Навошта пчаляру фанендаскоп? Настаўнік Вячаслаў Жалубоўскі — пра сваю асалоду для душы

- 12:58Увлечения

Вячаслаў Генрыхавіч Жалубоўскі, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі нарачанскай сярэдняй школы № 1, расказаў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра сезонныя клопаты пчаляра, якія не абыходзяцца без фанендаскопа і карвалолу.

Прафесар жыцця

— Мая цікавасць да пчалярства зара­дзілася яшчэ ў дзяцінстве. Сусед разво­дзіў пчол, а я бегаў да яго, назіраў, што і як ён робіць. Калі было гадоў дванац­цаць, дасталіся мне ў падарунак дзве пустыя калоды і адна — з пчаліным роем. Не цярпелася самому паспрабаваць, — з усмешкай успамінае настаўнік. — Каб набрацца вопыту і ведаў, я “прыляпіўся” да саўгаснага пчаляра Васіля Ільіча Янкоўскага. Спачатку ён не ўспрымаў мяне сур’ёзна, але потым мы сталі сапраўднымі сябрамі. Памятаю: аднакласнікі буракі палоць ідуць на летніх канікулах, а я — да Васіля Ільіча. Дзіўны быў дзед, адукацыі не меў, а навучыў мяне шмат чаму. Не толькі як з пчоламі ла­дзіць, але і як коней выбіраць, як прышчэпкі ў садзе рабіць. Сапраўдны прафесар жыцця. Удзячны яму бязмерна.

Вячаслаў Генрыхавіч нават хацеў пайсці вучыцца на пчаляра. Дачка дзеда Васіля адгаварыла: “Хлопец ты разумны, табе патрэбна сур’ёзная адукацыя, а пчоламі можна і ў вольны час займацца”. Так і сталася. Пасля заканчэння матэматычнага факультэта БДУ малады настаўнік вярнуўся на малую ра­дзіму. Адданы сваёй працы ў школе, якую скончыў сам, акрамя матэматыкі, выкладае інфарматыку, вядзе YouTube-канал сваёй установы адукацыі, а летам адпраўляецца з вучнямі ў паходы па ўсёй Беларусі. І пчалярства не пакінуў. Ды яшчэ і сад вялікі пасадзіў і даглядае яго. На ўсё знаходзіцца час. Відаць, праўду людзі кажуць: “Было б жаданне!”

Клопаты і турботы

Пчальнік Вячаслава Генрыхавіча знаходзіцца ў роднай вёсцы, за 8 км ад Нарачы. Зараз у садзе ста­іць 20 вулляў. І пакідаць іх без увагі нельга круглы год. Нават зімой.

— У гэты перыяд наведваюся да пчол разы два за месяц. Бяру з сабой, нібыта доктар, фанендаскоп і праслухоўваю кожны домік. Па гуку можна зразумець, як пчолы сябе адчуваюць і што там у іх робіцца. Калі роўна гудуць — добра, калі цішыня — можна развітацца з пчалінай сям’ёй. Калі вельмі гучна “размаўляюць” — не­шта не так. Цяперашнія зімы цёплыя, і пчолам бывае горача ў доміках. Трэба трошкі асту­дзіць, панізіць тэмпературу ўнутры, правет­рыць. Можа стацца так, што корму ім не хапае, тады адчыняеш вулей і кла­дзеш рамку з ежай. Птушкі могуць нанесці вя­лікія страты: стукаюць па доміку — і пчолы вылятаюць. Я, праўда, зрабіў такія ляткі ў вуллі (акенцы), каб іх жыхары зімой не мелі магчымасці выбірацца, — расказвае Вячаслаў Генрыхавіч.

Вясной пчолы робяць першы аблёт, таму неабходна своечасова адчыніць ім ляткі. А калі ўсталюецца цёплае надвор’е, гаспадар наво­дзіць парадак у кожным доміку.

— Галоўная мая задача — паспець да цвіцення садоў зрабіць усё, каб пчаліныя сем’і множыліся, развіваліся. Тады будзе шмат майскага мёду. Наведваюся на пчальнік праз кожныя два-тры дні, гля­джу, у якія вуллі неабходна дабавіць рамкі, якія раблю сваімі рукамі. Зімой іх у доміку 8—10 штук, а падчас медазбору можа быць да 18, — тлумачыць суразмоўнік.

За доўгія гады захаплення пчалярствам арганізм Вячаслава Генрыхавіча, здаецца, прывык да пчаліных укусаў. Без іх ніяк у гэтай справе. Не выратоўвае ні спецыяльны касцюм, ні капялюш з сеткай.

— Вясной яшчэ адчуваю боль, а далей — амаль не звяртаю ўвагі. Пройдзе пару хвілін — ужо і не памятаю. А спачатку бывала, як жахнуць, дык апухаў так, што і вочы не мог расплюшчыць, твар быў, як мячык, — дзеліцца настаўнік.

Дымар — абавязковы атрыбут пчаляра, які павінен рабіць яго работу бяспечнай. Але і тут здараюцца нечаканасці.

— Калі даю дыму ў вулей, пчолы ўспрымаюць яго як сігнал небяспекі. Значыць, пачынаецца пажар, трэба ўцякаць, а перад гэтым набраць мёду ў брушка. І тады яны страчваюць здольнасць джаліць. А калі без дыму палезеш у домік — ты вораг, якога трэба атакаваць. Але часам не­шта ідзе не так. І дымар не дапамагае. Адна пчала раптоўна пачынае нападаць, і вось ужо ўвесь рой ляціць на цябе. Тут толькі застаецца самому — ногі ў рукі і ўця­каць. Пачакаеш, пакуль супакояцца, і зноў да іх, — заўважае Вячаслаў Генрыхавіч.

Пчалярскія хітрасці

Пчаляру трэба быць уважлівым і назіральным, бо па знешнім выглядзе пчол, пчалінай сям’і можна многае зразумець. Напрыклад, ці ёсць у доміку матка, якая адказвае за нараджэнне новых пчол.

— Я не шукаю яе ў вуллі, дастаткова прыгледзецца да пчолак вясной, калі яны вяртаюцца ў сваю хатку. Саджуся каля доміка і назіраю: актыўна нясуць пылок — зна­чыць пяргу робяць, дзетак кормяць і матка ў парадку. Калі пчаліная каралева памірае, я аб’ядноўваю яе сям’ю з іншай. Тут таксама ёсць свая хітрасць. Справа ў тым, што ў кожным доміку — асаблівы пах дзякуючы ферамонам, якія распаў­сюджвае галоўная пчала. Менавіта па гэтым паху пчолы вызначаюць чужынцаў і не пускаюць іх у свой домік. Каб аб’яднаць сем’і, кладу ў вулей паперу, змочаную растворам карвалолу з вадой. Насельнікі доміка яе з’яда­юць, і дзеянне сямейных ферамонаў слабее, тады іншыя пчолы не ўспрымаюць іх насцярожана, — тлумачыць настаўнік.

У маі і чэрвені Вячаслаў Генрыхавіч ловіць раі дзікіх пчол, каб засяліць іх у пустыя вуллі ці да слабых сем’яў. У гэтым го­дзе яму ўдалося “прыручыць” больш за 20 раёў.

У летнія месяцы асноўная справа пчаляра — дачакацца, пакуль мёд у сотах паспее, і адпампа­ваць яго. Калі пчаліная сям’я моцная, два-тры вядры мёду можна атрымаць. У жніўні — свае клопаты: падрыхтаваць пчол да зімоўкі. І першым чынам неабходна накарміць іх.

— Розныя ёсць спосабы. У мяне — свой. Гатую сіроп: бяру на два літры вады тры кілаграмы цукру і грам яблычнага воцату. Разліваю сіроп па тры літры ў мяшок і кладу ў кожны вулей. І так 4—5 разоў за восень. Колькі цукру трэба, лепш не пытайцеся, — смяецца настаўнік.

А яшчэ пчол трэба лячыць. Вячаслаў Генрыхавіч супраць хімічных сродкаў, таму выкарыстоўвае шчаўевую кіслату. Робіць раствор і вялікім шпрыцом уводзіць у кожны вулей. У лістападзе, калі пачынаюцца замаразкі, уцяпляе домікі. Для гэтага зрабіў дыванок з імхом. І так з году ў год…

За гэты час ён перачытаў безліч спе­цыяльнай літаратуры. Практычны вопыт дазваляе самому пісаць артыкулы і дзяліцца ведамі. Вячаслаў Генрыхавіч лі­чыць пчалярства сваёй аддушынай і га­дзінамі гатовы расказваць пра свае прыгоды. Як і пра свой сад каля бацькоўскай хаты.

— Першым дрэвам каля 40 гадоў. Гэтыя гатункі яшчэ дзед Васіль даваў. І прышчэпкі разам з ім рабіў. Гадоў дзе­сяць назад пасадзіў маладзенькія саджанцы — 20 розных гатункаў. Усяго каля паўсотні яблынь расце. З маладых кілаграмаў па 50 яблык збіраем з жонкай, а са старэйшых — бывае і ўсе 300, — з гордасцю расказвае педагог.

Такое насычанае жыццё — норма для настаўніка. У кожным з захапленняў ён знаходзіць асалоду для душы. Асабліва кранае яго адзін момант:

— Калі цвіце мой сад і мае пчолкі збіраюць нектар на яблынях, гатовы днямі там сядзець, любавацца і радавацца.

Марына ЖДАНАВА