“Неабходныя глыбіня, арыгінальнасць даследавання”

- 9:10Краязнаўства

Кожнаму краязнаўцу хочацца быць першаадкрывальнікам, знайсці невядомае, маладаследаванае, раскрыць таямніцу. Калі мэта дасягаецца — узнікае прыліў краязнаўчых сіл, хочацца яшчэ больш актыўна вывучаць родны край, далучаць да гэтай справы вучняў. Невядомае, маладаследаванае — выключна з такім краязнаўчым матэрыялам працуе яшчэ з дзяцінства настаўнік гісторыі і геаграфіі Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна загадчык двух школьных музеяў Іван Іванавіч ФЯСЕНКА.

Калі ўважліва прааналізавац­ь тэматыку вялікай колькасці краязнаўчых работ, створаных радунскімі вучнямі пад кіраўніцтвам Івана Іванавіча, то нельга не заўважыць цікавы факт: работы з традыцыйнымі назвамі накшталт “Гісторыя населенага пункта ў XVIII стагоддзі” або “Мінулае малой радзімы ў першай палове ХХ стагоддзя” не сустракаюцца. Затое ёсць іншыя, куды больш арыгінальныя! Напрыклад, “Праз прызму часу: гісторыя і лёс званоў рымска-каталіцкіх касцёлаў і капліц сучаснага Радунскага дэканата Гродзенскай дыяцэзіі”, “На ростанях стагоддзяў: гісторыя Барцянскай воласці (стараства) і яе жыхароў”, “Паходжанне айконімаў на Воранаўшчыне паводле пісьмо­вых крыніц, геаграфічных і антрапанімічных матэрыялаў”. Шмат работ прысвечана валунам, млынам, прыдарожным крыжам, сакральным мясцінам — аб’ектам, якія, безумоўна, вартыя самай вялікай увагі з боку краязнаўцаў. Вывучэнне такіх аб’ектаў дазваляе азнаёміцца не толькі з іх адметнасцямі, але і з сацыяльным, эканамічным жыццём роднага краю ў розныя эпохі. Яскравым прыкладам з’яўляецца даследаванне касцёльных званоў — гісторыя іх стварэння, мастацкая вартасць, лёс майстраў, храмаў, а таксама розныя аспекты жыцця Воранаўшчыны на працягу некалькіх стагоддзяў.

— Шмат даследаванняў пры­свечаны званам праваслаўных храмаў. Самым старадаўнім лічыцца звон, адліты ў 1583 годзе з ме­дзі Марцінам Гофманам у Коўне для царквы вёскі Моладава (Іванаўскі раён) па загадзе ўладальніка маёнтка дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Сімяона Войны ў памяць пра бацькоў. На жаль, беларускія навукоўцы пашпартызацыю званоў, якія захаваліся ў рымска-каталіцкіх храмах Беларусі, не праводзілі. Падчас даследавання мы з вучнямі звярнулі ўвагу на тое, што царкоўныя званы з’яўляюцца не толькі носьбітамі пэўнай гістарычнай інфармацыі, але і каштоўнымі помнікамі культуры беларускага народа. Даследчыкі лічаць, што званы, якія былі адліты 65 гадоў назад, — гэта ўжо помнікі мастацкага ліцця, эпіграфікі і палеаграфіі. У сваім даследаванні мы падаём звесткі аб званах не толькі ў гістарычным, але і ў эпіграфічным аспекце, — паведаміў настаўнік.

“Неабходныя глыбіня, арыгінальнасць даследавання. Гэтага, на жаль, нестае некаторым края­знаўцам. Прабягуць “па вярхах” — і далей пабеглі. Ды і тэматыка даследаванняў нярэдка традыцыйная”.

