Навучэнцы Ваўкавыскага і Гродзенскага раёнаў адпачываюць летам ярка, з карысцю

- 14:20Пресс-тур «Настаўніцкай»

З карысцю, ярка, крэатыўна… Менавіта так праводзяць летнія канікулы навучэнцы Ваўкавыскага і Гродзенскага раёнаў. У гэтым карэспандэнты “Настаўніцкай газеты” пераканаліся падчас насычанага двухдзённага прэс-туру.

Канечне, азнаёміцца з усёй палітрай летняй аздараў­ленчай кампаніі Прынёманскага краю проста фізічна немагчыма, бо толькі ў Гродзенскім раёне працуе 21 прышкольны лагер з дзённым знаходжаннем, 8 лагераў працы і адпачынку, 9 палатачных і 2 ваенна-патрыя­тычныя. У Ваўкавыскім раёне яшчэ больш — 60 аздараўленчых лагераў.

Аднак самыя яркія колеры гэтай багатай палітры мы змаглі ўба­чыць, занатаваць, сфатаграфаваць. А яшчэ акунуліся ў атмасферу сяброўства і творчасці, адчулі вялікае жаданне педагогаў ра­біць адпачынак дзяцей незабыўным, карысным. Што самае галоўнае — гэтае жаданне паспяхова рэалізуецца.

Лета, як вядома, з’яўляецца найлепшым часам для адпачынку на прыродзе і падарожжаў па родным краі. Таму цалкам лагічна, што наш прэс-тур пачаўся на беразе Зэльвенскага вадасховішча, дзе на некалькі дзён размясціўся бівак перасовачнага палатачнага лагера “Мерыдыян” турыстычна-краязнаўчага профілю Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Па словах дырэктара цэнтра Іны Вацлаваўны Кулак, гэта ўжо другая стаянка “Мерыдыяна” і арганізавана яна на тэрыторыі Зэльвенскага раёна. Першая па традыцыі размяшчаецца ў Ваўкавыскім раёне, трэцяя — у суседнім Пружанскім недалёка ад Ружан.

Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Пётр Яўгеньевіч Красько:

— Гэтым летам у нашым раёне дзейнічае 60 аздараўленчых лагераў. З іх 37 профільных або тых, дзе дзейнічаюць тэматычныя змены. 35 лагераў з дзённым знаходжаннем дзяцей, 8 лагераў працы і адпачынку, аздараўленчы лагер “Рось”, 10 лагераў з кругласутачным знаходжаннем (9-дзённыя). Акрамя таго, для аздараўлення дзяцей арга­нізавана работа 2 перасовачных і 4 стацыянарных палатачных лагераў. Усяго плануем аздаравіць 3879 дзяцей.

— Гэтым летам у нашым раёне арганізавана работа двух перасовачных і чатырох стацыянарных палатачных лагераў. Чым перасовачны адрозніваецца ад стацыянарнага? Тым, што тут кожная стаянка не больш за 3 дні, а ў стацыянарным дзеці жывуць на адным і тым жа месцы на працягу ўсёй 9-дзённай змены. Арганізаваць перасовачны лагер больш складана. За месяц да яго правядзення педагогі разам з дырэктарам лагера праязджаюць па маршруце, ачышчаюць тэрыторыю для бівакоў ад галля, камення, апалага лісця, смецця, вызначаюцца пункты, дзе можна папаўняць запасы прадуктаў харчавання, пітной вады і атрымаць першую медыцынскую дапамогу, — расказвае Іна Вацлаваўна.

Што тычыцца прадуктаў харчавання, то яны самыя карысныя, самыя натуральныя. А калі ўлі­чыць, што прыём ежы адбываецца на свежым паветры, стравы ад гэтага здаюцца яшчэ смачнейшымі.

Калегі пацвердзяць — такіх смачных лянівых варэнікаў са свежымі чарніцамі мы яшчэ ніколі не каштавалі. Дарэчы, зроб­лены яны рукамі юных турыстаў. У гэтым і асаблівасць перасовачнага палатачнага лагера — ежу юныя турысты гатуюць самі. Самі абіраюць бульбу, моркву, самі вараць кашу на вогнішчы, самі ж затым мыюць посуд. Адным словам, прывучаюцца да самастойнага жыцця.

