Ірына Міхайлаўна Садоўская, начальнік упраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама Мінскай вобласці:
–Упэўнена, што толькі захоўваючы гістарычную памяць, навучаючы нашых дзяцей гісторыі, прычым не толькі праз даты і падзеі, а і праз эмоцыі, мы зможам захаваць павагу да тых падзей, якія адбываліся на нашай зямлі дзясяткі гадоў назад. Напрыклад, для нашага рэгіёна гэта і 1812 год, для Барысаўшчыны гэта знакавы гістарычны перыяд, і падзеі пачатку ХХ стагоддзя, і, вядома, падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Я добра разумею, наколькі важную ролю тут адыгрываюць эмоцыі. Калі праз нас нешта праходзіць эмацыянальна, звычайна мы гэта ўжо не забываем.
Хачу адзначыць ролю нашых школьных музеяў, у якіх можна ўбачыць гісторыю і нават дакрануцца да яе ў прамым сэнсе. Напрыклад, сярэднія школы №№ 7, 9, 17, 18, 24 Барысава маюць выдатныя музеі па тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны. На тэрыторыі раёна функцыянуюць вайсковыя часці, з якімі мы плённа і актыўна супрацоўнічаем у сэнсе патрыятычнага выхавання вучняў.
Выдзелю таксама экскурсійную дзейнасць, якую мы максімальна выкарыстоўваем, прывозячы дзяцей на Лінію Сталіна, Курган Славы, у Хатынь, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя гэтага, Цэнтрам экалогіі і турызму Барысаўска раёна распрацаваны мясцовы гістарычна-патрыятычны маршрут “Зорачкі на карце Барысава”. Гэты праект існуе і ў інтэрактыўнай форме, з QR-кодамі, што вельмі падабаецца навучэнцам. А два гады назад быў арганізаваны конкурс сярод устаноў адукацыі па азеляненні парку імя Горкага ў Барысаве да 75-годдзя Вялікай Перамогі. У парку былі ўcталяваны тэматычныя банеры і пасаджаны клумбы, прысвечаныя розным падзеям вайны ў Беларусі: 1941 год, Беларусь партызанская, жыццё насельніцтва ў тыле ворага, вызваленне нашай краіны, Барысаў у гады вайны і г.д. Асаблівую цікавасць выклікала ў жыхароў горада інсталяцыя “Іх імёнамі названы вуліцы Барысава”.
Ужо некалькі гадоў нашы школьнікі садзяць алеі славы і міру, што таксама значна, асабліва ў Год гістарычнай памяці. Сярэдняя школа № 10 уваходзіць у праект “Школы міру”, у школе ёсць алея герояў, і мы плануем гэтую алею працягваць як алею міру.
У гімназіі № 1 Барысава распрацоўваецца праект “Годныя нашчадкі вялікай краіны Беларусі”, дзе навучэнцы збіраюць матэрыял пра свае сем’і, рыхтуюць да 9 Мая выставу фатаграфій з сямейнага альбома “Гісторыя маёй сям’і ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.
Год назад мы запусцілі праект-сторытэлінг “Гісторыя вайны ў гісторыі маёй сям’і, гісторыі Барысаўшчыны, гісторыі краіны”. Дзеці запісвалі відэаролікі па тэме. Адным з эмацыяльных момантаў было выступленне вучня сярэдняй школы № 22 Арцёма Бароўскага, які чытаў пісьмо салдата дамоў, і вучаніцы сярэдняй школы № 18 Ксеніі Кавалёвай, якая расказвала ў роліку пра свайго дзядулю. Каб выклікаць цікавасць у дзяцей, мы аб’явілі гэты праект конкурсам, пераможцу якога вызначалі па колькасці “падабаек” на сайце ўпраўлення па адукацыі. Многія дарослыя спадзяюцца, што мы можам наогул забраць дзяцей з прасторы інтэрнэту. Думаю, гэта немагчыма. Нам трэба разам з дзецьмі быць у інтэрнэце і выкарыстоўваць яго рэсурсы правільна, на карысць дзіцяці. Каб дзеці ўмелі ствараць карысныя ролікі, у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, Цэнтры экалогіі і турызму дзейнічаюць аб’яднанні юных блогераў.
Я лічу, што патрыятызм пачынаецца з сям’і. У жыццё абодвух маіх дзядуляў па-свойму ўваходзіла вайна. Дзядуля з боку таты, Вікенцій Данілавіч Лазарчык, служыў у Чырвонай Арміі, прайшоў усю вайну, вызваляў Беларусь і краіны Еўропы. Вярнуўся з вайны інвалідам, аднак яны з бабуляй выгадавалі пасля вайны шасцярых дзяцей. Двое дзяцей маёй бабулі загінулі падчас вайны, і адзіная фраза, якую яна гаварыла пра гэты час: “Гэта так страшна…” У іх доме пасяліліся немцы, а яе і семярых дзетак (мой тата нарадзіўся пасля вайны) выгналі жыць у хлеў…
Дзядуля з боку мамы, Іосіф Андрэевіч Памецька, быў забраны ў 17 гадоў у Германію. Вярнуўся дадому пасля перамогі. Яго маладосць забрала вайна.
Я ведала, што ў Расіі створаны праект “Памяць народа”, дзе можна даведацца пра лёс сваіх родных у гады вайны. Я даведалася, дзякуючы сваёй дачцэ і гэтаму праекту, што мой дзядуля Вікенцій Данілавіч Лазарчык узнагароджаны ордэнам Славы. Ён быў паранены ў Чэхаславакіі і адтуль камісаваны з фронту. Для мяне сімвалічна, што я не бачыла свайго дзядулю, мая дачка толькі чула пра свайго прадзеда, аднак ёй стала цікава даведацца пра яго ваенны лёс. Так я даведалася, што мой дзядуля не проста ваяваў — ён быў узнагароджаны за свой гераізм. Мне прыемна, што маёй дачцэ гэта было цікава. Для нас сувязь пакаленняў не перарвалася.
Запісала Наталля КАСТЭНКА.