Вопытам духоўна-маральнага выхавання вучняў на аснове праваслаўнай культуры падзялілася намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Хомскай сярэдняй школы Драгічынскага раёна Алёна Губарэвіч. Паміж школай і храмам Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Хомска наладжана плённае супрацоўніцтва. Гэтая і іншыя тэмы былі ў цэнтры ўвагі падчас знаёмства з установамі адукацыі Брэсцкай вобласці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Духоўна-маральнае выхаванне з’яўляецца прыярытэтам у рабоце настаўнікаў пачатковых класаў, — адзначае Алёна Паўлаўна. — Дзеці атрымліваюць веды пра свой народ, яго гісторыю і культуру, прыродныя багацці, знаёмяцца з адметнымі рысамі характару беларусаў. У школе таксама працуе кабінет этнаграфіі і фальклору. Невычэрпны матэрыял для выхавання — падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Каб дапамагчы дзецям зразумець цяжкасці і выпрабаванні, якія выпалі на долю ваеннага пакалення, праводзяцца сустрэчы з Паўлам Данілавічам Макарэвічам — ветэранам вайны, які пражывае на тэрыторыі Хомскага сельскага савета. Вучні аказваюць яму пасільную дапамогу.
У 2024 годзе ў школе стартаваў праект “Зямля бацькоў дала ім права…” з мэтай далучэння вучняў да добраўпарадкавання аграгарадка, школьнай тэрыторыі, помнікаў і месцаў пахавання, да грамадска карысных спраў. У рамках праекта ладзяцца экскурсіі і паходы, класныя гадзіны, урокі мужнасці, рыхтуюцца сумесныя праекты выпускнікоў і вучняў школы.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Хомскай сярэдняй школы Надзея Рапінчук вядзе ўрок у кабінеце этнаграфіі і фальклору
Плённае супрацоўніцтва наладжана паміж школай і храмам Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Хомска. Вучні наведваюць факультатыўны курс “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры Марыны Зіновіч. Любіць, дапамагаць, прымаць, быць спагадлівым — ключавыя каштоўнасці, на якія яна абапіраецца ў рабоце. Вучні Марыны Анатольеўны неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі конкурсаў дзіцячай творчасці “Калядная зорка”, “АрхНавацыя”, “Светлае свята”, Афанасьеўскага інтэлектуальнага турніру. У 2024 годзе турнір праводзіўся на базе Хомскай школы. Яе каманда перамагла сярод каманд Драгічынскага благачыння і каманд — удзельніц Брэсцкай епархіі.
У дзіцячым садзе аг.Бездзеж займаюцца ўсяго 23 дзіцяці. Некаторыя прыязджаюць з суседніх вёсак. Тут дзейнічаюць дзве рознаўзроставыя групы, у тым ліку інтэграванага навучання і выхавання. Як расказала выхавальніца Святлана Давыдава, з малымі працуюць тры педагогі, якія да таго ж вядуць фізкультурныя і музычныя заняткі. У садзе ёсць свой харчаблок, дзецям гатуе ежу кухар. Трое малых маюць асаблівасці ў развіцці — з імі займаецца настаўнік-дэфектолаг, які прыходзіць з мясцовай школы. Па дапамогу педагога-псіхолага таксама звяртаюцца ў школу.
Некалькі гадоў назад дзіцячы сад пачаў рэалізацыю праекта “Зялёныя школы”. Установе быў прысвоены адпаведны статус, уручаны дыплом І ступені і каштоўны падарунак (мікраскоп). У праекце ўдзельнічалі 13 дзяцей 5—7 гадоў з інтэграванай групы. Па кожным з яго кірункаў праведзена вялікая работа, якая працягваецца і сёння. Бацькі выхаванцаў таксама далучаюцца да шматлікіх экалагічных мерапрыемстваў і акцый. Яны робяць шпакоўні і кармушкі для путшак, саджаюць дрэвы і кусты, збіраюць макулатуру, рыхтуюць тэматычныя выставы аб спосабах эканоміі і беражлівасці і г.д. А яшчэ выхаванцы наведваюць мясцовы музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”, дзе не толькі знаёмяцца з экспанатамі, але і вывучаюць насельнікаў сажалкі, што знаходзіцца побач.