Даследаванне дазволіла ўпершыню на лакальным узроўні адлюстраваць складаныя працэсы ў фарміраванні і развіцці звонавага фонду рымска-каталіцкіх храмаў сучаснага Радунскага дэканата. Было прааналізавана фарміраванне і развіццё звонавага фонду на Воранаўшчыне, вызначаны геаграфія ліцейняў, імёны і прозвішчы майстраў (людвісараў), праведзена пашпартызацыя званоў, вызначаны іх памеры, прачытаны цікавыя надпісы. Па словах Івана Іванавіча, на старадаўніх званах надпісы не толькі сведчаць пра тое, калі і кім адліты звон. Сустракаюцца надпісы накшталт “Адганяю д’ябла”, “Я званю, адганяю гром, маланку, пошасць, сатану і злога чалавека”. Са званамі звязана і шмат павер’яў. Сярод католікаў існуе прымета: калі прысніў звон, які гайдаецца, то гэта да няшчасця, перазвон прадказвае паклёп, звон, які падае,— душэўную хваробу (псіхічную), трэснуты звон — непрыемнасць і душэўныя пакуты.

“Для пачатку нам з вучнямі неабходна было дакладна ўстанавіць у храналагічнай паслядоўнасці час заснавання каталіцкіх касцёлаў на тэрыторыі Радунскага дэканата. Справа ў тым, што даты заснавання і фундацыі некаторых касцёлаў на нашай зямлі невядомыя ці дакладна не вызначаны вучонымі, многія звесткі з’яўляюцца спрэчнымі. У даследчай рабоце ўпершыню прапаноўваецца ў храналагічнай па­слядоўнасці і шэраг раней невядомых даследчыкам звестак адносна заснавання ў нашым краі каталіцкіх касцёлаў і іх далейшага лёсу”, — паведаміў Іван Іванавіч.

На аснове пісьмовых крыніц вучні высветлілі, што ў радунскім касцёле, узведзеным у 1933 годзе, захоўваюцца чатыры званы, адлітыя ў больш ранні час. Напрыклад, звон “Рудніца” адліты ў 1764 годзе. Знойдзены быў выпадкова — адкапаны ў 1981-м падчас пракладкі цеплатрасы на месцы папярэдняга касцёла. Удалося высветліць, што сродкі для адліўкі звона ахвяраваў лідскі стражнік Ян Дзежыц. На верхняй частцы (галаве) звона маецца металічная пласціна ў выглядзе стужкі з надпісам на лацінскай мове “Ісус і Марыя аб’ядналіся ў Богу нашым, 16 красавіка 1744 г.”. На тулаве (корпусе) звона маюцца дзве металічныя бляхі з выявамі Святых Крыштафа і Казіміра. Паміж імі гербы “Любіч” і “Рудніца”. Ніжэй — надпіс на лацінскай мове: “Дапамажы Бог Яну Дзежыцу стражніку лідскаму…”. Памеры звона: дыяметр — 67 см, вышыня — 73 см.

Яшчэ адзін звон — “Вільня”. На яго галаве надпіс на лацінскай мове “Мяне зрабіў Ян Самуэль Венер у Вільні ў 1805 г.”. Памеры звона: дыяметр — 58 см, вышыня — 57 см. Самым вялікім у радунскім касцёле з’яўляецца звон “Станіслаў”, набыты ў 1927 го­дзе ксяндзом Станіславам Шчэмірскім. На звоне ў авальным таўры надпіс “Звон адліў Якуб Крушэўскі ў горадзе Венграў” (цяпер Мазавецкае ваяводства Польшчы). На полі (пашырэнне ўнізе) звона надпіс на польскай мове “Калі пачуеце мой голас, не закрывайце вашых сэрцаў”. Памеры звона: дыя­метр — 90 см, вышыня — 84 см. Вага — 450 кг. Яшчэ адзін звон, які набыў ксёндз Станіслаў Шчэмірскі, — “Ян”. У 1926 годзе яго адліў майстар Якуб Крушэўскі ў Венграве. На галаве звона надпіс па-польску “Святая ахвяра пана Яна Богдана. Ухваляйце Пана ўсе народы”. Памеры звона: дыяметр — 73 см, вышыня — 66 см. Вага — 250 кг.

Звон у Начы, адліты ў 1730 г.

“Званы, млыны, валуны, прыдарожныя крыжы — усё гэта выдатныя аб’екты для края­знаўчых даследаванняў, а таксама для правядзення экскурсій”.

Як бачым, у кожнага звона сваё арыгінальнае імя. Яно надавалася ў тым выпадку, калі ў каталіцкім храме мелася некалькі званоў, для іх адрознення. Падобныя падрабязныя звесткі прыведзены пра званы не толькі радунскага касцёла, але і храмаў у Воранаве, Волдацішках, Начы, Жырмунах, Канвелішках, Тракелях, Паляцкішках, Доцішках, Пелясе, Забалаці, Варонічах, Асаве, Беняконях, Германішках. Званы згаданых храмаў і капліц былі адліты ў людвісарнях Вільні, Кёнігсберга, Масквы, Варшавы, іншых населеных пунктаў. Дарэчы, самы старажытны звон, выяўлены на тэрыторыі Воранаўскага раёна, быў адліты ў Вільні ў 1688 годзе людвісарам Янам Дэламарсам, і знаходзіцца цяпер у касцёле вёскі Нача.

Як ужо адзначалася, у рабоце не толькі даследавана гісторыя і мастацкія каштоўнасці званоў, але і расказваецца пра сацыяльнае і эканамічнае жыццё краю, напрыклад праз апісанне жыцця людвісараў — майстроў, якія адлівалі званы. “Гэта былі паважаныя лю­дзі, бо займаліся яны складанай, але вельмі важнай і адказнай справай. Імёны многіх майстроў, якія адлівалі званы для храмаў Воранаўшчыны, захаваліся. Так, людвісар Густаў Мёрк у перыяд з 1749 па 1759 год у сваёй ліцейні ў Вільні адліў 18 званоў, у тым ліку і звон для касцёла ў вёсцы Тракелі. Гэты звон з’яўляецца сапраўдным шэдэўрам ліцейнага рамяства. Сёння ён знаходзіцца на званіцы тракельскага касцёла. Варта адзначыць, што ніхто з паслядоўнікаў Мёрка так і не змог дасягнуць такога высокага ўзроўню ў людвісарскай справе, і пасля яго смерці ліцейнае майстэрства ў ВКЛ пачало паступова прыходзіць у заняпад”, — паведаміў настаўнік.

Тракельскі звон, адліты Густавам Мёркам.

Па словах Івана Іванавіча, неабходныя глыбіня, арыгінальнасц­ь даследавання. Гэтага, на жаль, нестае некаторым краязнаўцам. Прабягуць “па вярхах” — і далей пабеглі. Ды і тэматыка даследаванняў нярэдка традыцыйная. Пра сённяшняга героя рубрыкі “Педагогі ў краязнаўстве” так не скажаш. І глыбіня даследаванняў, і разнастайнасць тэматыкі — усё гэта характэрна для краязнаўчай дзейнасці Івана Іванавіча Фясенкі. Цяпер педагог вядзе працу над папаўненнем банка даных па гісторыі вадзяных млыноў на рэках і ручаях Воранаўшчыны. “Вывучаючы млыны, можна атрымаць шмат цікавай інфармацыі. Здымкі разбураных млыноў не захаваліся, але па апісаннях, а таксама дзякуючы сустрэчам з былымі млынарамі, мы ўяўляем, як там раней працавалі людзі. А там яны не толькі малолі крупы, але, напрыклад, часалі воўну і г.д. Наогул, званы, млыны, валуны, прыдарожныя крыжы — усё гэта выдатныя аб’екты для края­знаўчых даследаванняў, а таксама для правядзення экскурсій”.

Дарэчы, аўтары работы “Праз прызму часу: гісторыя і лёс званоў рымска-каталіцкіх касцёлаў і капліц сучаснага Радунскага дэканата Гродзенскай дыяцэзіі” Лілія Вечар і Карына Коўза сталі пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) вучняў па гісторыі ў секцыі “Гісторыя — культурная спадчына і сучаснасць”. Галоўная адметнасц­ь работы — глыбіня даследавання, арыгінальнасць тэматыкі. Лёс званоў — гэта і ёсць тое невядомае, маладаследаванае, тая таямніца, якую марыць раскрыць кожны края­знавец.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва І.І.Фясенкі.