Навучэнцы Казялужскай сярэдняй школы праводзяць гэтае лета на тэнісным корце

- 12:04Пресс-тур «Настаўніцкай»

Навучэнцы Казялужскай сярэдняй школы Хойніцкага раёна праводзяць гэтае лета на тэнісным корце. Пры гэтым яны маюць мноства варыянтаў школьнага адпачынку. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка з’явілася тут некалькі гадоў назад дзякуючы фінансаванню расійскай тэнісісткі Марыі Шарапавай. Марыя як пасол добрай волі ААН аддавала свае сродкі на аднаўленне раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, бо яе бацькі з-за гэтай трагедыі былі вымушаны за некалькі месяцаў да нараджэння дачкі пераехаць са свайго роднага Гомеля ў Сібір.

Праводзячы экскурсію па спартыўнай частцы тэрыторыі, дырэктар школы Святлана Іванаўна Лобан расказвае:

— Дзякуючы Марыі Шарапавай, у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі для нашых навучэнцаў быў пабудаваны гэты корт і прадастаўлена ўсё неабходнае для гульні ў тэніс — ад спартыўнай формы да ракетак. Трэнер нашых дзяцей — загадчык сектара спорту і турызму Хойніцкага райвыканкама Віктар Каток. Заняткі ён праводзіць тры разы на тыдзень па вечарах і абавязкова на выхадных. Трэніруюцца тут не толькі навучэнцы, але і іх баць­кі, мясцовыя жыхары і людзі з усяго раёна. Прыходзіць шмат нашых былых выпускнікоў. Заняткі для ўсіх бясплатныя, адзіная ўмова — прыносіць сваю ракетку. Віктар Аляксандравіч праводзіць адкрытыя спаборніцтвы па тэнісе для ўсіх жадаючых. Праўда, сярод аднагодкаў у раёне нашым дзецям няма канкурэнцыі, таму яны спаборнічаюць з дарослымі. У нас ёсць амаль прафесійны спартсмен — дырэктар Хойніцкага лясгаса Аляксандр Мікалаевіч Дзягцярык. Ён заўсёды займаў першыя месцы на раённых спабор­ніцтвах, але летась наш вучань — адзінаццацікласнік Сяргей Півавар — яго абыграў і заваяваў перамогу. Ёсць у нас і вопыт спаборніцтваў з Гомельскім абласным цэнтрам алімпійскага рэзерву па тэнісе.

Хоць тэніс тут вельмі лю­бяць, але толькі ім не абмяжоўваюцца. Корт лёгка ператвараецца ў гандбольную і валейбольную пляцоўку. Ёсць у школьнікаў гучныя перамогі і на спаборніцтвах па баскетболе, лёгкай атлетыцы (дагледжаны стадыён таксама ніколі не пустуе). У будынку школы выдатна абсталявана трэнажорная зала. Цяпер, калі на вуліцы стаіць спякота, яна асабліва запатрабаваная.

Школьны тэнісны корт стаў цэнтрам прыцягнення моладзі не толькі Казялужжа, але і ўсяго Хойніцкага раёна.

Як расказала начальнік аддзела адукацыі Хойніцкага райвыканкама Людміла Мікалаеўна Тупіца, у раёне няма стацыянарных дзіцячых аздараўленчых лагераў, але гэта кампенсуецца прышкольнымі лагерамі дзённага знахо­джання, якія збіраюць дзяцей кожны чэрвень і жнівень. У падлеткаў карыстаюцца папулярнасцю лагеры працы і адпачынку. На іх зменах яны падклейваюць кнігі, шы­юць пасцельную бялізну, касцюмы, сувеніры. У многіх школах працуюць летнія аздараўленчыя пляцоўкі, куды дзеці могуць проста прыйсці, пагуляць, штосьці памайстраваць, заняцца спортам.

Адна з такіх пляцовак працуе і ў Казялужскай школе. Яе кіраўнік педагог-арганізатар Дзіяна Грытчанка працуе ў школе першы год, аднак папярэдні вопыт работы ў дзіцячым садзе зрабіў сваю справу і дапамог разнастаіць канікулы школьнікаў самымі незвычайнымі тэхнікамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці і гульнямі. У прыватнасці, яна разам з малодшымі школьнікамі прадэманстравала нам перавагі малявання на… харчовай плёнцы.

— У гэтай тэхніцы малявання замест палатна мы бяром плёнку. На ёй дзеці могуць маля­ваць усё што заўгодна. Сёння ілюструем казкі. Дзецям вельмі спадабалася маляваць партрэты адно аднаго. Нават адзінаццацікласнікі палюбілі гэты партрэтны прыём, — расказвае Дзіяна Васільеўна. Дзеці гэта дэманструюць: хлопчык стаіць за плёнкай, а яго твар фарбамі па контуры паўтараюць дзяў­чынкі.

Творчасць і фантазія — галоўныя складнікі і заняткаў нас­таўніцы фізікі Галіны Віктараўны Моўчан. Яна вельмі любіць кветкі, вырошчвае іх дома, каля школы і вучыць дзяцей ства­раць з іх фларыстычныя кампазіцыі. Іх работы ўжо не раз былі прызёрамі і пераможцамі абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў. Гэтым разам настаўніца навучыла юных фларыстаў рабіць кампазіцыі з кветак за імітаваным шклом.

Старшакласнікі пераканаліся на справе, што іх фантазія можа прыносіць не толькі задавальненне ад творчага працэсу, але і прыбытак. У вучэбнай бізнес-кампаніі “Фота+” навучэнцы 9 і 11 класаў спасцігаюць асновы прадпрымальніцтва. Яны вучацца сваімі рукамі ствараць эксклюзіўныя рэчы: віншавальныя паштоўкі, календары, шаблоны для друку на кубках, футболках, бейсболках, цацках. Для гэтага ў іх ёсць прынтар з сублімацыйным друкам. Для вытворчасці друкаванай прадукцыі розных фарматаў у юных прадпрымальнікаў ёсць і брашуратар, ламінатар, рэзчык паперы.

Сяргей Палівач, сёлетні выпускнік школы, прадэманстраваў у дзеянні 3D-прынтар:

— Такіх прынтараў у нас чатыры, яшчэ адзін — канвеернага тыпу. На ім можна ствараць розныя вырабы — разнастайнасць прадукцыі абмяжоўваецца толькі плошчай платформы. Часцей за ўсё мы на ім робім падстаўкі для тэлефона. Вось гэта працуе на PLA-пластыку: можа выразаць лазерам, але не настолькі моцна, каб выразаць дэталі, затое гравіроўку на ім рабіць зручна.

Хутка закіпіць работа і ў школьнай швейнай майстэрні. Тут традыцыйна будзе наладжана часовая працоўная занятасць для дзяўчат ва ўзросце ад 14 гадоў. У мінулым годзе яны шылі шторы, абрусы, накідкі на крэслы. Шмат яны пашылі і касцюмаў, у тым ліку для ўдзельнікаў школьнага ваенна-патрыятычнага клуба “Пат­рыёты” — адзінага ў раёне такога профілю. Мяркуецца, што сцягі расквечвання і сувенірную прадукцыю, якія запланаваны для пашыву ў майстэрні сёлета, таксама будуць выкарыстоўваць юныя патрыёты.

Кіраўнік названага клуба і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Алег Віктаравіч Лобан не толькі вандруе са сваімі навучэнцамі па родным краі, але і як настаўнік абслуговай працы майструе з імі аўтарскія рэчы з драўніны. Фае школы, напрыклад, упрыгожваюць гадзіннік і люстэрка са спілаў дрэва.

Настаўніца інфарматыкі Алена Уладзіміраўна Краўчанка любоў да Радзімы перадае сваім вучням праз вышыўку і вывучэнне традыцыйных арнаментаў Хойніччыны. Яе рукамі ўжо створана цэлая калекцыя ручнікоў, якая цяпер прадстаўлена на школьнай выставе. Хутка адкрыецца творчая летняя майстэрня “Спадчына” і для школьнікаў. Таму, магчыма, экспазіцыя да канца лета будзе папоўнена.

Зрэшты, талентаў у педагогаў школы шмат, таму і павучыцца ў іх вучням на канікулах ёсць чаму. Напрыклад, настаўніца матэматыкі Кацярына Канстанцінаўна Казмярчук піша выдатныя вершы і прозу, а настаўніца абслуговай працы Алена Валянцінаўна Крыўко нядаўна трапіла ў лік прызёраў III Рэспубліканскага конкурсу распрацовак літаратурнага матэрыялу для дзіцячага тэат­ра. Пісьменніцкія таленты гэтых настаўнікаў абавязкова знойдуць сваіх прадаўжальнікаў сярод вучняў.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА