Конкурсы прафесійнага майстэрства сталі неад’емнай часткай вучэбнага і выхаваўчага працэсу ва ўстановах прафесійнай адукацыі. Такія спаборніцтвы дазваляюць не толькі павышаць прэстыж рабочых прафесій, але і развіваць важныя прафесійныя кампетэнцыі, праводзіць прафарыентацыйную работу, умацоўваць узаемадзеянне з сацыяльнымі партнёрамі і г.д. Усе гэтыя магчымасці шырока выкарыстоўваюць у філіяле РІПА “Індустрыяльна-педагагічны каледж”. Нядаўна тут прайшоў традыцыйны адкрыты конкурс прафесійнага майстэрства па шэрагу кампетэнцый.
Конкурс у Індустрыяльна-педагагічным каледжы праводзіцца ўжо больш за 10 гадоў. Год ад году фармат мерапрыемства мянялі, каб яно адпавядала актуальнай сітуацыі. Пачыналася ўсё з конкурсу ўнутры каледжа. З кожным разам расла цікавасць да спаборніцтва і павялічвалася колькасць удзельнікаў. У мінулым годзе было вырашана не замыкацца ў межах сваёй установы і да ўдзелу запрасілі прадстаўнікоў іншых устаноў адукацыі — так спаборніцтва стала больш напружаным і таму больш цікавым, з’явілася магчымасць абмену вопытам. Сёлета конкурс таксама быў адкрыты — да канкурсантаў індустрыяльна-педагагічнага каледжа далучыліся навучэнцы Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12 будаўніцтва, Дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 імя А.П.Старавойтава Магілёва, філіяла РІПА “Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага”, філіяла БНТУ “Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж”. Усяго больш за 60 удзельнікаў прадстаўлялі 6 устаноў адукацыі.
Конкурс праводзіўся па 10 кампетэнцыях: “Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы”, “Абліцоўка пліткай”, “Сантэхніка і ацяпленне”, “Зварачныя тэхналогіі”, “Цагляны мур”, “Цяслярная справа”, “Электрамантаж”, “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. Упершыню на конкурсе былі прадстаўлены кампетэнцыі “Сталярная справа” і “Інжынерны дызайн CAD”, “Геадэзія”, “Тэхналогія праектавання будынкаў (BIM)”. Апошнія дзве кампетэнцыі былі прадстаўлены ў дэманстрацыйным рэжыме.
Калі наша краіна далучылася да міжнароднага руху WorldSkills, спаборніцтвы ў каледжы пачалі праводзіць па стандартах гэтага конкурсу.
— Дзякуючы ўдзелу ў руху WorldSkills мы ўкараняем у навучанне новыя тэхналогіі, якія з’яўляюцца на вытворчасці, нашы навучэнцы атрымліваюць самыя актуальныя веды і навыкі. У выніку мы выпускаем запатрабаваных, канкурэнтаздольных спецыялістаў. Сёння колькасць запытаў ад вытворцаў, якія жадаюць узяць на работу нашых выпускнікоў, значна перавышае колькасць выпускнікоў, — расказвае Аляксей Маратавіч Маслан, дырэктар філіяла РІПА “Індустрыяльна-педагагічны каледж”.
Конкурс з’яўляецца для навучэнцаў адборачным этапам для далейшага ўдзелу ў этапах WorldSkills. Дарэчы, у гэтым конкурсе навучэнцы каледжа маюць значныя поспехі. Так, у мінулым годзе прадстаўнікі каледжа на гарадскім этапе ўдзельнічалі ў 9 кампетэнцыях і ў 7 атрымалі медалі. На рэспубліканскім конкурсе ўзялі ўдзел у 5 кампетэнцыях і ў 4 былі адзначаны медалямі. На папярэдніх міжнародных спаборніцтвах WorldSkills два навучэнцы каледжа абаранялі гонар нашай краіны, зараз тры чалавекі рыхтуюцца выступіць на міжнароднай конкурснай арэне. У каледжы ўжо ўтварылася свая супольнасць экспертаў конкурснага руху — некаторыя канкурсанты засталіся ва ўстанове працаваць майстрамі вытворчага навучання. Яны перадаюць свае веды новым пакаленням канкурсантаў. Так, напрыклад, маладыя спецыялісты, якія маюць вопыт выступлення на конкурсах, увайшлі ў склад журы падчас адкрытага конкурсу ў каледжы. Сярод іх Уладзіслаў Арцюх, Юлія Марымонава, Аляксандр Макась, Дар’я Іванова.
Каледж мае вельмі шмат сацыяльных партнёраў. З імі наладжана цеснае супрацоўніцтва па розных напрамках. Сацыяльных партнёраў абавязкова прыцягваюць і да арганізацыі конкурсаў — яны дапамагаюць абсталёўваць конкурсныя пляцоўкі, выступаюць у якасці незалежных экспертаў. Так, сёлета падтрымку конкурсу аказвалі такія вытворчыя прадпрыемствы, як Rehau, Knauf, “МАВ”, “СтройМастерКом”, “БелСваМо”, “АБИКОР БИНЦЕЛЬ Техникс”. Такія мерапрыемствы дазваляюць работадаўцам знаходзіць для сябе таленавітыя кадры і пераконвацца ў высокім узроўні іх падрыхтоўкі.
Вялікае значэнне конкурс мае і для прафарыентацыйнай работы. Гасцямі каледжа ў конкурсныя дні сталі навучэнцы прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі, а таксама навучэнцы 9—11-х класаў школ. Яны азнаёміліся з інфармацыяй аб паступленні ў каледж у 2021 годзе, аб спецыяльнасцях, па якіх ажыццяўляецца падрыхтоўка, наведалі конкурсныя пляцоўкі. Безумоўна, тыя ўменні, якія дэманструюць на конкурсе іх амаль аднагодкі, высокатэхналагічнае абсталяванне, з якім яны працуюць, уразілі школьнікаў. У якасці прафарыентацыйнага мерапрыемства конкурс паказвае цудоўныя вынікі. На сайце каледжа, дзе размешчана інфармацыя аб прыёме ў каледж і навучанні ў ім, вядзецца рэгістрацыя патэнцыяльных абітурыентаў. Падчас правядзення конкурсу іх зарэгістравалася больш, чым за папярэднія два месяцы.
Вялікую цікавасць у школьнікаў, навучэнцаў каледжа і ўдзельнікаў конкурсу з іншых устаноў адукацыі выклікалі майстар-класы. Іх правялі “зоркі” руху WorldSkills, якія вучацца ў каледжы. Напрыклад, Дзмітрый Бальшакоў, сярэбраны прызёр чацвёртага рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus, правёў майстар-клас па выкарыстанні сучаснага зварачнага абсталявання. Вікторыя Гарбузава, пераможца чацвёртага рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus, прадэманстравала навыкі валодання сучаснымі тэхналогіямі па малярных і дэкаратыўных работах. Падключыліся да майстар-класаў і сацыяльныя партнёры — прадстаўнікі кампаніі Rehau правялі майстар-клас па выкарыстанні сучасных матэрыялаў і інструментаў для мантажу санітарна-тэхнічных сістэм.
Такім чынам, конкурс стаў карысным для ўсіх: навучэнцам каледжа ён стварыў спрыяльныя ўмовы для прафесійнага і творчага росту; школьнікам дазволіў пазнаёміцца з шэрагам прафесій і самой установай; каледжу даў магчымасць заявіць аб сабе як аб шматфункцыянальнай, інтэграванай, інавацыйнай навучальнай установе.
Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены ўстановай адукацыі.