Не забываць свае карані

- 12:22Падзеі, Сацыяльны ракурс

Студэнцкі будаўнічы атрад “Мінск­955” імя Героя Савецкага Саюза Івана Ільіча Кустава першым прыступіў да работ на аб’ектах рэканструкцыі Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.

Вельмі патрэбна моладзь

Студатрад сфарміраваны на базе штаба працоўных спраў БРСМ Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і прыме ўдзел у рэканструкцыі знакавага гістарычнага аб’екта-мемарыяла “Могілкі вёсак”. У яго склад увайшлі 10 студэнтаў БНТУ.

— Ва Усебеларускай маладзёж­най будоўлі нам прапанавалі паўдзельні­чаць у дэканаце ўніверсітэта, — расказаў камісар атрада студэнт 3 курса будаўнічага факультэта БНТУ Яўген Канаплянік. — Я ўжо меў вопыт працы ў студэнцкім будаўнічым атра­дзе, таму вырашыў далучыцца. Праца­ваць менавіта ў Хатыні хацеў па многіх прычынах. Па-першае, гэта магчы­масць правесці частку лета прадукцыйна, асвоіць карысныя навыкі і дапамагчы сваёй краіне. Па-другое, нельга забываць пра гістарычнае значэнне гэтага месца. Хатынь — мемарыяльны комплекс, які стаў сімвалам ахвяры нашага народа, таму стаўленне да яго асаблівае.

Спектр задач у будатрада даволі шырокі: дастаўка будаўнічых матэрыялаў, мантаж бэлек і бутавая кладка. Больш складаныя дзеянні, напрыклад, бетанаванне, работы на вышыні, выконваюць прафесіяналы.

— Праца, у цэлым, нескладаная, — дадаў студэнт 2 курса будаўнічага факультэта БНТУ Мікалай Гарэлаў.— Графік зручны. Да таго ж нас дастаўля­юць на аб’ект, а пасля заканчэння ­змены адвозяць назад у горад. Прыступаем да работы прыкладна апоўдні, абедаем у 3—4 гадзіны, затым працягваем выкон­ваць пастаўленую задачу прыкладна да 7 вечара.

Кіруючай арганізацыяй атрада выступіў Мінскі гарадскі камітэт БРСМ, а прымаючым бокам — ААТ “Будкомплекс”:

— Моладзь у Хатыні зараз вельмі патрэбна, — падкрэсліў галоўны інжынер ААТ “Будкомплекс” Аляксей Жукаў. — Яна будзе закрываць вялікі фронт падручных работ, а выкананне больш дакладных задач застаецца за кваліфікаваным персаналам. Мы адабралі самых лепшых студэнтаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Яны задзейнічаны ў рэстаўрацыйных работах на могілках і каля помнікаў, а таксама ва ўборцы камянёў і керамзіту.

Удзельнічаюць лепшыя

Паміж ЦК БРСМ і мемарыяльным комплексам “Хатынь” заключаны мемарандум аб супрацоўніцтве. Яго мэта— узаемадзеянне бакоў па папулярызацыі грамадзянскіх каштоўнасцей, патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні мола­дзі праз гістарычную памяць, арганізацыю вольнага часу, уцягванне юнакоў і дзяўчат у сацыяльныя валанцёрскія праекты.

— У рэканструкцыі Хатыні плану­юць задзейнічаць каля 200 студэнтаў,— расказала камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Надзея Шахоўская.— Ахвотных тра­піць на Усебеларускую мала­дзёж­ную будоўлю ў дзяржаўны мемарыяльны комплекс было шмат, аднак набор у нас абмежаваны. Работы на аб’екце арганізаваны паэтапна, у выхадныя будуць і валанцёрскія заезды. Першым прыступіў да працы студатрад БНТУ, паколькі гэты ўніверсітэт — флагман студатрадаўскага руху. Далей у рэканструкцыі возьме ўдзел брыгада з Лагойскага раёна, а пасля яе працаваць пачнуць студэнты з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова.

Сувязь з гісторыяй

Запіс у студэнцкія атрады яшчэ ідзе. Ужо праз тыдзень стартуюць іншыя рэспубліканскія працоўныя праекты, сярод якіх, акрамя Хатыні, будзе маладзёжная будоўля “БелАЭС”. Таксама ў студэнтаў будзе магчымасць папрацаваць на такіх буйных прадпрыемствах, як МАЗ і “Атлант”.

Дзяржаўнаму мемарыяльнаму комплексу “Хатынь” прысвоены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі.

— Тымі, хто тут працуе, рухае не меркантыльная, спажывецкая ціка­васць, — адзначыў першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук’янаў. — Удзельнічаючы ў рэканструкцыі гэтага аб’екта, моладзь дае выразны сігнал усёй грамадскасці, што ў Беларусі сфарміраванае маладое пакаленне, якое беражэ гістарычныя каштоўнасці, і не толькі гаворыць пра гэта, але і сваёй працай даказвае на практыцы. Мы ўдзячны кіраўніцтву нашай краіны за тое, што яно падтрымала ініцыятыву саюза моладзі прысвоіць мемарыяльнаму комплексу “Хатынь” статус Усебеларускай мала­дзёжнай будоўлі. Важна, каб у абойме нашых праектаў пастаянна знаходзіўся нейкі аб’ект, звязаны з гісторыяй. Гэта неабходна, каб моладзь не страчвала сувязь са сваімі гістарычнымі каранямі.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.