Навучыць дзяцей атрымліваць веды самастойна

- 14:59Спецыяльная адукацыя

Як забяспечыць пераход ад пасіўнага засваення інфармацыі да актыўнага яе пошуку ў навучэнцаў з АПФР? Як навучыць іх крытычна асэнсоўваць тое, што адбываецца, карыстацца ведамі на практыцы? У гэтым нам дапамагае праектная дзейнасць.

Дзякуючы праектнай дзейнасці, навучэнцы атрымліваюць веды не ў гатовым выглядзе, а пераважна здабываюць іх у працэсе спецыяльна арганізаванага пошуку новых рашэнняў, распрацоўкі праектаў. Гэта спрыяе фарміраванню творчай асобы, здольнай рашаць нетрадыцыйныя задачы ў нетрадыцыйных умовах і ў далейшай яе паспяховай сацыялізацыі.

Сваю работу па гэтай тэхналогіі мы пачалі з разавых праектаў. Праект “Пешаходны турызм як адзін са сродкаў сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі дзяцей з АПФР” выклікаў цікавасць выхаванцаў да паходаў і экскурсій. Наступнай маштабнай работай стаў праект “Зямля пад белымі крыламі”, які ўключаў шэраг праектаў: “Школа: мінулае, сучаснасць, будучыня”; “Мсціслаў — горад-музей”; “Пазнай Радзіму — выхавай сябе”.

Назіраючы за вучнямі, мы заўважылі, што распрацоўка праектаў спрыяе развіццю іх пазнавальных навыкаў, крытычнага і творчага мыслення, умення самастойна канструяваць свае веды, арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, працаваць у групе, прадстаўляць вынікі сваёй працы перад равеснікамі.

Было прынята рашэнне аб шырокім укараненні гэтай тэхналогіі ў адукацыйную практыку нашай установы. Тэмы праектаў, якія мы рэалізоўваем, разнастайныя: “Хвала рукам, што пахнуць хлебам”, “Дарогамі вайны”, “Экалагічная сцяжына”, “Зямля пад белымі крыламі”, “Гульнятэка беларускіх народных гульняў”, “Мсціслаўшчына літаратурная”, “Гісторыя лялечнага тэатра”, “Фальклорны карагод”, “Гісторыя школы ў асобах”, “Зорка Пятра Дзмітрыевіча Урублеўскага”, “Геаметрыя вакол нас”, “Гісторыя паходжання прозвішча”, “Горад, у якім я вучуся”, “Аквагрым — сродак развіцця маўлення”, “Чалавек і час”, “Дробы вакол нас”. Галоўны крытэрый пры выбары тэмы — цікавасць дзіцяці да яе. Акрамя таго, тэма павінна быць актуальнай, грамадска значнай, мець практычную скіраванасць.

Пасля таго як тэма праекта вызначана, перад дзецьмі ставяцца канкрэтныя задачы, разам з імі абмяркоўваюцца магчымыя метады даследавання, пошуку інфармацыі і творчых рашэнняў. Пры вызначэнні заданняў для навучэнцаў улічваюцца іх вучэбныя магчымасці, цікавасці, схільнасці. Кожная група працуе над рашэннем сваіх задач. Выконваючы заданні, дзеці вучацца самастойна шукаць, здабываць, сістэматызаваць, аналізаваць і адбіраць неабходную інфармацыю. Усе гэтыя ўменні складаюць аснову інфармацыйнай кампетэнцыі, якая паспяхова фарміруецца пры рабоце з рознымі крыніцамі інфармацыі.

У рамках работы над праектамі дзеці вучацца працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, супрацоўнічаць адно з адным: фармуляваць і выказваць свае думкі, унікаць у сутнасць прапаноў сяброў, аргументаваць і крытыкаваць свае і чужыя ідэі, узаемадзейнічаць з іншымі людзьмі. Працуючы ў групах, дзеці вучацца дамаўляцца, ісці на кампраміс, браць на сябе адказнасць, арганізоўваць дзейнасць ад ідэі да рэалізацыі і рэфлексіі, знаходзіць прымяненне сваім здольнасцям. Яны спрабуюць сябе ў розных ролях: мастака, мадэльера, краўца, рэжысёра, журналіста.

Адным з важных этапаў у рабоце над праектам з’яўляецца яго прэзентацыя. Дзейнасць па выніках праекта “Гісторыя школы ў асобах” мы прэзентавалі ў выглядзе стэнда на абласным свяце работнікаў сяла “Дажынкі -2015”. Гэтая работа навучыла дзяцей сцісла і дакладна выкладаць свае думкі, рыхтаваць інфармацыйны ілюстрацыйны матэрыял, падбіраць фотаздымкі, якія нясуць канкрэтную інфармацыйную нагрузку, выпрацоўваць структураваную манеру выкладання матэрыялу. На аснове дэталёвага аналізу і рэфлексіі праведзенай работы быў створаны стэнд па тэме “Зорка Пятра Дзмітрыевіча Урублеўскага”. Аўтары работы падрыхтавалі лагічна звязанае паведамленне, склалі пералік магчымых пытанняў і адказы на іх. У працэсе падрыхтоўкі работы ўзаемадзеянне навучэнцаў і педагогаў было скіравана на развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі (навыкі маналагічнага маўлення, уменне ўпэўнена трымаць сябе ў час выступлення і адказваць на незапланаваныя пытанні; уменне весці дыскусію і абараняць свой пункт гледжання). Творчая група стала пераможцай Абласнога конкурсу гісторыка-патрыятычных праектаў “Мае землякі здабылі перамогу і працай сваёй услаўляюць наш край”. А праект “Адданасць справе” быў адзначаны дыпломам за выніковы ўдзел у гэтым жа конкурсе.

“Фальклорны карагод” — адзін з цікавых, змястоўных і доўгатэрміновых нашых праектаў. Дзякуючы рабоце над ім, пашырыліся веды дзяцей пра фальклорную спадчыну беларускага народа, нашай малой радзімы. Вынікам праекта стала стварэнне фальклорнага зборніка “Смак крынічнай вады”, які змяшчае прыказкі, прымаўкі, пястухі, пацешкі; кніжкі-раскладушкі дзіцячых фальклорных гульняў “У мядзведзя ў бары…”; кніжкі-малышкі народных казак роднага краю “Цудоўная ягада”. Яны выкарыстоўваюцца ў рабоце з дзецьмі з парушэннем маўлення дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

Працуючы над праектам “Фальклорны карагод”, школьнікі не толькі вывучалі вусную народную творчасць беларусаў, але і прымянялі свае веды пры правядзенні ў школе народных свят і абрадаў. Многія касцюмы для школьных свят мы ствараем сваімі рукамі. Так узнікла ідэя зрабіць праект “Традыцыі народа ў нацыянальным касцюме”. Працуючы над ім, дзеці пазнаёміліся з асаблівасцямі народнага касцюма, традыцыйнымі беларускімі ўзорамі (арнаментам), матэрыяламі, якія выкарыстоўваліся нашымі продкамі для вырабу адзення. Навучэнцы вывучалі традыцыі і абрады, сустракаліся з “захавальніцамі беларускай душы” — нашымі бабулямі, якія клапатліва захавалі для нас свае святочныя строі надзвычайнай прыгажосці. Практычным выхадам гэтага праекта стала калекцыя касцюмаў “Поры года”, з якой школьны тэатр моды выступіў на ХІ Рэспубліканскім фестывалі дзіцячай мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” і быў узнагароджаны дыпломам І ступені.

Праектная тэхналогія запатрабавана ў фарміраванні ключавых кампетэнцый, таму што дазваляе дасягаць дыдактычных мэт праз дэталёвую распрацоўку праблемы, якая завяршаецца цалкам рэальным, адчувальным практычным вынікам. Падчас выканання праекта навучэнцы ўцягваюцца ў актыўны пазнавальны творчы працэс, атрымліваюць новыя веды. Акрамя таго, фарміруюцца надпрадметныя кампетэнцыі: даследчыя (пошукавыя), камунікатыўныя, арганізацыйна-кіраўніцкія, рэфлексіўныя, уменні і навыкі работы ў камандзе, уменне даводзіць пачатую справу да канца.

Але самае галоўнае, што мы назіраем у працэсе даследчай дзейнасці, — гэта жывая цікавасць навучэнцаў. Яны гатовы даведвацца як мага больш, шукаць і знаходзіць новыя факты, праяўляць сябе творча.

Алена ЗУБКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Мсціслаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната
для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.