— Асаблівая ўвага ў Драгічынскім раёне ўдзяляецца добраўпарадкаванню ўстаноў адукацыі, помнікаў, ваенных пахаванняў і іншых знакавых месцаў, — адзначыў начальнік аддзела па адукацыі Драгічынскага райвыканкама Аляксандр Абрамовіч. — У мінулым годзе ў раёне быў уведзены ў эксплуатацыю новы лагер “Зарніца”, умовы ў якім можна назваць узорнымі. У яшчэ адным папулярным лагеры “Вінч” запланаваны пэўныя работы па добраўпарадкаванні, якія завершацца да лета.
Па выніках мінулага навучальнага года адна з устаноў Драгічынскага раёна трапіла ў тройку лепшых у вобласці па асноўных паказчыках развіцця сістэмы: Ліпніцкая сярэдняя школа імя М.М.Папова была адзначана граматай абласнога ўпраўлення як адна з лепшых у Брэстчыне сярод сельскіх устаноў адукацыі.
Ганарымся мы і дасягненнямі вучняў. Сёлета пяцёра прымуць удзел у заключным этапе рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Па выніках ЦЭ (ЦТ) у мінулым годзе ў раёне было восем стабальных вынікаў, у тым ліку 400 балаў атрымала Ганна Траццяк з гімназіі Драгічына. 26 выпускнікоў 2024 года ўзнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі. У раёне высокапрафесійны педкалектыў: больш за 50% маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, два настаўнікі — катэгорыю “настаўнік-метадыст”, пяць удастоены звання “Выдатнік адукацыі”.
Выхаванцы нашага раёна ўваходзяць у склад нацыянальнай і зборных каманд Беларусі па лёгкай атлетыцы, акадэмічным веславанні, футболе. У нас добрая спартыўная база і высокакваліфікаваныя трэнеры. Ёсць дзіцяча-юнацкая спартыўная школа з цудоўным стадыёнам, у гімназіі — дзве спартзалы і басейн. Арганізуецца ўсенавуч па плаванні. А яшчэ штогод у раёне праводзяцца сплавы на байдарках. Адпаведная база знаходзіцца каля Дняпроўска-Бугскага канала. Падтрымліваем і інклюзіўныя тэндэнцыі ў спорце. На базе Пярковіцкай сярэдняй школы ў адукацыйны працэс укаранілі бочэ — гульню з мячом, якая падыходзіць для ўсіх дзяцей, нават для тых, у каго абмежаваныя рухальныя магчымасці. У планах — далучыць дзяцей з АПФР да заняткаў плаваннем. Да таго ж у новым навучальным годзе збіраемся адкрыць спартыўна-педагагічны клас.
Адна з самых вялікіх дашкольных устаноў Брэста — дзіцячы сад № 7. У ім функцыянуюць 19 груп, якія наведваюць 359 дзяцей. З моманту адкрыцця ўстановы ў 2018 годзе яе ўзначальвае Таццяна Ігнацюк.
— Наш дзіцячы сад адпавядае ўсім сучасным патрабаванням да якасці адукацыі, — адзначае Таццяна Васільеўна. — Дзецям прадастаўляецца шырокі спектр адукацыйных паслуг, у тым ліку заняткі па адаптацыі да ўстановы для самых маленькіх, карэкцыйна-педагагічная дапамога, дзейнічае шмат аб’яднанняў па інтарэсах. Асноўная ўвага — бяспецы жыццядзейнасці выхаванцаў. У сучасным кабінеце АБЖ развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе падзелена на зоны, якія прысвечаны пытанням бяспечных паводзін дома (у кватэры), на дарозе, у прыродзе, выкананню правіл пажарнай бяспекі. Абыгрываецца алгарытм выкліку адпаведных службаў.
Дзіцячы сад № 7 Брэста з’яўляецца пераможцам (дыплом ІІІ ступені) рэспубліканскага этапу фестывалю “Бяспечнае дзяцінства”. Адпаведны метадычны вопыт двойчы прадстаўляўся на рэспубліканскай выставе “Бяспечнае дзяцінства”.
Ва ўстанове практыкуюцца сучасныя формы ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў у кірунку грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Праводзяцца фотафестывалі, флэшмобы, ствараюцца буктрэйлеры, сямейныя праекты і г.д. “Бацькоўская пошта” выяўляе запыты сем’яў. Ажыццяўляецца пошукавая дзейнасць. Агульнымі намаганнямі арганізаваны міні-музей “Мая спадчына” і распрацаваны маршрут выхаднога дня “Сямейны паход” у выглядзе альбома “Славутасці Брэста”.
Ва ўстанове функцыянуюць два пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, а таксама тры спецыяльныя групы для выхаванцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення і асобная група для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату і цяжкасцямі ў навучанні, дзе амаль усе малыя перамяшчаюцца на інвалідных калясках. Усім выхаванцам камфортна ва ўстанове, бо тут створана безбар’ернае асяроддзе. У штаце шэсць настаўнікаў-дэфектолагаў і два педагогі-псіхолагі.
Дарэчы, установу наведваюць 213 дзяцей з мнагадзетных сем’яў. У калектыве, дзе працуюць 100 чалавек, 36 супрацоўнікаў з’яўляюцца мнагадзетнымі бацькамі. Тры жанчыны ўзнагароджаны ордэнам Маці.
— Акцэнт хачу зрабіць на мерапрыемствах абласнога і рэспубліканскага значэння, якія адбываюцца ва ўстановах адукацыі Брэстчыны. Днямі на базе Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта ў фармаце адкрытага дыялогу прайшоў абласны бацькоўскі сход “Любоў бацькоў — аснова…”, — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская. — Гэтая тэма вельмі актуальная. У многіх выпадках асноўнай прычынай сямейнай нядобранадзейнасці становяцца няправільна пабудаваныя дзіцяча-бацькоўскія адносіны, недавер у сям’і, недастатковы ўзровень адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей, слабае ўзаемадзеянне з педагогамі-псіхолагамі і ўвогуле з настаўнікамі. Школа і бацькі павінны разумець, што наш абавязак — знайсці агульную мову і падыход да кожнага дзіцяці, дапамагчы вырашыць яго праблемы, справіцца з цяжкасцямі і крызіснымі сітуацыямі. На мерапрыемстве закраналіся пытанні своечасовага выяўлення праблем у сям’і, папярэджання сітуацый, звязаных з гібеллю дзяцей ад знешніх прычын, фарміравання ў іх каштоўнасных адносін да жыцця. Перад прысутнымі выступілі эксперты — прадстаўнікі абласной пракуратуры, Следчага камітэта, устаноў аховы здароўя і адукацыі, духавенства. У сустрэчы прынялі ўдзел больш за 5000 бацькоў і педагогаў з усіх раёнаў вобласці ў фармаце афлайн і анлайн.
Вялікую ўвагу ў вобласці ўдзяляем мерапрыемствам у рамках рэспубліканскага праекта “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”. Ідзе падрыхтоўка да рэспубліканскага суботніка, што асабліва актуальна ў Год добраўпарадкавання, да маштабнага святкавання 80-годдзя Перамогі і сустрэчы дэлегацыі цягніка Памяці, да рэспубліканскага злёту Школ міру. Пачынаецца будаўніцтва новай школы ў Брэсце на 1020 месцаў, дзіцячага сада ў Баранавічах на 280 месцаў, а да пачатку новага навучальнага года плануем адкрыць школу-сад у Пінску на 471 месца, завяршыць будаўніцтва прыбудовы да сярэдняй школы № 1 у Лунінцы з рэканструкцыяй, выканаць рэканструкцыю будынка інтэрната Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа.
85 гадоў сёлета спаўняецца сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі краіны, у тым ліку і шэрагу каледжаў Брэсцкай вобласці. У сувязі з гэтым мы распачалі рэалізацыю праекта па папулярызацыі рабочых прафесій — “Навучым працаваць”.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА