«Навуковыя суботы» дапамагаюць настаўнікам Лошніцкай гімназіі зацікавіць навучэнцаў даследаваннямі

- 15:00Новости

Ужо некалькі гадоў запар Лошніцкая гімназія Барысаўскага раёна ярка адзначае Дзень беларускай навукі. Тут праходзяць “Навуковыя суботы”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Хімічныя эксперыменты, матэматычныя квесты, фізічныя флэш-мобы, навуковыя квізы, майстар-класы па стварэнні чаго заўгодна — ад рухомай гусеніцы да нанаракеты, эксперыменты — ад кулінарных да следчых і мноства іншых актыўнасцей напаўняюць “Навуковыя суботы”.

Тут не трэба вучыць правілы, штудзіраваць параграфы, зубрыць формулы — пра сілу цяжару, сілу прыцяжэння, прынцып адноснасці і іншыя з’явы куды цікавей даведвацца падчас займальных эксперыментаў. У гімназічных лабараторыях можна асвоіць і жывапіс на вадзе (эбру), маляванне шакаладам, скласці хімічны гараскоп, зразумець прынцып правядзення прамых эфіраў, навучыцца разгадваць галаваломкі і рэбусы… Падчас даследчага стэндапа можна навучыцца гатаваць бальзам для вуснаў, трансфармаваць воблака ў ваду, канструяваць робата і інш.

У найбліжэйшую “Навуковую суботу” юныя даследчыкі навучацца гатаваць зубную пасту, здабы­ваць дым без агню, папера ў іх будзе страляць, цукар — гарэць без полымя, кветкі ў вазе — мяняць колер, звычайныя агні стануць каляровымі, феерверк змесціцца ў шклянцы.

Усё тое, што настаўнікі хо­чуць расказаць гімназістам пра навуку, не ўкладваецца ў адну суботу, таму ў гэтым фармаце гімназія жыве цэлыя два дні. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце куратар даследчай работы гімназістаў Лілія Дзерваед расказвае:

— Рыхтавацца да “Навуковых субот” мы пачынаем яшчэ ў пятніцу. Навучэнцы педкласаў расказваюць пра тое, што будзе чакаць удзель­нікаў, настаўнікі праводзяць адкрытыя ўрокі па доследнай тэматыцы. На перапынках праходзяць публічныя выступленні, даследчыя пітчы, на якіх удзельнікі гімназічных даследчых цэнтраў прадстаўля­юць свае праекты. Для нашых агракласаў прой­дзе дыялогавая пляцоўка, дзе спецыяліст навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве раскажа пра новыя адкрыцці ў сферы сельскай гаспадаркі. У пятніцу мы правядзём і міні-даследаванне аднаго дня. У кожнага будзе заданне — скласці схему гатункаў яблынь школьнага саду, скласці карту сметніц пасёлка, якія не прыбіраюцца, што наносіць значны экалагічны ўрон (потым будзем звязвацца з камунальнікамі, каб выра­шыць праблему), прайсціся па вуліцах Камсамольскай, Савецкай і іншых і вызначыць іх старадаўнія назвы да перайменавання (тут былі Запруддзе, Махавіца, Базарчык і іншыя). На наступны дзень, у суботу, мы правядзём абарону гэтых даследаванняў, каб усе маглі па­чуць іх вынікі.

У гімназіі рыхтуюцца і да канферэнцыі з абаронай даследчых праектаў, над якімі дзеці ра­зам са сваімі кіраўнікамі працавалі цэлы год. Напрыклад, навучэнцы 9 і 11 класа — браты Вячаслаў і Максім Шаўкпалясы — сыграюць на пан-флейце, якую яны змайстравалі разам з настаўніцай фізікі Святланай Паўлавец. Кожная трубка флейты падабрана па тоне, каб, іграючы на інструменце, утваралася мелодыя. Гэта складана матэматычна, фізічна, патрабавала шматлікіх разлікаў, але музыканты-фізікі справіліся. З даследаваннем “Фарміраванне гукавых хваль пэўнай частаты ў музычных інструментах на прыкладзе пан-флейты” Вячаслаў атрымаў дыплом за лепшы даклад на Рэспубліканскай канферэнцыі школьнікаў, якая прайшла на гэтым тыдні ў Нацыянальнай акадэміі навук і ў якой прымалі ўдзел каля 700 юных даследчыкаў краіны.

Правядзе прэзентацыю сваёй лялькі-марыянеткі навучэнка 11 класа Ксенія Арцюх. Пасля паездкі з аднакласнікамі ў Беларускі дзяржаўны тэатр лялек яна захацела сваімі рукамі стварыць такую ж ляльку, і пры падтрымцы настаўніцы працоўнага навучання Лідзіі Царык у яе гэта атрымалася. Хто ведае, можа, гэта першы крок да стварэння ў гімназіі ўласнага тэатра лялек?

— Пятніца ў нас мае практычны характар, бо нам хочацца навучыць дзяцей праводзіць даследаванні, эксперыменты, ставіць задачы і вырашаць іх. А ў “Навуковых суботах” галоўнае — відовішчнасць, шоу, каб малодшыя дзеці, якія яшчэ не вывучаюць хімію, фізіку, зацікавіліся гэтымі дысцыплінамі, а старэйшыя паглядзелі на прывычныя рэчы іншымі вачыма, — адзначае Лілія Дзерваед.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алены САХАРАВАЙ