Навучаючы — вучуся

- 12:16Педагагічная майстэрня

Для навучэнцаў пачатковых класаў першая настаўніца — нібы добрая чараўніца, якая адкрывае ім свет. Для бацькоў — добры дарадчык. І каб сумяшчаць у сабе гэтыя ролі, настаўніку трэба ведаць і ўмець вельмі многае…

Настаўнік, калі ён сумленны, заўсёды павінен быць уважлівым вучнем.

Максім Горкі

Я заўсёды лічыла, што прафесія настаўніка — гэта адказная і нялёгкая работа. Але разважаючы з вышыні пражытых гадоў, разумею, што мой выбар прафесіі быў невыпадковы. У дзяцінстве, калі была яшчэ выхаванкай дзіцячага сада, ўжо гуляла ў школу: рассаджвала цацкі перад сабой і пісала крэйдай на адваротным баку адзежнай шафы. Сваю першую настаўніцу ўспамінаю і зараз. Мне здаецца, я не забуду яе ніколі. Столькі ў яе было ўвагі, дабрыні і цярплівасці да вучняў! Менавіта гэтая далікатная жанчына заклала ўва мне першыя зярняты любові да настаўніцкай прафесіі, якая праз гады стала маім прызваннем.

Калі я пачынала сваю педагагічную дзейнасць у школе, то была вельмі разгубленая! З чаго пачаць? Здавалася б, атрыманых ведаў ва УВА дастаткова, але школьная практыка паказвае, што маладым настаўнікам не хапае таго педагагічнага вопыту, які прыходзіць толькі з гадамі. У пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці я, як малады спецыяліст, сутыкнулася з цяжкасцямі. Перажывала за тое, як мяне прымуць у калектыве, думала, як наладзіць правільныя адносіны з дзецьмі. І зразумела, што неабходна выпрацаваць свой індывідуальны стыль зносін з дзецьмі, калегамі і адміністрацыяй школы. Што тычыцца адказнасці, вядома, усве­дамляеш, што табе даручана важная задача, якую ты не маеш права не выканаць. Настаўнік, які толькі-толькі пачынае свой шлях, стаіць перад выбарам: або пайсці па лёгкім шляху і суха, стандартна весці свае ўрокі, або з першай мінуты знаёмства зацікавіць сваіх вучняў, праводзіць урокі нестандартна, нетрадыцыйна, як і належыць сапраўднаму педагогу. У выбары метадаў трэба адштурхоўвацца ад вучня. Самае галоўнае — не забываць пра тое, што нават калі настаўніку вельмі падабаецца пэўная методыка, гэта не значыць, што і дзецям будзе цікава гэтым займацца. Настаўнік павінен выконваць ролю памочніка ў навучанні.

Настаўнік пачатковых класаў вучыць сваіх выхаванцаў асновам, але ведае значна больш… Ян Амос Каменскі пісаў: “Наву­чаць — значыць удвая вучыцца”. Так і ў нашай сумеснай дзейнасці: навучаючы іх, я вучуся разам з імі. Дзеці ўвесь час мяняюцца. Сёння яны не такія, якімі былі іх равеснікі дзе­сяць гадоў назад. Іншая мадэль развіцця ўсё ж паўплывала на цяперашняе пакаленне. Сучасныя дзеці добра разумеюць, калі ім хлусяць. Раней дзеці верылі ўсяму, пра што гаварылі настаўнікі: старэйшы лічыўся больш дасведчаным. Зараз школьнікі разумеюць, што ўсе могуць памыляцца. Сучасныя дзеці разумеюць і тое, што сёння не трэба завучваць усю інфармацыю па той простай прычыне, што ўсё мы можам знайсці ў інтэрнэце, а прылады для выхаду ў інтэрнэт заўсёды пад рукой. Цяперашніх дзяцей складана чымсьці здзівіць. Яшчэ дзесяць гадоў назад ім было цікава, калі на ўроках я выкарыстоўвала наглядны матэрыял у выглядзе картак, малюнкаў, табліц, плакатаў і інш. Але час не стаіць на месцы, адукацыйнае асяроддзе пашыраецца. Мала выкарыстоўваць на ўроках стандартныя метады і прыёмы, якім нас вучылі ва УВА. Свае ўрокі я імкнуся зрабіць нетрадыцыйнымі, сучаснымі, каб яны адпавядалі цяперашняму пакаленню. Зараз час інфармацыйных тэхналогій, і таму мае ўрокі не абыходзяцца без прымянення тэхнічных сродкаў навучання, выкарыстання камп’ютарных тэхналогій і інтэрнэт-рэсурсаў. Не магу сказаць, што гэта лёгка. Мне даводзіцца ўвесь час павышаць сваю кваліфікацыю, вучыцца на разнастайных курсах і семінарах (маю сертыфікаты карыстальніка інфармацыйных тэхналогій у адукацыі, удзельніка Рэспубліканскага семінара “Эфектыўнае выкарыстанне сэрвісаў Googlе ў рабоце педагога”, анлайн-курса Scratch 3.0 у межах адукацыйнага праекта “Праграмаванне — другая пісьменнасць”). Таксама прыйшлося асвоіць інтэрнэт-платформы вядзення электронных журналаў і дзённікаў Znaj.by і Schools.by, навучыць карыстацца імі не толькі бацькоў, але і калег. З сакавіка 2020 года ў сувязі з неспрыяльнай эпідэмічнай сітуацыяй у краіне мне, як і многім іншым педагогам, прыйшлося перайсці на дыстанцыйнае навучанне. І скажу, што для мяне, маіх вучняў і бацькоў гэта не было праблемна, бо ў сваёй працы я ўжо некалькі гадоў выкарыстоўваю некаторыя сацыяльныя сеткі (Viber, Telegram), мабільныя праграмы і інтэрнэт-платформы (GoogleClassroom, Google-Дыск, Skype і інш.). У выніку ўсе дзеці паспяхова засвоілі вучэбную праграму і былі атэставаны.

Работа настаўніка над удасканаленнем сябе не абыходзіцца без самааналізу. Заўсёды задаю сабе пытанне: якая я ў вачах сваіх вучняў? Але не магу на яго дакладна адказаць. Напэўна, для кожнага навучэнца я розная. Кожны свой адпрацаваны ў якасці настаўніка дзень я стараюся прааналізаваць. І скажу вам з упэўненасцю: не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Каб удасканальвацца, настаўнік абавязаны многа чытаць, вывучаць, даследаваць, паспяваць за патокам інфармацыі. Ён павінен цікавіцца апошнімі распрацоўкамі і дасягненнямі навукі. У маёй рабоце ўзнікае безліч пытанняў, на якія я шукаю адказы. Лічу, што прафесію настаўніка выбіраюць, у першую чаргу, тыя, каму ў свой час пашчасціла сустрэць таленавітых, цікавых педагогаў, здольных захапіць сабой. У сучасным свеце прафесія настаўніка, па-мойму, цэніцца не так, як раней. Па-сапраўднаму таленавітым настаўнікам становіцца той чалавек, які ўлюбёны ў гэтую прафесію, які валодае вялікай душой і цярпеннем.

“Навучаючы — вучуся”, — гэтыя словы належаць рымскаму філосафу Сенеку. Кожны настаўнік упэўнены ў простай ісціне: перш чым навучыць нечаму дзіця, трэба самому быць кампетэнтным у гэтым пытанні. Заўсёды спасцігаць нешта новае і не адставаць ад перадавых тэхналогій у тэхніцы, творчасці, педагогіцы. Мне ўвесь час даводзіцца расці і ўдасканальвацца.

Але, акрамя выбару метаду і тэхналогіі навучання, неабходна помніць і пра ўзаемаадносіны з дзецьмі. Трэба своечасова вызначаць асаблівасці ўспрымання і перапрацоўкі інфармацыі вучнямі, разумець кожнага, умець бачыць іх вочы, падтрымліваць ход іх думак, вучыцца разам з імі разумець адно аднаго, выхоўваць не толькі кожным сваім урокам, але і сваім асабістым прыкладам.

“Навучаючы, вучыся і не спыняйся на дасягнутым” — вось мой дэвіз у педагагічным жыцці. Я шчаслівая, таму што ў маім жыцці адбыўся гэты невыпадковы выбар прафесіі настаўніка. Я шчаслівая, таму што ў мяне ёсць цікавая работа. Я шчаслівая, таму што ў мяне ёсць магчымасць зноў і зноў разам з дзецьмі спазнаваць цікавы свет. Я шчаслівая, таму што бачу вынікі сваёй работы. Хтосьці з маіх вучняў стане вядомым пісьменнікам, хтосьці інжынерам, хтосьці перакладчыкам, хтосьці будзе добрым бацькам ці маці, хтосьці проста добрым і чулым чалавекам, хтосьці — настаўнікам. І не проста настаўнікам, а настаўнікам творчым, які будзе любіць сваіх вучняў, вучыць iх і, навучаючы, вучыцца.

Марыя ШАСТАКОВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 96 Мінска.