Другі год у НІА сумесна з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) рэалізоўваецца праект «Інклюзіўная адукацыя: спрыяльнае асяроддзе для рэалізацыі патэнцыялу кожнага дзіцяці», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
— Навукоўцамі інстытута распрацаваны праект Нацыянальнай стратэгіі развіцця інклюзіўнай адукацыі і план яе рэалізацыі, якія перададзены на ўзгадненне ў Міністэрства адукацыі, — адзначыла падчас круглага стала «Роўная адукацыя для ўсіх» загадчык лабараторыі спецыяльнай адукацыі НІА Вольга Хруль. — Стратэгія ў 6 раздзелах створана з улікам нацыянальнага заканадаўства, палажэнняў міжнародных дагавораў, праграм, канцэпцый. Асноўныя тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў дакуменце, прымяняюцца ў адпаведнасці з азначэннямі, дадзенымі ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і іншых нарматыўных прававых дакументах. У стратэгію ўключаны сучасныя азначэнні паняццяў «адаптацыя», «рэабілітацыя», «інклюзіўная культура», «прынцып інклюзіі ў адукацыі», «даступнасць адукацыі» і інш.
Напрыклад, у трэцім раздзеле прадстаўлены тэндэнцыі, якія адлюстроўваюць рэалізацыю прынцыпу інклюзіі ў адукацыі ў сусветнай супольнасці: прыняцце грамадствам полікультурных каштоўнасцей (талерантнасць, эмпатыя, гуманнасць) у кантэксце ўзмацнення маральных, сацыяльных сэнсаў; прыняцце разнастайнасці асаблівых адукацыйных патрэб з дапамогай рэалізацыі прынцыпу «кожнае дзіця важнае»; аказанне сістэмнай і варыятыўнай комплекснай дапамогі, забеспячэнне гнуткімі траекторыямі атрымання адукацыі; пашырэнне функцый спецыяльных (карэкцыйных) устаноў адукацыі і інш. Сусветныя тэндэнцыі вызначылі мэтавыя арыенціры абнаўлення адукацыі ў нашай краіне.
Што тычыцца напрамкаў развіцця інклюзіўнай адукацыі ў Беларусі да 2030 г., у стратэгіі яны ўключаюць удасканаленне нарматыўнага прававога, навукова-метадычнага, рэсурснага, кадравага забеспячэння, удасканаленне ацэнкі якасці адукацыі, узаемадзеяння з бацькамі, рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, грамадскімі аб’яднаннямі, іншымі зацікаўленымі.
У плане рэалізацыі стратэгіі адлюстравана больш за 100 мерапрыемстваў, якія будуць рэалізоўвацца міністэрствамі адукацыі, аховы здароўя, працы і сацабароны, Дэпартаментам кантролю якасці адукацыі, НІА, Інстытутам інклюзіўнай адукацыі БДПУ, АПА, РІВШ, РІПА і інш.
Так, навукоўцамі НІА ў найбліжэйшы час будуць навукова абгрунтаваны і сфармуляваны прапановы аб унясенні змяненняў і/або дапаўненняў у нарматыўныя прававыя акты з улікам рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі. Адбудзецца распрацоўка і апрабацыя адукацыйных стандартаў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, якія рэгламентуюць асаблівасці рэалізацыі прынцыпу інклюзіі пры засваенні адукацыйнай праграмы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі (адукацыйных праграм дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю).
— З’явяцца 4 новыя стандарты, — працягнула В. Хруль. — Стандарты дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ў гэтым годзе ствараюцца на аснове забеспячэння функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў. Мяркуем укараніць у іх модульныя кампаненты, якія адлюстроўваюць спецыфічныя вучэбныя прадметы і карэкцыйныя заняткі. Будзе ажыццёўлена распрацоўка модульных вучэбных планаў, якія забяспечваюць рэалізацыю прынцыпу інклюзіі ў адукацыі, а таксама вучэбных праграм і праграм карэкцыйных заняткаў з узмацненнем задач практычнага і сацыяльна-дзейнаснага зместу.
З 2021 г. у рамках галіновай навукова-тэхнічнай праграмы супрацоўнікамі лабараторыі спецыяльнай адукацыі НІА ствараецца навукова-метадычнае забеспячэнне фарміравання функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў з АПФР у розных сферах жыццядзейнасці. Ужо распрацаваны і прайшлі этап рэцэнзавання вучэбна-метадычныя комплексы факультатыўных заняткаў. Для навучэнцаў з АПФР створана 7 ВМК (вучэбная праграма, дыдактычныя матэрыялы, метадычныя рэкамендацыі), якія тычацца розных сфер: сенсорнае развіццё, бяспека жыццядзейнасці, камунікацыя, прафесійнае самавызначэнне, эканоміка-прававая і грамадзянска-прававая сферы.
У гэтым годзе распрацоўваецца дыягнастычны інструментарый па вызначэнні ўзроўню сфарміраванасці функцыянальнай даведчанасці ў навучэнцаў з АПФР (чытацкай, эканоміка-прававой, грамадзянска-прававой, бяспекі жыццядзейнасці і інш.). У найбліжэйшы час з’явяцца і будуць апрабаваны варыятыўныя мадэлі суправаджэння навучэнцаў з АПФР (інваліднасцю) ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Пройдуць навуковыя даследаванні па аказанні комплекснай дапамогі ва ўстановах адукацыі асобам з РАС, СДУГ. Бацькі атрымаюць навукова-метадычнае забеспячэнне па аказанні псіхалагічнай дапамогі і педагагічным суправаджэнні дзяцей, інфармацыйна-асветніцкія матэрыялы. Для педагогаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый будуць арганізаваны тэматычныя семінары і круглыя сталы.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара