Навука ў свеце мастацтва

- 10:40Адукацыйныя магчымасці

У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў прайшоў першы фэст “Навука ў свеце мастацтва”. Мерапрыемства ладзілася ў рамках агульнарэспубліканскага фестывалю навукі, арганізаванага Нацыянальнай акадэміяй навук.

Фэст праводзіўся на пляцоўках спартыўна-культурнага цэнтра ўніверсітэта. Дарэчы, сучасны комплекс, адкрыты ў снежні мінулага года, ідэальна падышоў для такой падзеі. На сцэне свае таленты дэманстравалі майстры танцавальнага і вакальнага мастацтва. А ў зале ўнізе разгарнулася выстава, дзе была прадстаўлена дзейнасць навуковых школ універсітэта, савета маладых вучоных, вынікі навуковай працы выкладчыкаў і студэнтаў.

Сваю дзейнасць шырока прэзентаваў навукова-метадычны цэнтр традыцыйнай беларускай культуры, у склад якога ўваходзяць дзве навукова-творчыя лабараторыі: “Традыцыйныя рамёствы беларусаў” і “Беларускія народныя музычныя інструменты”.

Вялікую цікавасць у гасцей выставы выклікалі майстар-класы па саломапляценні, ткацтве, лепцы з гліны. Вядучыя спецыялісты кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ахвотна дзяліліся сакрэтамі майстэрства, на вачах ствараючы маленькія шэдэўры. Наведвальнікі вучыліся ляпіць просценькія сувеніры, спрабавалі прыгожа скруціць саломінкі і з захапленнем назіралі за работай ткачыхі, баючыся нават дакрануцца да станка. Сёння ён выклікае, напэўна, больш эмоцый, чым любая сучасная машына. 

Шмат моладзі сабралася ля батлейкі. Студэнты разглядалі дзіўных самаробных лялек і слухалі мудрагелістыя сюжэты народных гісторый. Відавочна, батлейка не страчвае сваёй чароўнасці і ў сучасным свеце. Яе любяць і дзеці, і дарослыя.

Падчас прэзентацыі лабараторыі “Беларускія народныя музычныя інструменты” можна было паназіраць за працэсам вырабу музычных інструментаў, які таксама зачароўваў. “Из какой-то деревяшки, из каких-то грубых жил…” — захапляўся таінствам Булат Акуджава. Так, стварыць скрыпку, чыя музыка будзе браць людзей за душу, — гэта сапраўдная навука. 

На фэсце студэнты кафедры харэаграфіі правялі для жадаючых майстар-класы па сучасным і народным танцы. А кафедра мастацтва эстрады азнаёміла гасцей з камп’ютарнымі праграмамі, якія дазваляюць кіраваць гукавымі рэсурсамі электраінструментаў і ствараць сучасны музычны прадукт.

Госці фэсту, якія наведалі ўсе лакацыі, пераканаліся: у свеце мастацтва таксама шмат навукі. Пра гэта сведчаць і шматлікія навуковыя публікацыі супрацоўнікаў універсітэта.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара.