ЧАРАВАКА Іна Віктараўна,
настаўніца біялогіі гімназіі № 192 Мінска.
У 1992 годзе з адзнакай скончыла МДПІ імя А.М.Горкага па спецыяльнасці “Біялогія і хімія”. Стаж педагагічнай дзейнасці — 24 гады. Педагагічнае крэда настаўніка: “Каб мець права вучыць, неабходна пастаянна вучыцца самому”.
Намінацыя «Хімія, біялогія»
Навучанне ў школе з’яўляецца самай важнай ступенню развіцця, на якой фарміруюцца вучэбна-пазнавальныя кампетэнцыі. Гэты працэс немагчымы без развіцця лагічнага мыслення. Менавіта пры засваенні вучэбных прадметаў, у тым ліку біялогіі, у навучэнцаў фарміруецца ўменне правільна вучыцца: не завучваць на памяць, а разумець; не прымаць на веру, а правяраць, шукаць, аналізаваць, творча перапрацоўваць інфармацыю; не спрабаваць запомніць вялікі аб’ём інфармацыі, а сістэматызаваць яго, вылучаць галоўнае, рабіць высновы. Гэта становіцца магчымым, дзякуючы прымяненню спецыяльных сродкаў навучання. У педагагічнай практыцы І.В.Чаравака такім сродкам з’яўляюцца структурна-лагічныя схемы (СЛС).
Праблема выкарыстання структурна-лагічных схем даўно прыцягвае ўвагу педагогаў і псіхолагаў. Гэта звязана з тым, што такія схемы з’яўляюцца сродкам і адначасова матэрыялам для адлюстравання розных спосабаў мыслення. Даказана, што асэнсаванае запамінанне, якое грунтуецца на разуменні ўнутраных лагічных сувязей паміж часткамі матэрыялу, што вывучаецца, больш прадукцыйнае за механічнае. Матэрыял асэнсоўваецца рознымі спосабамі, і перш за ўсё вылучэннем у матэрыяле, што вывучаецца, галоўнага і яго структураванне ў выглядзе схемы. СЛС прымяняюцца педагогам на ўроках біялогіі пры тлумачэнні новага матэрыялу, пры паўтарэнні раней вывучанага, пры абагульненні і сістэматызацыі матэрыялу.
Прыёмы складання СЛС, якія выкрыстоўвае Іна Віктараўна, спрыяюць удасканальванню лагічных уменняў: вылучаць галоўнае, знаходзіць аналогіі, вызначаць прычынна-выніковыя сувязі, параўноўваць, класіфікаваць, сістэматызаваць. Вылучэнне галоўнага — гэта знаходжанне сэнсу. Каб асэнсаваць змест тэксту, неабходна навучыцца дакладна вызначаць у ім ключавыя словы. У сувязі з гэтым настаўніца выкарыстоўвае прыёмы “Ключавое слова”, “Кластар”, “Дэнататны граф”. У 10—11 класах для фарміравання ўмення вылучаць галоўнае Іна Віктараўна практыкуе прыём “Воблака слоў”, або ўзважаны спіс.
Разважанне па аналогіі — вельмі важнае ўменне, якое дае магчымасць больш лёгка і трывала засвойваць школьнікамі вучэбны матэрыял, таму што часта забяспечвае мысленны перанос пэўнай сістэмы ведаў і ўменняў ад вядомага аб’екта да невядомага.
Пошук і бачанне аналогіі дапамагае зразумець, уявіць некаторыя характарыстыкі з’явы, якія немагчыма ўбачыць, што вельмі важна для прадметаў прыродазнаўчанавуковага цыкла, адным з якіх з’яўляецца біялогія. Для развіцця гэтага ўмення ў навучэнцаў 6—7 класаў І.В.Чаравака прапаноўвае заданне выбраць карцінкі, якія адлюстроўваюць сутнасць біялагічнага працэсу, з’явы. Вельмі важна, каб карцінкі не яўна паказвалі пэўную з’яву, а фіксавалі якую-небудзь асаблівасць, тонкасць, якая выклікае ў навучэнцаў цяжкасці. У 8—9 класах Іна Віктараўна прапаноўвае адной групе навучэнцаў зашыфраваць у сімвалічных карцінках біялагічныя працэсы, а другой — раскадзіраваць іх у словы.
Прычым важна выкласці гэта ў схеме, у паслядоўнасці.
Наступным лагічным уменнем з’яўляецца знаходжанне прычынна-выніковых сувязей. Гэтае ўменне ўдасканальваецца за кошт стварэння блок-схем. Асноўныя прынцыпы іх складання — нагляднасць, лаканічнасць, структурнасць, колеравая дыферэнцыяцыя, запамінальнасць, лагічнасць, узаемасувязь асноўных тэрмінаў і паняццяў. Таксама Іна Віктараўна выкарыстоўвае прыём “Фішбоўн”, сутнасць якога — у знаходжанні прычынна-выніковых сувязей паміж аб’ектам аналізу і фактарамі, якія на яго ўплываюць. Гэты прыём дазваляе развіваць таксама навыкі работы з інфармацыяй і ўменне ставіць і вырашаць пэўныя праблемы.
Параўнанне — лагічнае ўменне, якое ляжыць у аснове меркавання пра падабенства і адрозненне аб’ектаў. Тут эфектыўна працуюць прыёмы “Кругі Вена” і “Канцэптуальная табліца”.
Прыём “Карта памяці” (у розных крыніцах можна сустрэць назвы: “Інтэлект-карта”, “Карты розуму”, “Карты ўсведамлення”, “Ментальныя карты”, “Карты ўяўленняў”, “Разумовыя карты”), як ніякі іншы, спрыяе развіццю ўмення сістэматызацыі. Пры дапамозе карт памяці веды сістэматызуюцца дзякуючы іх схематычнаму адлюстраванню. Акрамя таго, складанне карт памяці спрыяе яшчэ большаму ўцягванню навучэнцаў у адукацыйны працэс.
Практыка паказала, што сістэматычнае прымяненне розных прыёмаў стварэння структурна-лагічных схем на вучэбных занятках спрыяе ўдасканальванню ў навучэнцаў лагічных уменняў, атрыманню больш глыбокіх і трывалых ведаў у параўнанні з тымі, якія дзеці набываюць пры паведамленні настаўнікам гатовай інфармацыі.