— Гэта ўжо мой трэці лагер. Нягледзячы на тое, што кожны раз маршрут адзін і той жа, тут ніколі не бывае сумна. Месцы для стаянак выдатныя. Побач вадаём, лес. Да таго ж мы з калегамі рыхтуем насычаную праграму. Ня­дзіўна, што адпачынак у такім лагеры падабаецца дзецям. Для навучэнцаў аб’яднанняў па інта­рэсах турыстычна-краязнаўчага профілю гэта выдатная ўзнагарода за актыўнасць на працягу навучальнага года, асабліва тых, хто з’яўляецца пераможцам і прызёрам турыстычных конкурсаў, злётаў, — паведаміў дырэктар лагера Павел Мікалаевіч Махомет.

Аты-баты, ішлі салдаты…

Незабыўным будзе лета і для выхаванцаў тэматычнай змены “Аты-баты, ішлі салдаты” ў аздараўленчым лагеры “Непаседы” з дзённым знаходжаннем сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска.

Па словах дырэктара ўстановы адукацыі Святланы Мікалаеўны Каладзінскай, дзвюма тэматычнымі зменамі ахоплена 170 школьнікаў. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Уладзіміраўна Грыгор’ева дадала:

— Сёлета мы святкуем 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а 2024-ы аб’яўлены ў краіне Годам якасці. Каб арганізаваць летні адпачынак дзяцей якасна і эфектыўна, і было вырашана зрабіць змену ваенна-патрыятычнай. Аб мінулым Радзімы педагогі расказваюць навучэнцам праз прывычныя для іх віды дзейнасці. Кожны дзень дзеці даведваюцца пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, яе герояў, значэнне Вялікай Перамогі ў лёсе нашага народа праз розныя віды мастацтва: музыку, фатаграфію, кіно, літаратуру, дэкаратыўна-прыкладное мастац­тва.

Атрады тут не проста атрады. Яны называюцца ротамі. Ёсць і свой штаб, дзе прадастаўлена метадычная літаратура, дыдактычныя гульні. Напрыклад, выхаванцы адной з рот стварылі дыдактычную інтэрактыўную гульню пра герояў-вызваліцеляў Ваўкавыска, імёнамі якіх названы вуліцы горада.

Галоўны атрыбут юных байцоў — ваенны гальштук. У кожнай роты ён адметны. Таксама дзеці атрымліваюць свое­асаблівы ваенны білет, у якім за актыўны ўдзел у мерапрыемствах размяшчаюцца зорачкі. Па колькасці зорачак дзецям прысвойваюцца званні ад радавога да сяржанта. Задача кожнай роты — завая­ваць як мага больш сцяжкоў. Такім чынам вызначыцца суперрота.

Прэс-тур выпаў на перадапошні дзень змены, таму яе ўдзельнікі рыхтаваліся да фестывалю “Мы — нашчадкі Перамогі”. На выставах-лакацыях былі прадстаўлены лепшыя работы дзяцей — іх творчае бачанне подзвігу нашага народа, а таксама яго генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Каб выхаванцы лагера маглі згадаць, наколькі якасна і эфектыўна яны адпачылі летам, іх кароткае, але насычанае армейскае жыццё педагогі занатавалі ў салдацкім альбоме.

— Актуальнасць праекта па­цвярджаюць два першыя месцы, якія наша школа заняла ў раённых этапах рэспубліканскіх конкурсаў “Наша лета эфектыўнае: з карысцю, яркае, крэатыўнае!” і “Карта адкрыццяў лета”, — адзна­чыла Святлана Мікалаеўна.

Падарыць усмешку

Пра дзіцячы аздараўленчы лагер “Сузор’е”, што ў Гро­дзенскім раёне, у фармаце “лепшы” можна гаварыць доўга. Лепшы ў вобласці, лепшы ў краіне па арганізацыі спартыўнага забеспячэння… Дарэчы, і прыехалі мы з калегамі сюды падчас змены “Спорт Фэст”. На футбольнай, баскетбольнай, валейбольнай, іншых пляцоўках ішлі спартыўныя спаборніцтвы, якія па сваіх эмоцыях не саступалі прафесійным матчам.

Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага райвыканкама Алена Іосіфаўна Сянько:

— Штогод у нас працуе каля 40 аздараўленчых лагераў, у якіх адпачывае больш за 3 тысячы дзяцей. Сёлета ў раёне 21 прышкольны лагер з дзённым знаходжаннем, 8 лагераў працы і адпачынку, 9 палатачных лагераў і 2 ваенна-патрыятычныя. Нязменнай папулярнасцю карыстаецца дзіцячы аздараўленчы лагер “Сузор’е”.

Каб змена прайшла на высокім узроўні, важатым дапамагаюць спартыўныя інструктары. Гэта настаўнікі фізічнай культуры і здароўя, а таксама студэнты факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Для правядзення майстар-класаў у лагер прыязджаюць знакамітыя спартсмены. Напрыклад, нядаўна на сеанс аднаразовай гульні завітаў шматразовы чэмпіён свету па шашках Андрэй Станіслававіч Валюк.

— Тэрыторыя нашага лагера складае амаль 6 га, на якіх знаходзяцца 6 карпусоў, у 4 з іх жывуць дзеці. Змяшчальнасць лагера 272 выхаванцы, і ўсе месцы заняты. Гэта найлепшы паказчык таго, што лагер карыстаецца папулярнасцю як сярод дзяцей, так і сярод бацькоў, — расказвае дырэктар лагера Ала Вікенцьеўна Кіўляк.

Яшчэ адзін з паказчыкаў эфектыўнай работы лагера — усмешкі дзяцей: калі яны ідуць атрадам на мерапрыемства або ў сталовую, калі вяртаюцца ў корпус, а яшчэ калі з усмешкай вітаюцца з важатымі. Значыць, дарослыя змаглі заваяваць іх давер і зрабіць адпачынак цікавым, карысным. У адрас Алы Вікенцьеўны падчас нашай прагулкі па тэрыторыі лагера прагучала не менш за сотню радасных “Добры дзень”. Выдатны паказчык яе прафесіяналізму!

Наогул, назва ў лагера невыпадковая. Пасля знаёмства з яго структурай, важатымі, творчасцю дзяцей, праектамі, якія рэалізуюць выхавальнікі, разумееш, што кожную змену тут адпачывае і працуе сапраўднае сузор’е талентаў.

На пляцоўках творчасці

Завяршыўся прэс-тур таксама сярод сузор’я талентаў — на творчых пляцоўках цэнтра па месцы жыхарства Скідзеля, які з’яўляецца філіялам Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Гродзенскага РЦТДіМ Галіна Мечыславаўна Кузьміцкая, цэнтр па месцы жыхарства — улюбёнае месца адпачынку, карыснага і творчага правядзення часу скідзельскіх школьнікаў. Гэта шматпрофільная ўстанова, на яе базе ажыццяўляецца работа аб’яднанняў па інтарэсах, творчых і гульнявых пляцовак розных профіляў і напрамкаў дадатковай адукацыі.

— Наш педагагічны калектыў у пастаянным творчым пошуку новых форм работы, якія цікавыя сучаснаму школьніку і адпавядаюць запытам не менш патрабавальных бацькоў. Таму мы прапаноўваем нашым выхаванцам розныя тэматычныя квесты, квілты, квізы, інтэлектуальныя лабараторыі і многа чаго іншага, — паведаміла Галіна Мечыславаўна і запрасіла на творчыя пляцоўкі.

Сакрэты поспеху

Тут дзеці разам з педагогамі расказвалі і паказвалі, як займаюцца робататэхнікай, спевамі, танцамі, шахматамі, працуюць з нетрадыцыйнымі тэхнікамі малявання. І кожны з майстар-класаў суправаджалі ўсмешкі. Падарыць дзецям цеплыню сваёй душы і ўсмешкі — адзін з галоўных сакрэтаў паспяховай работы педагогаў Гродзеншчыны ў летні перыяд, таму канікулы ў Прынёманскім краі праходзяць з карысцю, ярка, крэатыўна.

Ігар ГРЭЧКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА