Навучэнцы ліцэя №1 Гомеля – пра педагога Сяргея Булавінскага: тое, як ён падае матэрыял, — гэта найвышэйшы пілатаж

- 9:00Главная, Образование

Важна, каб нашы выпускнікі заставаліся на роднай зямлі і працавалі на карысць сваёй краіны, лічыць настаўнік фізікі Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 Сяргей Булавінскі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вучні, якіх сёлета выпускае ў дарослае жыццё Гомельскі гарадскі ліцэй № 1, даўно ведаюць, куды пойдуць вучыцца. Паколькі адзін з кірункаў ліцэя — фізіка-матэматычны, вялікая частка дзяцей выбрала для далейшай вучобы тэхнічныя УВА. Настаўнік фізікі Сяргей Булавінскі юнакоў і дзяўчат, накіраваных на асваен­не інфармацыйных тэхналогій, заклікае звярнуць увагу ў першую чаргу на інжынерныя спецыяльнасці. Ён сам шмат гадоў прапрацаваў інжынерам у адным з самых прэс­тыжных канструктарскіх бюро Гомеля.

Сяргей Аляксандравіч не па чутках ведае, як запатрабаваны на вытворчасці спецыялісты, якія не толькі разбіраюцца ў кодах, але і ўмеюць усё рабіць сваімі рукамі. Вучні прыслухоўваюцца да рэкамендацый любімага настаўніка і вельмі ганарацца тым, што вучыліся менавіта ў Булавінскага, які не раз ім гаварыў, наколькі важна заўсёды быць сумленнымі ў адносінах да сябе і прымаць узважаныя рашэнні.

“Большасць нашых дзяцей хочуць асвойваць IT-тэхналогіі, але я пастаянна звяртаю іх увагу на перавагі інжынернай адукацыі. Увогуле, самае лепшае — гэта сімбіёз: інжынер + праграміст. У ліцэі мы з навучэнцамі займаемся тэхнічнай творчасцю, пастаянна падкрэсліваю неабходнасць умення ствараць штосьці ўласнымі рукамі. Сёння на нашых  прадпрыемствах ужо ёсць суперсучаснае абсталяванне. Такія станкі могуць абслугоўваць інжынеры з высокай кваліфікацыяй, інжынеры-праграмісты-­электронікі. Гэтыя спецыялісты запатрабаваны на рынку працы”, — заўважыў педагог.

Сяргей Аляксандравіч прыйшоў у ліцэй у 2007 годзе. З таго часу шмат яго вучняў сталі прафесіяналамі. За 16 гадоў настаўнік падрыхтаваў 15 пераможцаў трэцяга і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, 25 пераможцаў гарадскога і абласнога конкурсаў навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў, навукова-практычных канферэнцый. Дырэктар Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 Таццяна Чаплінская адзначыла, што Сяргей Булавінскі — выдатны педагог, які бачыць перспектывы і ўмее павесці за сабой дзяцей: “На працягу многіх гадоў ён дэманструе стабіль­насць вынікаў, пры гэтым заўсёды здзіўляе непрадказальнасцю тэм даследаванняў, якія прапануе вучням. Чалавек ён вельмі адказны і ўлюбёны ў сваю справу”.

Сяргей Булавінскі лічыць, што ў рабоце яму вельмі дапамагаюць створаная ў Гомельскім гарадскім ліцэі № 1 добрая матэрыяльная база і высокая культура зносін: “Мне тут добра. Мы маем магчымасць не толькі па стандартнай праграме займацца з дзецьмі, але і працаваць дадаткова. Я прапаноўваю навучэнцам удзе­л у праекце, які доўжыцца тры месяцы, — у турніры фізікаў. Пасля яны могуць з лёгкасцю пісаць курсавыя работы ва УВА, бо здольны не толькі ра­шаць эксперыментальныя задачы, але і абгрунтоўваць іх тэарэтычна. Адначасова дзеці вучацца выступаць і лагічна даказваць сваё рашэнне. Ім гэта падабаецца.

Акрамя таго, спрабую знайсці сярод навучэнцаў найбольш  зацікаўленых — тых, хто будзе распрацоўваць індывідуальныя праекты. У нашым ліцэі вельмі моцныя вучні, і я заўсёды знаходжу некалькі чалавек, якія бяруцца за асабліва складаную задачу, якую вядуць паўгода. Я ганаруся імі”.

“Праз церні да зорак” — дэвіз установы адукацыі. Паступаючы сюды, усе юнакі і дзяўчаты праходзяць сур’ёзны адбор. Конкурс у ліцэй — два чалавекі на месца. Ліцэісты часам могуць паспрачацца з дарослымі, адстойваючы сваё меркаванне. Пры гэтым усе яны ўдзячны ўстанове, дзе іх таленты прайшлі агранку, і педагогам, якія ўбачылі ў іх паплечнікаў і падтрымлівалі на працягу двух гадоў вучобы ў ліцэі.

Святлана Грыдзіна, пераможца заключ­нага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы: “У нашым ліцэі фізіка і матэматыка выкладаюцца на вельмі высокім узроўні. Сяргей Аляксандравіч ніколі не супакойвае клас — пачынае штосьці гава­рыць, і клас адразу змаўкае. Ён нам даў вельмі шмат ведаў і жыццёвага вопыту”.

Міхаіл Коўтун, пераможца XXXII абласнога турніру юных фізікаў: “Тут вельмі крутая атмасфера. Усе накіраваны на вынік, і ў той жа час усе гатовы адно аднаму дапамагчы, растлумачыць, падказаць. Настаўнікі ў нас заўсёды адкрыты да дыялогу. А Сяргей Аляксандравіч заўсёды знойдзе час, каб растлумачыць незразумелую задачу, і абавязкова пераканаецца, ці правільна яе зразумелі. Ён імкнецца развіваць у сваіх вучняў логіку і ўяўленне”.

Мікіта Маслоўскі, пераможца XXXII абласнога турніру юных фізікаў, Гомельскай абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Пошук”, Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў, педагогаў, настаўнікаў “Моладзь. Адукацыя. Грамадства”: “Я ўдзельнічаў у турніры юных фізікаў. З канца 10 класа мы з настаўнікам пачалі рыхтаваць работу па вымярэнні мінералізацыі пры дапамозе стаячых гукавых хваль. З ёй у 11 класе я ўдзельнічаў у рэспубліканскім туры. Усё дзякуючы Сяргею Аляксандравічу Булавінскаму”.

Аляксей Усаў, пераможца XXXII абласнога турніру юных фізікаў, Гомельскай абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Пошук”: “Наш настаўнік валодае незвычайнай харызмай. У яго добрае пачуццё гумару. Тое, як ён падае матэрыял, — гэта найвышэйшы пілатаж. Ён добра ўмее падводзіць да тэмы матэрыялу, а потым стварае момант кульмінацыі. Увесь клас напружана чакае — усім цікава, чым усё скончыцца”.

Мікіта Угніч, пераможца XXXII абласнога турніру юных фізікаў, Гомельскай абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Пошук”, XXIV абласнога конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект: “Я прыйшоў у ліцэй, каб займацца навукова-даследчай дзейнасцю. Пачаў шукаць выкладчыка, які мне дапаможа ў гэтым. Пасля ўдзелу ў турніры юных фізікаў Сяргей Аляксандравіч Булавінскі прапанаваў займацца індывідуальнымі праектамі. З ім вельмі цікава працаваць: не заўважаеш, як пралятае час. Калі не атрымліваецца рашыць задачу, я заўсёды ўспамінаю яго параду: трэба супакоіцца і паспрабаваць ўявіць рашэнне”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара