Навучыць геаграфіі, сплаўляцца на байдарках і пераадольваць цяжкасці велапаходаў — усё гэта пад сілу Аксане Завадскай, педагогу Карабоўскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна імя Р.І.Мацеюна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У адказ на маё здзіўленне Аксана Сігізмундаўна спакойна адказала: “Адно другому не перашкода”. Такая рознабаковая дзейнасць, наадварот, дапамагае настаўніцы геаграфіі адчуваць сябе цэльнай натурай, здольнай паспяхова спраўляцца з любой задачай. У скарбонцы яе дасягненняў як перамогі вучняў на алімпіядах па геаграфіі (раённага і абласнога ўзроўняў), так і на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні, спартыўных паходах.
І калі паступленне на геаграфічны факультэт БДУ было для Аксаны Сігізмундаўны заканамерным, то ўключэнне ў турыстычную дзейнасць адбылося выпадкова. Маладую настаўніцу разам з калегай-сяброўкай накіравалі на курсы па арганізацыі школьнага турызму, дзе першы тыдзень быў прысвечаны вывучэнню тэорыі, а другі — практыцы. Удзельнікі курсаў адправіліся ў сямідзённы пешы паход, дзе, як жартуе суразмоўніца, яе ўкусіў нейкі вірусны камар. З тых часоў яна і хварэе на паходы, турзлёты, таму штогод для вучняў разам з калегам настаўнікам фізічнай культуры і выхавання Аляксандрам Грынём арганізоўвае мінімум чатыры паходы.
Зразумела, гэтае лета не стала выключэннем. Усе запланаваныя паходы адбыліся.
“У маі мы з дзецьмі хадзілі ў паход на байдарках па рацэ Мнюце, што ў Глыбоцкім раёне. У паходзе прымалі ўдзел сямёра вучняў і двое кіраўнікоў. За тры дні мы прайшлі 50 км. У гэтым годзе вясна была дажджлівай, з высокім узроўнем вады ў рэках, таму Мнюта нагадвала рэкі Карэліі: сустракаліся перашкоды ў выглядзе не толькі паваленых дрэў, але і камянёў. Акрамя таго, трапляліся невялікія парогі. Таксама мы паўдзельнічалі ў абласным турыстычным злёце ва Ушачах.
У сярэдзіне чэрвеня здзейснілі трохдзённы велапаход трэцяй ступені складанасці па Глыбоцкім і Пастаўскім раёнах. За тры дні праехалі 156 км. Паход быў рэалізаваны ў рамках усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”.
У ліпені са старшай групай навучэнцаў Корабаўскай школы мы ажыццявілі велапаход другой катэгорыі складанасці па маршруце Гродна — Паставы. Да Гродна даехалі на цягніках, а з Гродна да Пастаў — ужо на веласіпедах. За гэты час мы пабывалі ў такіх выдатных месцах, як Гродзенскія фарты, Стары замак Гродна, Лідскі замак, Крэва, замак у Гальшанах. Усяго праехалі 415 км за сем дзён. Безумоўна, акрамя набытых навыкаў і пракачкі ўжо існуючых, атрымалі шмат уражанняў”, — расказала настаўніца.
Каб падмацаваць свае словы, яна даслала некалькі фотаздымкаў з задаволенымі, хоць і крыху стомленымі дзецьмі. Трапіць у паход да Аксаны Сігізмундаўны не так і проста. Трэба быць фізічна вынослівым, загартаваным і паўнавартасным удзельнікам каманды. Акрамя таго, вітаюцца, напрыклад, уменні падпампаваць або замяніць кола. Але калі іх няма, то на дапамогу заўсёды прыйдзе Аляксандр Мікалаевіч Грынь. Як заўважыла Аксана Сігізмундаўна, бывае, што ўвесь маршрут пройдзены без паломак, а бывае, што за дзень здараюцца тры праколы веласіпеднай шыны. Так што даводзіцца і інструменты вазіць з сабой. Самымі вопытнымі турысткамі з’яўляюцца дзве навучэнкі — Ксенія Толкач і Юліяна Федзічкіна, за плячыма якіх не адна сотня кіламетраў на веласіпедах. Дзяўчаты, нягледзячы на ўсе паходныя цяжкасці, палюбілі такія падарожжы.
Наперадзе пачатак навучальнага года, таму цяпер больш часу ўдзяляецца падрыхтоўцы да выкладання геаграфіі. Хоць, напэўна, для Аксаны Сігізмундаўны гэта не складана: геаграфію яна будзе выкладаць ужо 29-ы год. Разам з тым сучасныя дзеці даволі патрабавальныя, таму, каб іх здзівіць і матываваць да вывучэння прадмета, даводзіцца ўвесь час пашыраць метадычны кругагляд.
“Да арганізацыі ўрокаў у 5—6 класах трэба падыходзіць вельмі сур’ёзна. Найперш дзецям важна паказаць, што геаграфія — цікавы прадмет, а затым падвесці да яго значнасці. Тут на дапамогу прыходзяць новыя тэхналогіі. Так, вывучаючы землятрасенні, можна адкрыць адпаведную анлайн-карту і паказаць, дзе яны адбыліся і якой былі магутнасці. Інфармацыйныя тэхналогіі павышаюць цікавасць да геаграфіі і даюць магчымасць прадэманстраваць карысць гаджэтаў, якія насамрэч павінны дапамагаць развівацца і эканоміць час, а не траціць яго на сацыяльныя сеткі ці гульні”, — лічыць педагог.
Сярод вучняў Аксаны Сігізмундаўны заўсёды ёсць ахвочыя паўдзельнічаць у алімпіядным руху. У такіх дзяцей вельмі высокая матывацыя, яны таленавітыя і асаблівыя адначасова. Каб падрыхтавацца да алімпіяды, трэба не проста перавярнуць горы літаратуры — неабходна ўнікнуць ва ўсе нюансы, разабрацца ў шматлікіх узаемасувязях.
Па меркаванні настаўніцы, формула поспеху на алімпіядзе — 70% працы вучня і 30% — настаўніка. Падрыхтоўка да алімпіяды — гэта сістэма, якая ўключае карпатлівую штодзённую працу навучэнца і кааардынацыю з боку педагога, задача якога — дапамагчы разабрацца (асабліва з рашэннем практычных задач), накіраваць.
Геаграфія — комплексны (светапоглядны) прадмет, які закранае многія навукі. У ім спалучаюцца веды па біялогіі, хіміі, гісторыі, матэматыцы, літаратуры. Гэта прадмет, які пашырае агульны кругагляд чалавека, выхоўвае ў духу патрыятызму, дапамагае разабрацца ў глабальных праблемах, фарміруе стаўленне да свету. І калі вучань усведамляе гэта, то поспех на алімпіядзе яму гарантаваны. Як заўважыла Аксана Сігізмундаўна, у такіх дзяцей вочы гараць па-асабліваму. І калі яны паставілі сабе мэту, то падрыхтуюцца выдатна.
Дарэчы, велапаходы, сплавы на байдарках, спартыўнае арыентаванне таксама спрыяюць вывучэнню геаграфіі. Да таго ж такая дзейнасць вучыць пераадольваць сябе, выхоўвае маральную трываласць. А без гэтых якасцей пераможцамі не стаць.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва гераіні