новай нарматыўнай базы. Менавіта гэтыя пытанні мы павінны абмеркаваць у найбліжэйшы час”, — сказаў міністр.
Кіраўнікі галіны, прадстаўнікі УВА, устаноў сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і агульнай сярэдняй адукацыі працавалі на добраўпарадкаванні гарадскіх тэрыторый, населеных пунктаў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ адна група спецыялістаў Міністэрства адукацыі аказала дапамогу сельскагаспадарчаму вытворчаму кааператыву “ШАЦК” Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Там працавалі ў асноўным мужчыны: яны збіралі камяні, прыводзілі ў парадак тэрыторыю машыннага двара.
У рамках акцыі “Дом, у якім я жыву” прадстаўнікі сістэмы адукацыі рэгіянальнага ўзроўню былі заняты на добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, вуліц, ліквідацый несанкцыянаваных сметнікаў. Супрацоўнікі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама працавалі на тэрыторыі Мінскага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лідар”.
Актыўны ўдзел у навядзенні парадку прынялі студэнты і навучэнцы. Так, студэнты Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа ўдзельнічалі ў работах па добраўпарадкаванні мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, а Гомельскага політэхнічнага каледжа — па добраўпарадкаванні парку імя Луначарскага ў Гомелі. Навучэнцы Маладзечанскага політэхнічнага каледжа добраўпарадкоўвалі тэрыторыі гарадскога парку “Перамога”, брацкай магілы па вуліцы Драздовіча. Навучэнцы Барысаўскага політэхнічнага каледжа наводзілі парадак у скверы каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам, дапамагалі работнікам Барысаўскага дома дзіцяці. У кожным раёне Мінска сіламі школьнікаў і студэнтаў былі арганізаваны брыгады, якія ўдзельнічалі ў суботніку. Школьнікі сталіцы прыбралі тэрыторыі сквера імя М.Казея, Музея валуноў, сквера імя М.Паўлава, Батанічнага саду, чыжоўскага заапарка.
Адзначым таксама, што заробленыя ў дні рэспубліканскіх суботнікаў грошы Міністэрства адукацыі штогод пералічвае ў фонд рэспубліканскага суботніка. Напрыклад, у 2005 годзе гэтая сума склала 2 млн 169 тыс. рублёў, а сёлета — 8 млн 850 тыс. рублёў.